Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ПіК Свабоды». «Нават тыя, хто за Лукашэнку, хочуць адлігі», — кіраўнік праекту Chatham House Рыгор Астапеня


Рыгор Астапеня, каляж
Рыгор Астапеня, каляж

Як беларускае грамадзтва ставіцца да сёлетніх выбараў? Чаго беларусы чакаюць пасьля выбараў? Як яны ставяцца да вайны ва Ўкраіне?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае кіраўнік праекту «Беларуская ініцыятыва» брытанскага Chatham House Рыгор Астапеня. У праграме «ПіК Свабоды» ён расказвае пра вынікі апошняга апытаньня гараджанаў Беларусі, праведзенага ў межах «Беларускай ініцыятывы».

— Амаль дзьве траціны апытаных маюць намер галасаваць, больш за траціну кажуць гэта пэўна. А якая матывацыя? Людзі вераць, што іх выбар на нешта ўплывае?

— Ёсьць людзі, выразна прыхільныя Аляксандру Лукашэнку, для іх усё вельмі проста. Яны ідуць на выбары, таму што ў іх ёсьць свой кандыдат; яны вераць, што ён набірае шмат галасоў, і ўпэўненыя, што дзякуючы ім ён працягне кіраваць краінай. Для многіх іншых гэта проста пытаньне грамадзянскага абавязку, жаданьне нейкім чынам уплываць на будучыню. Не абавязкова людзі думаюць, што вось тут і цяпер нешта зьменіцца, але пачуцьцё такое, што калі мы ня ходзім на выбары, дык на што мы наагул можам спадзявацца?

— Адно з пытаньняў вашага апытаньня тычылася стаўленьня да вайны ва Ўкраіне. На працягу двух з паловай гадоў гэтае стаўленьне мяняецца неістотна. Балянс — перавага нэгатыўных ацэнак дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне над пазытыўнымі. Чаму балянс такі і чаму ён не мяняецца, нягледзячы на прапаганду і на зьменлівую хаду вайны?

— Я думаю, што гэта выразна паказвае падзел, які існуе ўнутры беларускага грамадзтва. Гэта часткова зьвязана з мэдыяспажываньнем: то бок людзі, якія атрымліваюць навіны толькі з тэлевізара, часьцей падтрымліваюць расейскія ваенныя дзеяньні. Але астатнія ўсё ж ставяцца да вайны больш крытычна. Чаму лічбы не мяняюцца на працягу 2,5 года? Таму што адказы на гэтае пытаньне — гэта найперш каштоўнасны выбар. Тут прычына ў тым, што значная частка беларусаў проста не прымае вайну як такую, як сродак палітыкі. Такіх рэспандэнтаў сярод жанчын больш, чым сярод мужчын, таму што яны менш схільныя да гвалту. Стабільнасьць адказаў на гэтае пытаньне сьведчыць пра ўстойлівасьць падзелу ўнутры беларускага грамадзтва. Мы розныя часткі аднаго цэлага. І мы розныя.

— Яшчэ цікавы вынік вашага апытаньня — беларусы хочуць адлігі, аслабленьня ціску рэпрэсіўных абцугоў, прынамсі зьмякчэньня жорсткасьці. За гэта нават ладная частка адэптаў Лукашэнкі. А чаму ня надта папулярнае патрабаваньне «пакараць кожнага ворага народу»? І ці было такое ж жаданьне адлігі раней, у папярэднія гады, пачынаючы з 2021-га?

— Захад — гэта непазьбежнасьць, Захад у любым разе — сусед, зь якім нам жыць, і гэта разумеюць нават прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі. Калі пачытаць ягоную праграму, то і ён таксама гэта разумее — што Беларусь павінна мець добрыя стасункі з Захадам, калі хоча ўстойліва разьвівацца. Складаней са стаўленьнем да палітвязьняў. Прапаганда доўгі час працавала на думку, што ёсьць ворагі народу, што яны хацелі ажыцьцявіць дзяржаўны пераварот. Я думаю, што ёсьць запыт на прымірэньне, асэнсаваньне, што 2020 год быў 5 гадоў таму, а цяпер трэба «перагарнуць старонку». Нават у самой сыстэме ўлады розныя людзі знаходзяцца ў дыялёгу наконт таго, што трэба рабіць. Ёсьць там тыя, хто кажа, што трэба супакоіцца, зьменшыць рэпрэсіі, аслабіць напал супрацьстаяньня.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
  • Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
  • У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG