Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь пасьля 26 студзеня». «Ня бачу ніякіх перадумоваў для зьмяншэньня рэпрэсіяў», — Сяргей Навумчык


Юры Дракахруст (зьлева) і Сяргей Навумчык, каляж
Юры Дракахруст (зьлева) і Сяргей Навумчык, каляж

У праекце «Беларусь пасьля 26 студзеня» публіцыст і грамадзкі дзеяч Сяргей Навумчык разважае, як беларускае грамадзтва можа ачуняць ад тэрору, якой будзе палітыка Дональда Трампа адносна Беларусі і якімі для Беларусі могуць быць наступствы міру ва Ўкраіне.

— Ёсьць шмат падставаў меркаваць, што выбары 2025 году ня будуць ні свабоднымі, ні дэмакратычнымі. Таму ў гэтай праграме мы гаворым пра тое, што будзе пасьля 26 студзеня 2025 году. Праз 4 дні — інаўгурацыя прэзыдэнта ЗША. Як прыход да ўлады Дональда Трампа можа паўплываць на стаўленьне Злучаных Штатаў і Захаду ў цэлым да Лукашэнкі і дэмакратычнага руху?

— Мы ўступаем у сьвет, калі палітыку, увогуле жыцьцё вызначае не міжнароднае права, а сіла. У каго больш зброі — у таго больш сілы. А калі яшчэ ёсьць ядзерная зброя...

Байдэн днямі абсалютна слушна сказаў пра пагрозу алігархіі. Я б гэта назваў пагрозай простых, прымітыўных рашэньняў. Але гэтая пагроза ўзьнікла як вынік нерашучасьці ягонай адміністрацыі. Трамп шмат у чым — вынік гэтай нерашучасьці Байдэна, няздольнасьці прымаць сьмелыя, рызыкоўныя рашэньні там і тады, дзе і калі іх трэба прымаць.

Ну а цяпер, пасьля нерашучасьці Байдэна, мы будзем бачыць рашэньні сьмелыя, але простыя; калі хочаце, прымітыўныя. Як у бізнэсе, дзе інтарэсы больш слабых гульцоў часта проста не бяруцца пад увагу.

Што датычыцца стаўленьня Захаду да Лукашэнкі. Тое, што адбудзецца 26 студзеня, ня будзе прызнана свабоднымі і дэмакратычнымі выбарамі. Лукашэнка ня будзе прызнаны дэ-юрэ легітымным прэзыдэнтам. Гэта адназначна.

Але можа быць так, што ён будзе прызнаны кіраўніком Беларусі дэ-факта. Як, напрыклад, пасьля 1996, 2010 ці 2015 гадоў.

На сёньняшні дзень, падабаецца гэта каму ці не, апазыцыйныя сілы ў міжнародных стасунках прадстаўляе Сьвятлана Ціханоўская.

Сапраўды, узровень кантактаў з Вашынгтонам будзе меншы, і справа ня толькі ў Трампу — гэты ўзровень быў меншы апошні час, калі параўноўваць, напрыклад, з 2021 годам. А новая адміністрацыя Трампа, як я ўжо казаў, будзе рабіць буйныя крокі і гуляць з буйнымі гульцамі, па мінімуме зьвяртаючы ўвагу на суб’екты меншага памеру, кшталту Беларусі.

У Эўропе, думаю, Ціханоўская будзе мець лепшыя пазыцыі. Я ня згодны з тымі, хто кажа, што, паколькі 5-гадовы тэрмін яе паўнамоцтваў сканчаецца, дык пасьля жніўня 2025 году сувязі Ціханоўскай з эўрапейскімі структурамі зьвядуцца да нуля. Не зьвядуцца. Эўрапейскія палітыкі захочуць мець нейкі кантакт з прадстаўнікамі апазыцыі, гэтак было заўсёды.

І тут узьнікае вялікая праблема. Адразу агаваруся, што калі я кажу «Ціханоўская», маю на ўвазе ня столькі Сьвятлану Ціханоўскую, да якой захоўваю чалавечую сымпатыю, колькі структуры вакол яе. На сёньняшні дзень мы бачым манапалізм у стасунках зь міжнароднай супольнасьцю. Ведаю, што ў атачэньні Ціханоўскай не падабаецца такі тэрмін, але тым ня менш па факце — манапалізм.

Паўтараю, што на сёньня Ціханоўская абраная Захадам як прадстаўніца апазыцыі (як у свой час быў абраны Мілінкевіч) і нікога іншага Захад слухаць ня хоча (як у 2012 годзе ён не хацеў слухаць Пазьняка, слухаў толькі Мілінкевіча). Добра гэта ці дрэнна? Дрэнна, на мой погляд, бо бачная толькі адна пазыцыя, толькі адзін пункт гледжаньня. Але гэта рэальнасьць. І калі лідэры іншых рухаў, той жа Зянон Пазьняк, хочуць данесьці да Захаду сваю пазыцыю, яны павінны выкарыстоўваць для гэтага магчымасьці Ціханоўскай.

Але я скажу і іншае. Калі Ціханоўская ня зробіць крокаў у бок сваіх апанэнтаў унутры апазыцыі, не пакладзе канец гэтаму манапалізму — праз два-тры гады яе як палітычнага дзеяча ня будзе.

— Выданьне «Медуза» апублікавала матэрыял пра тое, як расейскай эліце бачыцца будучыня пасьля вайны ці прынамсі пасьля яе замарожваньня. Адзін з варыянтаў — анэксія Беларусі. Маўляў, не атрымалася захапіць Украіну, дык парадуем расейцаў далучэньнем Беларусі. Гэта рэалістычны сцэнар?

— Яшчэ ў 2022 годзе я пісаў, што Пуцін возьме Беларусь як «суцяшальны прыз» у тым выпадку, калі яму ня ўдасца ўзяць Украіну. І гэта адбылося б адназначна. Пры ўмове, што яго б з Украіны вытурылі, але ягоны рэжым застаўся б. Яму трэба было б кампэнсаваць відавочную паразу, і Беларусь 100% спыніла б існаваньне як незалежная дзяржава.

Цяпер ясна, што з Украіны яго ня выганяць, ён прадставіць будучае пагадненьне (калі яно будзе) як сваю перамогу.

Таму прычынаў хутка ажыцьцявіць анэксію Беларусі ў Пуціна будзе меней, але гэта не азначае, што Крэмль аслабіць кантроль над Беларусьсю. Наадварот.

Паколькі замірэньне будзе скарыстанае Пуціным для перафарматаваньня перад новай агрэсіяй, ужо на краіны Ўсходняй Эўропы, а Беларусь зьяўляецца тут ключавым элемэнтам хаця б з прычыны геаграфічнага становішча, ціск Масквы будзе ўзмацняцца.

І ў гэтым сэнсе перад Беларусьсю, перад намі паўстаюць вельмі цяжкія часы, бо ваенную і эканамічную экспансію Расея спалучае са зьнішчэньнем беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці.

Вось гэта можа быць сапраўды самым страшным. Бо нават страчаную незалежнасьць можна аднавіць, калі застаецца нацыя (прыклад — 1918 ці 1991 год). Калі ж нацыя зьнішчаная, былая незалежная краіна ператвараецца ў безнадзейную тэрыторыю.

— Ці будзе ступень рэпрэсіўнасьці зьмяншацца пасьля выбараў? Пакуль мы бачым калі не ўзмацненьне, дык прынамсі паглыбленьне рэпрэсіяў. А што будзе пасьля 26 студзеня?

— Я ня бачу ніякіх аб’ектыўных перадумоваў для спадзеваў на зьмяншэньне рэпрэсіяў. Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў 1994-м на падмане і шмат гадоў захоўваў уладу падманам, сілай і падтрымкай Масквы. З пэўнага часу дадаўся і страх, які сёньня апанаваў грамадзтва. І вось гэты страх — гарантыя лукашэнкаўскай улады, таму ён павінен працягваць трымаць грамадзтва ў стане пэрманэнтнага страху.

Іншая справа, што можа зьмяніцца фармат рэпрэсій, будзе менш гучных імёнаў, бо ў асноўным яны ўжо перасаджалі ўсіх, да каго маглі дацягнуцца. Але пастаянныя арышты і суды будуць працягвацца. Тут не павінна быць ніякіх ілюзій.

Ня трэба ілюзій і пра самастойнасьць грамадзянскай актыўнасьці.

Але можна толькі нізка пакланіцца тым у Беларусі, хто ў цяперашніх умовах тэрору знаходзіць спосабы пісаць і выдаваць беларускія кніжкі, ажыцьцяўляе нейкія беларускія культурніцкія ініцыятывы.

— Лукашэнка ў навагоднім віншаваньні сказаў пра «зьмену пакаленьняў у найбліжэйшы час». Потым сёлета ён некалькі разоў гэтую тэзу паўтарыў. 26 студзеня можа даць старт падрыхтоўкі да транзыту ўлады ў 2030 годзе (ці раней)?

— Мне дзіўна, калі нехта апошнія заявы Лукашэнкі пра «зьмену пакаленьняў» успрымае як сыгнал пра ягоны сыход, як намер «транзыту ўлады». Сказаць Лукашэнка можа што заўгодна. Прыгадайце, ён і пасьля жніўня 2020 году казаў, што «магчыма, крыху пераседзеў на пасадзе». І што?

Вядома, ён зацікаўлены ў «зьмене пакаленьняў» — на ўзроўні кіраўнікоў сілавых структураў, каб рэпрэсіі рабіліся больш жорстка і вытанчана, на ўзроўні эканамічных міністраў — каб яшчэ болей выцягваць сокі з народу.

Але сваёй ўлады ён не аддасьць, у гэтым сэнсе ня будзе «транзыту ўлады». Такія асобы, як Гітлер, Сталін, Лукашэнка не аддаюць уладу транзытам — да моманту, пакуль не адбываецца ўласны іх «транзыт» у іншы сьвет.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
  • Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
  • У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
  • У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
  • У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
  • Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.
  • 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG