Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зацьвердзілі Канцэпцыю сувэрэнітэту ў сфэры лічбавага разьвіцьця. Што ў ёй


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі зацьвердзілі Канцэпцыю забесьпячэньня сувэрэнітэту ў сфэры лічбавага разьвіцьця да 2030 году. Адпаведная пастанова Савета Міністраў № 1074 ад 31 сьнежня была апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 15 студзеня і набывае моц пасьля апублікаваньня.

Міністэрству сувязі Беларусі даецца тры месяцы, каб распрацаваць і зацьвердзіць плян рэалізацыі канцэпцыі.

Што маюць на ўвазе

Пад сувэрэнітэтам у сфэры лічбавага разьвіцьця ў канцэпцыі разумеецца «неад’емнае права дзяржавы кіраваць дзяржаўнай інфармацыйна-камунікацыйнай інфраструктурай і інфармацыйнымі рэсурсамі, ажыцьцяўляць над імі кантроль, абараняць свае інтарэсы, праводзіць незалежную замежную і ўнутраную дзяржаўную палітыку ў сфэры лічбавага разьвіцьця». Канцэпцыя зьяўляецца асноўнай для фармаваньня адзінай тэхнічнай і тэхналягічнай палітыкі.

Неабходнасьць забясьпечваць сувэрэнітэт Беларусі ў сфэры лічбавага разьвіцьця ў канцэпцыі тлумачыцца ў тым ліку заходнімі санкцыямі, якія абмяжоўваюць пастаўкі тавараў і паслуг сэктару інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгіяў (ІКТ), а таксама пагрозамі ўвядзеньня другасных санкцыяў у дачыненьні да гандлёвых партнэраў Беларусі. Забесьпячэньне гэтага сувэрэнітэту названа часткай абароны інфармацыйнай бясьпекі.

У чым аўтары канцэпцыі бачаць праблемы Беларусі ў лічбавай сфэры

У канцэпцыі канстатуецца, што ўзровень «лічбавай сталасьці» Беларусі, нягледзячы на прарывы па шэрагу IT-кірункаў, недастатковы.

У канцэпцыі вылучана некалькі асноўных праблем забесьпячэньня сувэрэнітэту ў лічбавай сфэры:

  • слабое разуменьне і недахопы рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сфэры лічбавага разьвіцьця ў асобных галінах эканомікі і арганізацыях;
  • розная ступень лічбавай сталасьці галін эканомікі і арганізацый;
  • нізкія тэмпы разьвіцьця эканомікі дадзеных;
  • высокая ступень выкарыстаньня арганізацыямі імпартных апаратных і праграмна-апаратных сродкаў, імпартнага праграмнага забесьпячэньня (ПЗ), неліцэнзійнага ПЗ, «адсутнасьць разуменьня ўсіх пераваг і недахопаў пры пераходзе на свабоднае ПЗ».

У дакумэнце зазначаецца, што ў лічбавай інфраструктуры Беларусі дамінуюць імпартныя праграмныя рашэньні — у выніку значныя сродкі працуюць на эканоміку іншых краін. Акрамя гэтага, праграмныя рашэньні, набытыя да санкцыяў, пазбаўляюць падтрымкі з боку пастаўшчыка, а ў шэрагу выпадкаў яны «маюць крытычнае рашэньне для вытворчых працэсаў» і іх замена немагчымая або патрабуе вялікіх затрат. Аўтары дакумэнту лічаць неабходным «дадатковае стымуляваньне з боку дзяржавы выкарыстаньня вольнага ПЗ, асабліва ва ўмовах санкцыйнага ціску».

Падобныя рызыкі адзначаюцца і для выкарыстаньня абсталяваньня замежных пастаўшчыкоў, якое працуе ў большасьці інфармацыйных сыстэм і рэсурсаў дзяржаўных арганізацый.

У канцэпцыі канстатуюць, што ІКТ-сэктар Беларусі ня можа цалкам задавальняць запыты дзяржаўнага сэктару, у тым ліку праз тое, што яго профіль не адпавядае патрэбам галінаў. Адзначаецца, што дзейнасьць рэзыдэнтаў ПВТ была «галоўным чынам арыентаваная на экспарт тавараў і паслуг», тым часам дзяржаўныя арганізацыі сутыкнуліся з адсутнасьцю айчынных аналягаў замежных апэрацыйных сыстэм і сыстэм кіраваньня базамі дадзеных і інш.

У дакумэнце адзначаецца, што ў Беларусі не сфармаваныя ўмовы для ўтрыманьня айчынных распрацоўнікаў. Рынак ІКТ, на думку аўтараў канцэпцыі, «манапалізаваны замежным кампаніямі».

Беларуская сыстэма падрыхтоўкі кадраў у сфэры ІКТ, паводле аўтараў канцэпцыі, таксама адстае ад патрэбаў лічбавай эканомікі.

Асноўнымі пагрозамі сувэрэнітэту ў лічбавай сфэры ў канцэпцыі названыя:

  • тэхналягічная залежнасьць адных дзяржаваў ад іншых,
  • недастатковы ўзровень разьвіцьця і выкарыстаньня айчынных інфармацыйных тэхналёгіяў,
  • магчымасьць увядзеньня абмежаваньняў на набыцьцё высокатэхналягічнай прадукцыі і тэхналёгіяў,
  • недастатковая інтэнсіўнасьць працэсаў стварэньня і нізкі ўзровень укараненьня айчынных лічбавых распрацовак,
  • кадравае забесьпячэньне, нездавальняючае для эфэктыўнага фармаваньня лічбавай эканомікі, нядобрасумленная палітыка замежных ІТ-гігантаў на нацыянальных рынках,
  • недастатковае дзяржаўнае рэгуляваньне абароту і камэрцыялізацыі дадзеных, працэсаў іх трансьмежнай перадачы.

Якія рашэньні прапануюць

Забесьпячэньне сувэрэнітэту ў лічбавай сфэры аўтары канцэпцыі бачаць праз рашэньне задач па наступных кірунках:

  • фармаваньне нарматыўнай прававой базы (стварэньне актаў, якія будуць рэгуляваць прыярытэтнае выкарыстаньне айчыннага ПЗ, яго стварэньне, распаўсюд і тэхнічную падтрымку, а таксама выкарыстаньне свабоднага ПЗ і вызначэньне катэгорый дадзеных, апрацоўка якіх абавязкова ажыцьцяўляецца выключна на тэрыторыі Беларусі);
  • прыняцьце неабходных арганізацыйна-распарадчых захадаў у сфэры лічбавага разьвіцьця;
  • разьвіцьцё нацыянальнай ІТ-індустрыі ў частцы распрацоўкі айчыннага ПЗ;
  • разьвіцьцё прамысловага патэнцыялу для распрацоўкі і вытворчасьці высокатэхналягічнай прадукцыі (мікра- і радыёэлектроніка, апаратныя і праграмна-апаратныя рашэньні);
  • стымуляваньне навукова-дасьледчага сэктару як асновы для разьвіцьця айчынных ІКТ; разьвіцьцё кадравага патэнцыялу;
  • фармаваньне ІКТ-інфраструктуры, якая забясьпечвае лічбавую стабільнасьць, неабходныя ўмовы для стварэньня і выкарыстаньня лічбавых тэхналёгіяў пры неспрыяльных вонкавых узьдзеяньнях.

Таксама для вырашэньня задач у сфэры лічбавага сувэрэнітэту аўтары канцэпцыі прапануюць разьвіваць імпартазамяшчэньне крытычна важных інфармацыйна-тэхналягічных рашэньняў, забясьпечваць спрошчаны доступ да міжнародных прамых і вэнчурных інвэстыцыяў, падтрымліваць міжнародныя праекты лічбавага разьвіцьця з дружалюбнымі краінамі і ў рамках інтэграцыйных абʼяднаньняў і інш.

У канцэпцыі таксама пералічаныя задачы, рашэньне якіх павінна паспрыяць разьвіцьцю нацыянальнай індустрыі ў частцы распрацоўкі ПЗ, разьвіцьцю прамысловага і кадравага патэнцыялу і інш.

Чаго чакаюць у выніку

Вынікам рэалізацыі палажэньняў канцэпцыі, на думку яе аўтараў, павінны стаць сярод іншага «высокая ступень лічбавізацыі сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня, эканомікі, сацыяльнай сфэры», «мінімізацыя рызык санкцыйнага ціску», «высокі ўзровень ІТ-кампэтэнцый кіраўнікоў і работнікаў незалежна ад сфэры дзейнасьці арганізацыі», «лічбавая адукаванасьць насельніцтва» і інш.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG