Прымаць заявы на выраб і выдачу «пашпарта Новай Беларусі» плянуюць пачаць 26 студзеня падчас форуму «Беларусы годныя лепшага», адзначыў Марус Гудэлайціс.
Паводле Гудэлайціса, тэхнічна дакумэнт «адпавядае ўсім міжнародным стандартам», а пры ягонай распрацоўцы праводзілі кансультацыі «са спэцыялістамі эўрапейскіх структур і Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі».
«Зь ліпеня вялася праца над стварэньнем Беларускага пашпартнага цэнтру ў Вільні. Усталяванае неабходнае абсталяваньне для друку, наладжаная сыстэма збору біямэтрыі, вэрыфікацыі дадзеных. Мы надрукавалі ўзоры для рассылкі ўрадам і дадаваньня ў міжнародныя базы трэвэл-дакумэнтаў», — падкрэсьліў кіраўнік праекту.
Згаданы цэнтар, сьцьвярджае Марус Гудэлайціс, будзе гарантаваць захаваньне зьвестак заяўнікаў, бо доступ да гэтай інфармацыі «строга абмежаваны, і ніхто (у тым ліку прадстаўнікі рэжыму), ня зможа даведацца, ёсьць у чалавека гэты дакумэнт ці няма».
«Мы ўжо прайшлі некалькі праверак бясьпекі і плянуем паўнавартасны аўдыт бясьпекі з удзелам арганізацыяў, якія на гэтым спэцыялізуюцца», — паведаміў Гудэлайціс.
Тэрміны выдачы дакумэнта «залежаць ад колькасьці заявак».
Будучы статус «пашпарта Новай Беларусі», паводле яго, яшчэ «падлягае абмеркаваньню». Падарожнічаць з такім пашпартам «будзе немагчыма да ўключэньня яго ў базы трэвэл-дакумэнтаў».
7 чэрвеня намесьнік кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінэта (АПК) Валеры Кавалеўскі (сышоў у адстаўку 26 чэрвеня 2024 году) заявіў, што «далёка не кожны крок у працы над праектам пасьпяховы», але АПК «удасканальвае падыходы» да прызнаньня дакумэнта.
Пасьля абвесткі аб хуткім пачатку прыёму заявак на «пашпарт Новай Беларусі», Кавалеўскі 14 студзеня напісаў у фэйсбуку, што праект адрозьніваецца ад таго, што ён распрацоўваў, і што «складана ўявіць, каб такі пашпарт прызналі за праязны дакумэнт».
- У верасьні 2023 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, якім забараніў выдаваць і абменьваць за мяжой пасьведчаньні асобы. Атрымаць новы пашпарт цяпер магчыма толькі на тэрыторыі Беларусі. Аднак некаторыя грамадзяне ў краіну ехаць не рызыкуюць — там ім можа пагражаць турэмны тэрмін.
- Абʼяднаны пераходны кабінэт заняўся распрацоўваньнем «пашпарта Новай Беларусі», каб вырашыць праблему з адсутнасьцю сапраўдных пашпартоў для тых, хто ня можа паехаць на радзіму. На пачатку кастрычніка лідэрка беларускіх дэмакратычных сілаў Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што ўзоры пашпарта ўжо друкуюць. Аднак пазьней высьветлілася, што матэрыялы для іх толькі плянуюць закупіць.
- 28 траўня 2024 году Беларускі расьсьледніцкі цэнтар апублікаваў расьсьледаваньне пра тое, што літоўскае прадпрыемства, якое працуе над праектам «пашпарта Новай Беларусі», зьвязанае з блізкім да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсоўцам Шаўцовым. Кампанію Абʼяднанаму пераходнаму кабінэту параіў кіраўнік Геральдычнай рады, які выявіўся былым супрацоўнікам МУС. Пасьля звальненьня зь міліцыі ён езьдзіў за мяжу са сьледчым у справе аб тэракце ў менскім мэтро. 29 траўня цяпер ужо былы намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Кавалеўскі заявіў, што «кожны падрадчык і партнэр праекту „пашпарта Новай Беларусі“ пройдзе праверку».
- 7 чэрвеня 2024 году Валер Кавалеўскі заявіў, што праца над праектам працягваецца, але кожны крок не выносіцца ў публічную прастору зь меркаваньняў бясьпекі і для перадухіленьня магчымых правакацыяў.
- 3 жніўня 2024 году Сьвятлана Ціханоўская прадставіла Маруса Гудэлайціса ў якасьці дырэктара праекту «пашпарта Новай Беларусі» на канфэрэнцыі «Новая Беларусь» і паведаміла, што праект «зрушыўся зь месца».
Форум