Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзесяць добрааахвотнікаў беларускага падразьдзяленьня атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды Ўкраіны


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Ордэн «За мужнасьць» ад украінскай выведкі, які раней атрымаў адзін зь беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Ордэн «За мужнасьць» ад украінскай выведкі, які раней атрымаў адзін зь беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне

Дзесяць байцоў беларускага падразьдзяленьня «Тур», якія ўваходзяць у склад 225-га асобнага штурмавага батальёна Узброеных сілаў Украіны, узнагароджаныя ўкраінскімі дзяржаўнымі ўзнагародамі, паведамляе афіцыйны тэлеграм-канал падразьдзяленьня.

Байцоў падразьдзяленьня «Тур» узнагародзілі ордэнамі «За мужнасьць», мэдалямі «Залаты крыж» і «За службу і перамогу». Імёны добраахвотнікаў, якія атрымалі ўзнагароды, не называюць зь меркаваньняў бясьпекі. Таксама не паведамляецца, на якім напрамку цяпер ваююць беларусы.

«Эвакуацыя тэхнікі з поля бою — адна з самых складаных задач на фронце. Пашкоджаная ці нерухомая браняваная тэхніка, няхай гэта будзе БМП ці танк, імгненна становіцца жаданай цэльлю для ворага. У суперніка ёсьць усе шанцы вылічыць групу эвакуацыі і нанесьці ўдар з дронаў ці артылерыі. Менавіта таму кожны выхад на эвакуацыю — гэта рызыка, які патрабуе бездакорнага выкананьня.

Узнагароды, атрыманыя байцамі, гавораць самі за сябе. Гэты доказ эфэктыўнасьці працы падразьдзяленьня, а таксама іх гатоўнасьць дзейнічаць у самых складаных умовах», — гаворыцца ў паведамленьні.

У сьнежні 2024 году ва Ўкраіне дзяржаўныя ўзнагароды ўручылі добраахвотнікам беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага. Колькасьці ўзнагароджаных і іхных прозьвішчаў полк не называў дзеля бясьпекі.

Раней шэраг байцоў палка Каліноўскага таксама былі ўзнагароджаныя дзяржаўнымі ўзнагародамі Ўкраіны ад Галоўнага ўпраўленьня выведкі і ад Міністэрства абароны Ўкраіны. Шэраг ваяроў атрымалі ўзнагароды «За мужнасьць» III ступені з рук прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага. Таксама Зяленскі пасьмяротна ўзнагародзіў званьнем Героя Ўкраіны Аляксея «Тура» Скоблю, які загінуў у баях за Кіеў.

Ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну на фронце загінулі каля 70 беларускіх добраахвотнікаў, якія ваявалі на баку Кіева.

У шэрагу ўкраінскіх гарадоў зьявіліся вуліцы ў гонар беларускіх добраахвотнікаў і палка Каліноўскага. У паселішчы Ворзель Бучанскага раёну зьявілася вуліца Ільлі «Літвіна», а ў Хмяльніцкім — вуліца і завулак Аляксея Скоблі. У Кіеве і Мукачаве вуліцы назвалі ў гонар Кастуся Каліноўскага, а ў Жытоміры зьявілася вуліца Палка імя Кастуся Каліноўскага. У гонар Міхаіла Жызьнеўскага вуліцы перайменавалі ў Жвягелі і Чарнаўцах.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG