Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ў перадвыбарнай праграме абяцае «аднавіць дыялёг з Захадам», Хіжняк гаворыць пра «пераемнасьць і стабільнасьць»


Падчас збору подпісаў за Лукашэнку ў Менску, 10 лістапада 2024 году
Падчас збору подпісаў за Лукашэнку ў Менску, 10 лістапада 2024 году

Дзяржаўныя газэты апублікавалі перадвыбарныя праграмы ўсіх кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі, якія пры Лукашэнку носяць несвабодны і недэмакратычны характар. Зьявіліся праграмы Аляксандра Лукашэнкі, Аляксандра Хіжняка і Алега Гайдукевіча.

Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій. З 1996 году ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

Перадвыбарная праграма Аляксандра Лукашэнкі пад назвай «Час выбраў нас» нічым істотна не адрозьніваецца ад ягоных перадвыбарных абяцаньняў мінулых гадоў.

У сваёй праграме Лукашэнка заклікае выбарнікаў аб'яднацца для абароны Беларусі «ад вонкавых і ўнутраных пагрозаў» і зноў пужае магчымасьцю «агрэсіі і ўварваньня ў Беларусь». У сувязі з гэтым у праграме гаворыцца пра ўдасканаленьне Ўзброеных сілаў, разьвіцьцё вытворчасьці ўзбраеньня і супрацоўніцтва з Расеяй «для забесьпячэньня надзейных гарантыяў абароны».

Акрамя курсу на паглыбленьне партнэрства з Расеяй, Кітаем і дзяржавамі «далёкай дугі», Лукашэнка абяцае «накіраваць намаганьні на аднаўленьне дыялёгу з Захадам і нармалізацыю адносінаў з суседзямі».

У праграме Лукашэнка зноў абяцае «захаваць нязьменнымі прынцыпы сацыяльнай палітыкі ў адукацыі і мэдыцыне, падтрымку мацярынства, дзяцінства, пажылых людзей і людзей з абмежаванымі магчымасьцямі», палепшыць інфраструктуру населеных пунктаў, зрабіць даступным жыльлё, павысіць якасьць мабільнай сувязі і інтэрнэту, абяцае «новыя тэхналёгіі, канкурэнтаздольныя вытворчасьці, высокую якасьць, нулявую бюракратыю і канчатковае выкараненьне карупцыі» і інш.

Старшыня праўладнай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці Аляксандар Хіжняк у сваёй праграме пад лёзунгам «Беларусь 2030: пераемнасьць, стабільнасьць, разьвіцьцё» адзначае, што цяпер Беларусь сутыкаецца «з многімі зьнешнімі і ўнутранымі выклікамі і праблемамі», і прапануе шэраг крокаў, якія, на ягоную думку, могуць палепшыць сытуацыю. Прапановы Хіжняка нічым радыкальна не адрозьніваюцца ад абяцаньняў цяперашніх уладаў Беларусі.

«Пераемнасьць — у захаваньні дасягнутага. Стабільнасьць — у забесьпячэньні мірнага і камфортнага жыцьця. Разьвіцьцё — ва ўстойлівым руху наперад», — гаворыцца ў праграме Хіжняка.

«Найважнейшым прыярытэтам» Хіжняк называе захаваньне тэрытарыяльнай цэласнасьці і незалежнасьці Беларусі. Ён прапануе «разьвіваць магчымасьці» тэрытарыяльнай абароны, «умацоўваць кадравы патэнцыял» Узброеных сіл, праваахоўнікаў і сілавікоў, паляпшаць умовы іх службы, забясьпечыць кібэрбясьпеку.

У сацыяльнай сфэры Хіжняк прапануе павысіць мінімальную аплату працы, пашырыць магчымасьці для навучаньня і працы пажылых людзей і людзей з інваліднасьцю і інш. Хіжняк прапануе льготы і рознага кшталту падтрымку моладзі, а таксама дзяржаўную падтрымку семʼяў зь дзецьмі.

Сярод прапановаў Хіжняка — адраджаць вёску, палепшыць інфраструктуру і якасьць паслуг на вёсцы і ў малых гарадах. У эканоміцы Хіжняк прапануе арыентавацца на інавацыйныя падыходы і тэхналёгіі, павялічыць колькасьць прамысловых і тэхнапаркаў, падтрымліваць ініцыятыву малога і сярэдняга бізнэсу па разьвіцьці нацыянальных і рэгіянальных брэндаў і інш. У адукацыі ён прапануе разьвіваць навучаньне ў сфэры тэхналёгіяў, субсыдаваць падрыхтоўку кадраў на вытворчасьці, забясьпечыць інтэграцыю навукі і бізнэсу. Таксама Хіжняк плянуе ўмацоўваць міжнароднае супрацоўніцтва, разьвіваць культурны абмен, дамагацца адмены санкцыяў і інш.

Кіраўнік праўладнай Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч у сваёй перадвыбарнай праграме «За моцную Беларусь!» раскрытыкаваў падзеі 2020 году і выступіў супраць вулічных пратэстаў. На думку Гайдукевіча, у 2020 годзе Беларусь «хацелі проста зьнішчыць», таму, паводле яго, неабходна «на заканадаўчым узроўні абмежаваць удзел у выбарах палітыканаў, некампэтэнтных палітыкаў, здраднікаў і прадстаўнікоў пятай калёны».

У сваёй праграме Гайдукевіч, які зьяўляецца прыхільнікам Аляксандра Лукашэнкі, абяцае падтрымку войска і сілавікоў, беларускай культуры і мастацтва, традыцыйнай царквы, выступае за «прапаганду культу сям’і» і «беларускіх традыцыйных каштоўнасьцяў». Ён лічыць неабходным «жорстка рэагаваць на любыя спробы ўмяшаньня ва ўнутраныя справы» Беларусі, абяцае актыўна падтрымліваць інтэграцыйныя працэсы на постсавецкай прасторы і вітае супрацоўніцтва з «краінамі далёкай дугі».

У праграме, сярод іншага, гаворыцца пра павелічэньне даходаў насельніцтва, спрашчэньне падатковага заканадаўства, прыцягненьне інвэстыцыяў, «лібэралізацыю ў сфэры адказнасьці за эканамічныя злачынствы» і інш. Гайдукевіч падтрымлівае намаганьні дзяржавы па захаваньні прамысловых прадпрыемстваў, разьвіцьцё «фэрмэрскай ініцыятывы» і «прыватнага аграсэрвісу», а таксама «малы і сярэдні бізнэс у сфэры навукі і вытворчасьці».

Раней свае праграмы прэзэнтавалі Ганна Канапацкая і Сяргей Сыранкоў.

Ніводзін з кандыдатаў у час збору подпісаў і ў час выступаў на тэлевізіі і радыё не крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку і не прапаноўваў выбраць прэзыдэнтам новага чалавека.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
  • Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
  • У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG