Абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў у чацьвер, што зараз арганізуецца сустрэча паміж ім і прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Трамп не назваў тэрмінаў магчымых перамоваў паміж двума кіраўнікамі, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Вяртанне Трампа ў Белы дом 20 студзеня выклікала надзеі на дыпляматычнае вырашэньне канфлікту, пачатага Масквой у лютым 2022 году з поўнамаштабным ваенным уварваньнем ва Ўкраіну. Аднак у Кіеве асьцерагаюцца, што хуткая мірная ўгода можа абысьціся Ўкраіне занадта дорага.
Дарадцы Трампа прапаноўвалі пляны па завяршэньні вайны, якія фактычна прадугледжваюць перадачу Расеі значных частак украінскай тэрыторыі на аглядную будучыню.
«Ён хоча сустрэцца, і мы гэта арганізуем», — сказаў Трамп перад сустрэчай з губэрнатарамі-рэспубліканцамі ў сваім маёнтку ў Мар-а-Лага.
«Прэзыдэнт Пуцін хоча сустрэцца. Ён нават публічна пра гэта казаў, і мы павінны пакончыць з гэтай вайной. Гэта крывавая бязладзіца», — дадаў Трамп, кажучы аб вайне Расеі супраць Украіны.
З моманту пачатку расейскага ўварваньня ЗША пад кіраўніцтвам Джо Байдэна выдзелілі Ўкраіне дапамогу на суму звыш 175 мільярдаў даляраў, у тым ліку больш за 60 мільярдаў даляраў на бясьпеку.
Аднак застаецца незразумелым, ці працягнецца дапамога ў такім жа аб’ёме пры адміністрацыі Трампа, які заяўляў аб сваім жаданьні хутка завяршыць вайну.
Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў раней у чацьвер заявіў, што Пуцін вітае жаданьне Трампа ўстанавіць кантакты, але пакуль ніякіх афіцыйных запытаў у Крэмль не паступала. Па словах Пяскова, было б больш дарэчы дачакацца, пакуль Трамп заступіць на пасаду.
Што раней казалі Трамп і Зяленскі
Падчас выбарчай кампаніі Дональд Трамп казаў, што можа спыніць вайну Расеі ва Ўкраіне цягам 24 гадзін пасьля ўступленьня на пасаду. Нядаўна на прэс-канфэрэнцыі Трамп заявіў, што спадзяецца спыніць баявыя дзеяньні на працягу шасьці месяцаў.
«Я спадзяюся, што значна раней, чым праз паўгода», – сказаў Трамп, адказваючы на пытаньне, ці зможа ён вырашыць пытаньне вайны на працягу шасьці месяцаў.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі раней заявіў, што Трамп можа адыграць вырашальную ролю ў спыненьні вайны з Расеяй і дапамагчы спыніць Пуціна.
У апублікаваным 5 студзеня інтэрвію амэрыканскаму падкастэру Лексу Фрыдману прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што першыя перамовы аб заканчэньні вайны будуць з новаабраным прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам.
«Думаю, 25 студзеня ці ў іншы дзень мы сядзем перш за ўсё з Трампам. Мы дамаўляемся аб тым, як спыніць вайну і Пуціна», – сказаў ён.
Зяленскі тады падкрэсьліў: «Калі Трамп прапануе моцныя гарантыі бясьпекі Ўкраіне, то пасьля гэтага можа быць размова з расейцамі». «І толькі так, а не адразу ўтрох селі», – дадаў ён.
Аналітыкі Амэрыканскага інстытута вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што Крэмль ня хоча ісьці на кампрамісы ў вайне супраць Украіны, але хоча яе поўнай капітуляцыі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум