Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters, у распараджэньні якога ёсьць копія дакумэнту. Краіны прапануюць забараніць імпарт любога расейскага газу — як трубаправоднага, так і звадкаванага.
У якасьці альтэрнатывы поўнай забароны прапануецца паступовае зьніжэньне імпарту ў адпаведнасьці са стратэгіяй RePowerEU, якая была прынятая Эўразьвязам у 2022 годзе. Яна прадугледжвае, што ЭЗ цалкам адмовіцца ад расейскага газу да 2027 году, перайшоўшы да іншых пастаўшчыкоў, а таксама пашырыўшы выкарыстаньне аднаўляльных крыніц энэргіі. Аднак аўтары дакумэнту патрабуюць па магчымасьці паскорыць гэты працэс.
Дакумэнт падпісалі Літва, Латвія, Эстонія, Данія, Чэхія, Польшча, Румынія, Швэцыя, Ірляндыя і Фінляндыя.
Улады Эўразьвязу рыхтуюць чарговы, 16-ы пакет эканамічных санкцый супраць Расеі. Яго плянуюць аб’явіць у канцы лютага — да трэцяй гадавіны пачатку поўнамаштабнага ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.
Эўразьвяз ужо забараніў пастаўкі расейскага газу морам, але ня змог цалкам адмовіцца ад трубаправоднага газу, паколькі ад яго залежаць некаторыя эўрапейскія краіны, у прыватнасьці Славакія і Вугоршчына. Іх улады неаднаразова крытыкавалі санкцыйную палітыку ЭЗ і заклікалі да збліжэньня з Крамлём.
Форум