Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы аб праграмах кандыдатаў: «З дыскрымінацыяй і бяз мэты перамагчы на выбарах»


Агітацыйная кампанія, ініцыяваная ўладамі перад пачаткам збору подпісаў за Лукашэнку
Агітацыйная кампанія, ініцыяваная ўладамі перад пачаткам збору подпісаў за Лукашэнку

Ініцыятыва «Праваабаронцы за свабодныя выбары» правяла аналіз праграмаў кандыдатаў на прэзыдэнта.

Высновы наступныя: на выбарах ніхто не аспрэчвае пазыцыі Аляксандра Лукашэнкі, ніводзін кандыдат ня кінуў выкліку фактычнаму кіраўніку дзяржавы. А некаторыя кандыдаты адкрыта парушаюць закон.

У Беларусі з 1 па 25 студзеня праходзіць агітацыйны этап выбарчай кампаніі. Кандыдаты могуць праводзіць перадвыбарную агітацыю ў пэўных формах, напрыклад шляхам вырабу і распаўсюду агітацыйных матэрыялаў, правядзеньня масавых мерапрыемстваў (сходаў па-за памяшканьнямі, мітынгаў і пікетаваньня), правядзеньня сустрэч з выбарнікамі, выступаў у сродках масавай інфармацыі.

Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар. У Беларусі не засталося афіцыйна зарэгістраваных апазыцыйных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый.

Агітацыйны этап у Беларусі праходзіць неактыўна і непрыкметна, адзначаюць праваабаронцы. Але кандыдаты прадстаўляюць выбарнікам свае праграмы. У адпаведнасьці з законам, ім забараняецца прапагандаваць сацыяльную, расавую, нацыянальную, рэлігійную або моўную перавагу, якая выяўляецца ў падбухторваньні да дыскрымінацыі, варожага стаўленьня або гвалту.

Тым ня менш, як заўважылі юрысты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», некаторыя кандыдаты ў сваіх праграмах парушылі гэтую антыдыскрымінацыйную норму.

Юрысты нагадваюць, што агітацыя — важны этап выбарчага працэсу, падчас якога кандыдаты атрымліваюць магчымасьць выкласьці свае перадвыбарныя праграмы і палітычныя погляды, а таксама свае дзелавыя і асабістыя якасьці, каб заваяваць любоў і падтрымку выбарнікаў і пасьля перамагчы на выбарах.

«Аднак у некаторых кандыдатаў няма мэты перамагчы на выбарах, пра што і заяўляецца ў перадвыбарнай праграме. Напрыклад, Сяргей Сыранкоў заявіў, што „ідзе на выбары не замест, а разам з прэзыдэнтам Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам“», — зазначылі юрысты.

Акрамя таго, як заўважыла ініцыятыва, у праграмах некаторых праўладных кандыдатаў зьмяшчаюцца прыкметы варожасьці і дыскрымінацыі.

«Напрыклад, кандыдат Сыранкоў плянуе „ўвесьці крымінальную адказнасьць за прапаганду і практыку ЛГБТ“, а таксама „паглыбіць ачышчэньне сыстэмы ня толькі дзяржавы, але і ўсяго грамадзтва ад пярэваратняў, якія займаюць адказныя пасады …“».

Алег Гайдукевіч прапануе «на заканадаўчым узроўні абмежаваць удзел у выбарах некампэтэнтных палітыкаў, здраднікаў, прадстаўнікоў пятай калёны». Такім чынам падкрэсьлівае, што калі стане прэзыдэнтам, то ўвядзе неабгрунтаваныя і дыскрымінацыйныя патрабаваньні, якія абмяжоўваюць у выбарчых правах некаторыя пласты насельніцтва Беларусі».

Экспэртная місія назіраньня за выбарамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь 26 студзеня 2025 году ладзіцца Праваабарончым цэнтрам «Вясна» і Беларускім Хэльсынскім камітэтам. Кампанія мае на мэце ацэньваць выбарчы працэс з пункту гледжаньня беларускага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, інфармаваньне беларускай грамадзкасьці і міжнароднай супольнасьці аб ходзе падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў, а таксама аб выніках назіраньня.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
  • Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
  • У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG