Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзейная і новая адміністрацыя ЗША спрыялі дамове аб спыненьні агню ў Газе


Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен

Спыненьне агню ў сэктары Газа павінна пачацца ў нядзелю, як і плянавалася, заявіў дзяржаўны сакратар Энтані Блінкен.

Прэмʼер-міністар Біньямін Нэтаньягу заявіў, што дамоўленасьць аб вяртаньні закладнікаў дасягнутая. Прэмʼер дадаў, што скліча свой Кабінэт бясьпекі пазьней у пятніцу для ўхваленьня дамоўленасьці.

Пасьля гэтага ўмовы ўгоды павінен ухваліць ізраільскі ўрад.
Нэтаньягу таксама сказаў, што даручыў спэцыяльнай апэратыўнай групе падрыхтавацца да сустрэчы закладнікаў, дадаўшы, што іхныя семʼі былі праінфармаваныя аб дасягненьні пагадненьня.

Высокапастаўлены прадстаўнік ХАМАС Ізат аль-Рышк заявіў, што групоўка трымаецца дамовы аб спыненьні агню, якая павінна набыць моц зь нядзелі, каб спыніць 15 месяцаў кровапраліцьця.

«Ня дзіва, што ў такім складаным і напружаным працэсе могуць застацца незавершаныя моманты, — сказаў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен на прэс-канфэрэнцыі ў Вашынгтоне. — Мы якраз цяпер займаемся іх устараненьнем».

Спыненьне агню ў сэктары Газа павінна пачацца ў нядзелю, як і плянавалася, заявіў дзяржаўны сакратар Энтані Блінкен.

Адзін з прадстаўнікоў Белага дома, які пажадаў застацца ананімным, паведаміў, што бакі дабіліся значнага прагрэсу ў ліквідацыі перашкод. «Думаю, усё будзе ў парадку», — сказаў ён агенцтву Reuters.

Раней прадстаўнік адзначыў, што адзіным спрэчным момантам, які застаўся, зьяўляецца пытаньне аб вызваленьні некаторых зьняволеных, якіх ХАМАС хоча ўключыць у пагадненьне.

Прадстаўнікі прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна і абранага прэзыдэнта Дональда Трампа знаходзіліся ў горадзе Доха разам з эгіпецкімі і катарскімі пасярэднікамі, дзе падпсіалі дамову аб замірэньні, піша «Голас Амэрыкі».

Ізраіль пачаў кампанію ў Газе пасьля таго, як 7 кастрычніка 2023 г. баевікі, узначаленыя ХАМАС, уварваліся ў прымежныя раёны Ізраіля, забіўшы 1200 салдатаў і цывільных асоб і захапіўшы больш за 250 закладнікаў, паводле ізраільскіх дадзеных.

Калі замірэньне будзе пасьпяхова рэалізаванае, яно пакладзе канец баявым дзеяньням, якія зьнішчылі значную частку густанаселенага сэктара Газа, забралі жыцьці больш за 46 тысяч чалавек і пакінулі без прытулку большасьць з даваенных 2,3 мільёна жыхароў анкляву (зьвесткі ад уладаў Газы).

Вайна Ізраілю з ХАМАС і «Хэзбалой». Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня менш за 260 удзельнікаў музычнага фэстывалю і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАС. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хэзбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне аб замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач сэктару Газа зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
  • 15 студзеня 2025 году стала вядома пра пагадненьне пра спыненьне агню паміж Ізраілем і ХАМАС, якое павінна пачаць дзейнічаць з 19 студзеня. Ізраільскі бок выпусьціць некалькіх зьняволеных палестынскіх арабаў, а тэрарыстычная групоўка ізраільскіх закладнікаў.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG