Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары-2025: Гайдукевіч выступіў супраць вулічных пратэстаў, Канапацкая — за парлямэнцкую рэспубліку


Ганна Канапацкая, архіўнае фота
Ганна Канапацкая, архіўнае фота

Кандыдаты ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь працягваюць свае выступы ў прэсе, прадстаўляючы праграмы. Аляксандар Лукашэнка раней адмовіўся ад выступленьняў. Шэраг міжнародных палітыкаў і арганізацый заяўляе пра непрызнаньне будучых выбараў з прычыны недэмакратычнасьці іх арганізацыі.

Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар.

З 1996 году ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі празрыстай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

Канапацкая пра дэпапуляцыю і гендар

У сваёй перадвыбарнай праграме, зачытанай на дзяржаўным радыё спачатку на беларускай, а затым на расейскай мовах, Ганна Канапацкая адзначыла, што Беларусь апынулася ў «коле ворагаў» і пакутуе ад дэпапуляцыі і адтоку працоўнай сілы. Яна прызнала, што тысячы беларусаў за апошнія гады пакінулі краіну, і цяпер трэба змагацца за іх вяртаньне дамоў.

У падзеях, якія адбыліся ў Беларусі, Канапацкая абвінаваціла «вонкавыя сілы», але не сказала, якія менавіта.

Яна адзначыла, што ў выпадку абраньня на пасаду прэзыдэнта будзе змагацца за аднаўленьне насельніцтва краіны. У Эўразьвязе, на думку палітыка, Беларусь у гэты момант ніхто не чакае, а далучэньне Беларусі да Расеі, згодна зь ейнымі словамі, не патрэбнае ні беларусам, ні расейцам.

Канапацкая падкрэсьліла, што выбіраць прэзыдэнта беларусы маюць паводле здольнасьцяў і ўменьняў кандыдатаў, а не паводле іхнай гендарнай прыналежнасьці. Адпаведна, яна ня лічыць, што пол кандыдата павінен неяк уплываць на выбар народу.

Асобна Канапацкая адзначыла, што ставіць сваёй задачай прывядзеньне Беларусі да ладу дзяржаўнага ўладкаваньня ў форме парлямэнцкай рэспублікі.

Гайдукевіч пра вулічныя пратэсты

Адным з ключавых пунктаў праграмы Алега Гайдукевіча, названай «За моцную Беларусь!», стаў пасыл супраць вулічных пратэстаў. Ён лічыць, што ў 2020 годзе Беларусь «хацелі проста зьнішчыць, падмяніўшы выбары каляровай рэвалюцыяй, хаосам і вайной».

У праграме ён выступае за правядзеньне выбараў дэпутатаў усіх узроўняў па прапарцыйна-мажарытарнай сыстэме, а ня толькі па аднамандатных акругах.

Палітык адзначыў, што ягоная Лібэральна-дэмакратычная партыя выступае за прапаганду «культу сям'і ў грамадзтве», а таксама адзначыў, што ў Беларусі неабходна «на заканадаўчым узроўні абмежаваць удзел у выбарах палітыканаў, некампэтэнтных палітыкаў, здраднікаў і прадстаўнікоў пятай калёны». Аднак не адзначыў, як менавіта палітыкаў павінны адносіць або да названых групаў, або да сумленных.

Таксама ў праграме Гайдукевіча на выбары «яшчэ большае спрашчэньне падатковага заканадаўства, лібэралізацыя ў сфэры адказнасьці за эканамічныя злачынствы, за выключэньнем крадзяжоў дзяржаўнай маёмасьці, карупцыйных злачынстваў і спробаў вываду грошай за мяжу».

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
  • Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
  • У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
  • У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
  • У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
  • Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.
  • 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG