Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самая вялікая параза міністра Латушкі. Як у Менску зьнесьлі першую электрастанцыю


Ілюстрацыйнае фота. Адзін з апошніх здымкаў будынку першай менскай электрастанцыі, 2011 год
Ілюстрацыйнае фота. Адзін з апошніх здымкаў будынку першай менскай электрастанцыі, 2011 год

Электрычнае асьвятленьне ў Менску зьявілася 130 гадоў таму — 12 студзеня 1895 году дзякуючы графу Чапскаму, які запусьціў у горадзе першую электрастанцыю, пабудаваную ў нэагатычным стылі. Расказваем гісторыю будынку, зьнішчанага ў 2011-м. 

Роўна 130 гадоў таму, 12 студзеня 1895 году, у Менску пачала працаваць электрастанцыя. Яна перажыла першую і другую ўсясьветныя войны. Але не змагла ўстаяць пад націскам маштабнага камэрцыйнага праекту. Расказваем яе гісторыю.

Ініцыятыва графа Чапскага

Усё пачалося з таго, што ў 1873 годзе ў Менску правялі водаправод, а на правым беразе Сьвіслачы, на Захар’еўскай вуліцы (сучасным праспэкце Незалежнасьці — РС) пабудавалі вадапомпавую станцыю. Яе вежа стаяла ў гарадзкім сквэры, на рагу Захар’еўскай і Скобелеўскай (сучаснай Чырвонаармейскай. — РС).

У 1892 годзе гарадзкая ўправа з ініцыятывы менскага губэрнатара Караля Гутэн-Чапскага разгледзела пытаньне аб увядзеньні ў Менску электрычнага асьвятленьня. Было вырашана ўсталяваць у будынку «водакачальні» дынама- і паравыя машыны. Праз два гады закупілі абсталяваньне для электраасьвятленьня.

Першы ток электрастанцыя дала 12 студзеня 1895 году. Фактычна з таго дня ў Менску зьявілася сталае электрычнае сьвятло. Падзея гэтая была надзвычай важная — на той момант электрастанцыі ў Расейскай імпэрыі існавалі толькі ў Санкт-Пецярбургу, Маскве і Кіеве. Першая ж электрастанцыя ў сьвеце зьявілася ў Лёндане ў 1882 годзе.

Менск пачатку 20 стагодзьдзя. На старым фота ўжо відаць драты і слупы ліній электраперадач, якія цягнуліся ад першай электрастанцыі
Менск пачатку 20 стагодзьдзя. На старым фота ўжо відаць драты і слупы ліній электраперадач, якія цягнуліся ад першай электрастанцыі

У 1904–1905 гадах будынак менскай вадаправодна-электрычнай станцыі быў капітальна перабудаваны, але дакумэнтаў пра гэта не захавалася. У 1912 годзе ўсталявалі новую дынама-машыну і дызэль магутнасьцю 500 конскіх сілаў, частку паветраных правадоў замянілі на падземныя кабэлі. Да 1913 году максымальная магутнасьць менскай электрастанцыі дасягнула 1100 кВт, яна стала найбуйнейшай на тэрыторыі тагачаснай Беларусі.

У 1922 годзе на ёй працавалі 113 рабочых і 45 служачых. На 1926 год электрастанцыя выпрацоўвала больш за 3000 кВт і забясьпечвала электрычнасьцю ўвесь Менск. Менчукі ёю ганарыліся: па нядзелях з 13-й да 15-й гадзіны сюды можна было прыйсьці на экскурсію.

Месца, дзе стаяла першая электрастанцыя Менску, 1950-я гады.
Месца, дзе стаяла першая электрастанцыя Менску, 1950-я гады.

Захавалася ў Другую ўсясьветную

Падчас Другой усясьветнай вайны будынак першай гарадзкой менскай электрастанцыі захаваўся. У 1944–45 гадах быў распрацаваны праект аднаўленьня гідраэлектрастанцыі. У 1954 годзе комплекс будынкаў першай гарадзкой электрастанцыі перадалі Камітэту па фізкультуры і спорту. Пачалася рэканструкцыя — тут меркавалася зрабіць Дом фізкультуры з шматлікімі спартовымі залямі, разьдзявальнямі.

У гістарычнай даведцы пра гісторыка-культурную каштоўнасьць «Комплекс будынкаў былой электрастанцыі», падрыхтаванай у 2020 годзе, адзначаецца: «Рэканструкцыя... сказіла першапачатковае аблічча будынку, павялічыла яго аб’ём. Былі страчаныя элемэнты нэагатычнага архітэктурнага дэкору, характэрныя для збудаваньняў прамысловага тыпу пачатку XX ст.».

Будоўля імітацыі фрагмэнтаў электрастанцыі, 2022 год
Будоўля імітацыі фрагмэнтаў электрастанцыі, 2022 год

Тым ня менш некалькі будынкаў комплексу ўвайшлі ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў як нэагатычная індустрыяльная архітэктура. Дасьведчаная крыніца з архітэктарскага асяродзьдзя на ўмовах ананімнасьці расказала Свабодзе, у чым унікальнасьць электрастанцыі.

«Гэта раён Менску, які ацалеў, ня быў зьнесены. Да таго ж там гераічны ўчынак партызаны зьдзейсьнілі. Электрастанцыя была проста аўтэнтычная, сапраўдная. Яна сувымерная — распрацоўшчыкі пасьляваеннага горадабудаўнічага ансамбля ўлічылі і яе габарыты. Станцыя была часткай комплексу з цыркам. Але там жа яшчэ адзін помнік зьнесьлі — двухпавярховы дом для супрацоўнікаў станцыі пачатку ХХ стагодзьдзя, які пазьней стаў гатэлем для артыстаў цырку. Ён таксама быў помнікам архітэктуры. Будынак цікавы — з дэкорам у стылі арт-дэко. Яго, канечне, трэба было рэстаўраваць, але яго зьнесьлі. А потым ужо і электрастанцыю зьнесьлі», — расказаў суразмоўца.

Адзін з апошніх фатаздымкаў гістарычнага будынку менскай электрастанцыі, 2011 год
Адзін з апошніх фатаздымкаў гістарычнага будынку менскай электрастанцыі, 2011 год

«Ідзіце адсюль...»

Грамадзкасьць забіла трывогу яшчэ ў 2009 годзе — Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры накіравала ліст Аляксандру Лукашэнку з просьбай перагледзець пляны будоўлі ў Менску высотнага гатэля «Кемпінскі» ў межах вуліц Янкі Купалы, праспэкту Незалежнасьці і ракі Сьвіслачы.

Павал Латушка, які ў той час займаў пасаду міністра культуры, расказаў Свабодзе, што на нараду ва Ўпраўленьне па ахове гісторыка-культурнай спадчыны прыходзілі маскоўскія архітэктары, нанятыя кампаніяй Юрыя Чыжа, якая будавала гатэль. І Мінкульт выказаў свае ўмовы: першая — захаваньне комплексу будынкаў электрастанцыі, другая — каб узровень будынку гатэля, які меркавалася ўзьвесьці за электрастанцыяй, ня быў вышэйшы за іншыя пабудовы на праспэкце Незалежнасьці.

У 2010 годзе да міністра Латушкі на размову прыходзіў сам Юры Чыж; ён узначальваў Фэдэрацыю барацьбы, якая па іроніі лёсу месьцілася якраз у тым будынку. А потым адбылася нарада ў Савеце Міністраў, на якую запрасілі міністраў спорту, энэргетыкі, культуры і намесьніка старшыні Менгарвыканкаму. Быў ужо падрыхтаваны праект указу Лукашэнкі аб узьвядзеньні фактычна ў зялёнай зоне вялікага комплексу будынкаў з гатэлем, офісамі, жылым комплексам. Праводзілі гэтую нараду два віцэ-прэм’еры — Уладзімер Патупчык і Віктар Бура, узгадвае Павал Латушка.

Міністры спорту і энэргетыкі адразу ўхвалілі праект указу. Намесьнік старшыні Менгарвыканкаму змагаўся доўга, але таксама зь ім пагадзіўся.

«Маёй думкі яны нават не спыталіся. Бура кажа: „Хадзем да прэм’ер-міністра“. Зайшлі ў кабінэт Сідорскага, і Бура адразу дакладае, што, маўляў, тут праблема, міністар культуры адмаўляецца ўзгадняць знос электрастанцыі. На што прэм’ер адказаў вельмі коратка і вельмі нэгатыўна: „Ідзіце адсюль...“ Як тут літаратурна сказаць... Шматкроп’е. Бура спрабаваў пярэчыць. На што Сідорскі паўтарыў: „У мяне ёсьць даручэньне Лукашэнкі, і вы павінны выканаць яго“. І паўтарыў: „Ідзіце адсюль...“

Мы выйшлі ўтрох у калідор, і Бура, зьвяртаючыся да Патупчыка, кажа: „Латушка ж ня тое што ня можа завізаваць, ён проста ня хоча візаваць!“ На што я адказаў: „Адзінае, што мяне вельмі радуе, што на „шматкроп’е“ паслалі ня толькі мяне, але і двух віцэ-прэм’ераў“. Я не завізаваў гэты праект указу», — сьцьвярджае Павал Латушка.

Пазьней прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі выказаў жаданьне паглядзець на тую электрастанцыю, патэлефанаваў міністру культуры, і яны сустрэліся на аб’екце.

«Сідорскі кажа: „Ну што гэта за помнік?“ Я адказваю: „Паглядзіце на фасад будынку, гэта ж готыка!“ На жаль, ён зноў выкарыстаў такую лексыку, якую паўтараць не хацелася б. І адназначна даў зразумець, што тут ня можа быць ніякіх дыскусій і будынак павінен быць зьнесены. Я неаднаразова казаў і прэм’еру Сідорскаму, што ва ўсім эўрапейскім сьвеце будынкі першых электрастанцый захоўваюць як помнікі. Там можна зрабіць музэй, кавярню, але я размаўляў са сьцяной — яны ня чулі гэтага», — узгадвае Латушка.

Самая вялікая параза

Павал Латушка расказаў і пра сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з таленавітай моладзьдзю, якая адбылася ў Нацыянальнай бібліятэцы. Там міністар культуры таксама выступаў і ўзьняў тэму аховы помнікаў, узгадаўшы электрастанцыю.

«Я наўпрост зьвярнуўся да Лукашэнкі: „Калі вы наведваеце, напрыклад, Рым, Вену, Парыж — вы ж бачыце, як там ставяцца да гісторыка-культурнай спадчыны, ніхто ня зносіць аб’екты“. А потым злавіў сябе на думцы, што ён жа ў Эўропу ня езьдзіць! Гэтая дыскусія не прывяла ні да чога», — узгадвае Павал Латушка.

11 траўня 2010 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 243 «Аб умовах будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу ў г. Менску», які ў 2014 годзе таямніча зьнік з сайту Нацыянальнага прававога партала.

Тагачасны міністар культуры прызнаецца: яго дагэтуль мучыць сумленьне, што не ўдалося адстаяць электрастанцыю.

«Гэта было маёй самай вялікай паразай — што мне не ўдалося абараніць электрастанцыю. Гэта была барацьба на ўзроўні прэм’ер-міністра, Лукашэнкі. Мая доўгая барацьба, на жаль, не дала плёну. З аднаго боку, сумленьне шчыміць, але яно ў мяне чыстае», — кажа спадар Латушка.

Будынак нібы «Кемпінскага». Электрастанцыя стаяла побач з мостам празь Сьвіслач. Фота 2018 году
Будынак нібы «Кемпінскага». Электрастанцыя стаяла побач з мостам празь Сьвіслач. Фота 2018 году

Крымінальная справа

Увосень 2011 году кампанія «Эліт Эстэйт» (заснавальнікамі якой былі «Трайпл» Юрыя Чыжа і маскоўскае ТАА «Сіці Эстэйт». — РС) пачала асвойваць пляцоўку за будынкам Белдзяржцырку.

У самым цэнтры Менску, у зялёнай зоне, плянавалася пабудаваць каля 15 тыс. кв. м офісных памяшканьняў, 14 тыс. кв. м прыватных апартамэнтаў, яшчэ 23 тыс. кв. м у праекце было адведзена на паркоўку і іншыя дапаможныя пабудовы. Тыя ж 23 тыс. кв. м, паводле праекту, займаў і будынак гатэля «Kempinski». Гатэль плянавалі пабудаваць да чэмпіянату сьвету па хакеі (які праходзіў у Менску ў траўні 2014 году. — РС), але не пасьпелі, і ён доўгі час заставаўся даўгабудам.

Паводле ўказу Лукашэнкі і іншых дакумэнтаў, якія завізавалі міністры спорту, энэргетыкі, прадстаўнікі Менгарвыканкаму і сам прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі, комплекс збудаваньняў электрастанцыі было вырашана зьнесьці. А сам асноўны будынак электрастанцыі ў прамым сэнсе расьпілавалі, разабралі па частках і паабяцалі аднавіць побач.

Празь нейкі час міжнародная сетка «Kempinski» адхрысьцілася ад гатэля. Вось такі адказ на свой запыт Свабода атрымала ад Марыі Кун, віцэ-прэзыдэнткі піяр-дэпартамэнту жэнэўскага офіса кампаніі ў жніўні 2014 году: «Група Kempinski Hotels S.A. ня мае аніякіх дамоваў наконт нерухомасьці ў Беларусі».

Па факце зносу першай менскай электрастанцыі, якая была гісторыка-культурнай каштоўнасьцю, завялі крымінальную справу паводле двух артыкулаў — 344 і 428 Крымінальнага кодэксу («зьнішчэньне гісторыка-культурных каштоўнасьцяў» і «перавышэньне службовых паўнамоцтваў»). Справу распачаў Партызанскі РУУС Менску. У ёй фігуравалі прозьвішчы тагачаснага старшыні Менгарвыканкаму Мікалая Ладуцькі і іншых дзяржчыноўнікаў. Пра гэта пісалі незалежныя СМІ.

Але да суду так і не дайшло. Кампанію «Эліт-эстэйт» абавязалі ўзнавіць гістарычны будынак на набярэжнай Сьвіслачы, для незавершанай будоўлі на беразе Сьвіслачы доўга шукалі інвэстара. У 2016 годзе даўгабуд прадалі расейскаму «Сбербанку». Кампанія пагасіла даўгі — каля 50 млн даляраў. У лютым 2021 году ў будынак прыйшлі будаўнікі, там былі толькі сьцены і вокны. Працавалі інтэнсіўна, і ў лютым — сакавіку 2022 году сюды пераехалі супрацоўнікі «Сбербанку».

Будоўля імітацыі фрагмэнтаў электрастанцыі, 2022 год
Будоўля імітацыі фрагмэнтаў электрастанцыі, 2022 год

Рэльефнае пано і макет

Разглядаліся два варыянты аднаўленьня электрастанцыі: паводле аднаго, фасад меўся глядзець на праспэкт Незалежнасьці, паводле другога — на Сьвіслач.

На ўмовах ананімнасьці крыніца з архітэктарскага асяродзьдзя расказала Свабодзе, што ў гэтай гісторыі важныя два моманты. Адзін — разбурэньне помніка архітэктуры. А другі — што такі высокі будынак у тым месцы нельга было будаваць.

«Гэта вельмі сучасная, клясная архітэктура зь якасных матэрыялаў, але ў тым месцы яна проста недарэчная. Як заноза. Там наагул нельга было будаваць — гэта частка водна-зялёнага дыямэтру гораду. Але „праломваў“ гэту ідэю Юры Чыж, а „праломваць“, карыстаючыся набліжанасьцю да цела, ён умеў. У яго на гэта быў штат юрыстаў. Да таго ж былі ўнесеныя зьмены ў горадабудаўнічыя дакумэнты», — тлумачыць суразмоўца.

Архітэктары прапаноўвалі розныя варыянты, якія дазвалялі пабудаваць гатэль, захаваўшы гістарычныя будынкі электрастанцыі. Грамадзкасьць пісала шматлікія лісты ў розныя інстанцыі, Мінкульт праводзіў нарады, але адстаяць захаваньне комплексу будынкаў электрастанцыі не ўдалося.

Прынялі рашэньне разбурыць асноўныя будынкі электрастанцыі, але захаваць асобныя фрагмэнты. Інстытут «Белдзяржпраект» распрацаваў і ўзгадніў даволі прыймальны варыянт. Але, на жаль, тэхнічны стан калектара мэтро не дазволіў яго рэалізаваць.

Тады вырашылі захаваць фасады двух нэагатычных будынкаў. Калі іх пачалі пілаваць, адзін фасад рассыпаўся (ён быў моцна перабудаваны ў 1950-я гады. — РС). Удалося перанесьці на новае месца толькі адзін аўтэнтычны фасад падстанцыі.

У сьнежні 2022 году да Дня энэргетыка ў Менску зьявіўся новы турыстычны аб’ект — часткова адноўлены фрагмэнт фасаду першай гарадзкой электрастанцыі. З другога боку — тры рэльефныя пано, стылізаваныя пад арачныя вокны. Побач — макет электрастанцыі, а таксама мэмарыяльная сьцяна ў памяць аб партызанах, якія абараняліся ў сьценах электрастанцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG