Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У офісе прэзыдэнта Літвы ня бачаць праблем праз выкарыстаньне на «пашпарце Новай Беларусі» гербу «Пагоня»


Вокладка «пашпарта Новай Беларусі», архіўнае фота
Вокладка «пашпарта Новай Беларусі», архіўнае фота

Цяпер у Літве шэраг грамадзкіх актывістаў прасоўваюць ідэю, што беларусы ня маюць права выкарыстоўваць сымбаль «Пагоня», паколькі ён зьяўляецца часткай толькі літоўскай гісторыі.

Аста Скайсгірыце, дарадца прэзыдэнта Літвы, ня бачыць праблемы з выкарыстаньнем на «пашпартах Новай Беларусі» сымбалю «Пагоня».

«Доўгі час сымбалем Вялікага Княства Літоўскага, якое ахоплівала і цяперашнюю тэрыторыю Беларусі, быў „Віціс“. Нельга асуджаць беларусаў за тое, што яны карыстаюцца гэтым гістарычным сымбалем, бо нічога іншага ў іх, шчыра кажучы, няма», — заявіла А.Скайсгірыце BNS 16 студзеня.

Прадстаўнік фракцыі кансэрватараў у Сеймі Літвы Аўдронюс Ажубаліс заявіў, што на выкарыстаньне герба «Пагоня» павінна адрэагаваць Міністэрства замежных спраў краіны.

«Перш за ўсё, ёсьць Міністэрства замежных спраў, якое адказвае за консульскія пытаньні, і мы павінны паглядзець на гэта — калі гэта простая папера, якая нічога не будзе значыць у Літве, то мы можам прыняць гэта вельмі проста, проста ігнаруйце гэта. Але калі нехта спрабуе надаць гэтаму нейкае юрыдычнае афармленьне, то ўзьнікае пытаньне, наколькі гэта адпавядае заканадаўству нашай дзяржавы», — сказаў Ажубаліс.

Літоўскі дзяржаўны герб «Пагоня»
Літоўскі дзяржаўны герб «Пагоня»

Літоўскія СМІ пачалі ставіць гэтыя пытаньні наконт нібыта «незаконнасьці выкарыстаньня» сымбалю «Пагоня» пасьля публікацыі 14 студзеня вокладкі «пашпарту Новай Беларусі».

З нагоды макету «пашпарту», некалькі дэпутатаў-кансэрватараў, у тым ліку колішні міністар абароны Лаўрынас Кашчунас, зьвярнуліся да міністра замежных спраў Літвы Кястуціса Будрыса з просьбай забясьпечыць, каб у беларускіх дакумэнтах «не выкарыстоўваліся дзяржаўныя сымбалі Літоўскай Рэспублікі».

Беларускі герб «Пагоня»
Беларускі герб «Пагоня»

У Літве дзяржаўным гербам зьяўляецца «Пагоня» (Vytis па-літоўску. — РС). У Беларусі сымбаль «Пагоня» быў дзяржаўным гербам зь верасьня 1991 году да 1995-га, калі Аляксандар Лукашэнка правёў нелегітымны рэфэрэндум, па выніках якога гэты герб замянілі на мадыфікаваны савецкі.

Сымабль Пагоні паходзіць з часоў Вялікага Княства Літоўскага, якое зьяўляецца агульнай часткай гісторыі Літвы і Беларусі. У той жа час выявы беларускай і літоўскай выявы Пагоні адрозьніваюцца паміж сабой.

Цяпер у Літве шэраг грамадзкіх актывістаў прасоўваюць ідэю, што беларусы ня маюць права выкарыстоўваць сымбаль «Пагоня», паколькі ён зьяўляецца часткай толькі літоўскай гісторыі.

У Беларусі цяпер выкарыстаньне сымбаля «Пагоня» і бел-чырвона-белага сьцяга фактычна забаронена.

Што кажуць у офісе Ціханоўскай

Афіцыйная пазыцыя Офіса Сьвятланы Ціханоўскай, якую агучыў як дарадца Францішак Вячорка:

«Герб „Пагоня“ у такім выглядзе — гэта афіцыйны дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь у 1991-1995 годзе, заменены Лукашэнкам на варыянт савецкага герба. „Пагоня“ — таксама герб Беларускай Народнай Рэспублікі, прыняты ў 1918 годзе. Дзяржаўны герб Літвы і дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь, прыняты ў 1991 годзе, адрозьніваюцца важнымі геральдычнымі дэталямі. Герб „Пагоня“ прысутнічае на гербах беларускіх гарадоў. Лукашэнкаўскі рэжым перасьледуе за выкарыстаньне „Пагоні“. Так, у 2024 годзе больш за 50 чалавек былі за гэта пакараныя. Гэта сымбаль супраціву „Рускаму міру“ і дыктатуры».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG