Зьмены закрануць Facebook, Instagram і Threads — тры найбуйнейшыя сацыяльныя плятформы больш як з трыма мільярдамі карыстальнікаў па ўсім сьвеце.
Гэты крок стаў разваротам у палітыцы Meta, бо генэральны дырэктар Марк Цукербэрг доўгі час падтрымліваў актыўную мадэрацыю кантэнту, нягледзячы на крытыку з боку кансэрватараў наконт меркаванай цэнзуры на ягоных плятформах. Акрамя таго, гэта адбылося неўзабаве пасьля новых прызначэньняў рэспубліканцаў на пасады ва ўрадзе.
«Мы дайшлі да пункту, калі занадта шмат памылак і занадта шмат цэнзуры. Час вярнуцца да нашых вытокаў і свабоды выказваньня, — заявіў Цукербэрг у відэазвароце:
Мы засяродзімся на скарачэньні памылак, спрашчэньні нашай палітыкі і аднаўленьні свабоды слова на нашых плятформах. Мы будзем наладжваць нашы фільтры кантэнту так, каб патрабаваць значна большай упэўненасьці перад выдаленьнем публікацый».
У прыватнасьці, Meta згортвае сваю праграму фактчэкінгу з прыцягненьнем староньніх экспэртаў, распачатую ў 2016 годзе. У кампаніі вырашылі, што яна не апраўдала надзеяў, асабліва ў ЗША, бо «экспэрты, як і хто-небудзь іншы, маюць свае перадузятасьці і пункты гледжаньня». Такім чынам, праграма, накіраваная на інфармаваньне, ператварылася ў інструмэнт цэнзуры, адзначаюць у кампаніі.
Замест гэтага Meta плянуе ўвесьці функцыю Community Notes («Нататкі супольнасьці»), якая, на думку кампаніі, «будзе менш уразьлівая да перадузятасьці».
«Мы бачылі, як гэты падыход працуе ў X (сацсетка, раней вядомая як Twitter. — РС), дзе яны даюць магчымасьць сваёй супольнасьці вырашаць, калі публікацыі патэнцыйна ўводзяць у зман і маюць патрэбу ў дадатковым кантэксьце, а людзі з рознымі пунктамі гледжаньня вырашаюць, які кантэкст карысны іншым карыстальнікам», — гаворыцца ў паведамленьні кампаніі. Meta ўдакладняе, што супрацоўнікі кампаніі ня будуць пісаць гэтыя «Нататкі супольнасьці» ці вырашаць, якія зь іх паказваць.
Функцыю плянуюць апрабаваць у сацсетках Facebook, Instagram і Threads у ЗША ў найбліжэйшыя месяцы.
Кампанія таксама плянуе аслабіць абмежаваньні ў камэнтарах на такія тэмы, як іміграцыя, гендэрная ідэнтычнасьць і гендэр, якія часта становяцца прадметамі палітычных дыскусій: «Няправільна, што рэчы, пра якія можна гаварыць па тэлевізіі ці ў Кангрэсе, ня могуць абмяркоўвацца на нашых плятформах. Укараненьне гэтых зьменаў у палітыцы можа заняць некалькі тыдняў», — удакладнілі ў кампаніі.
Акрамя таго, Meta плянуе ўвесьці больш «пэрсаналізаваны» падыход да палітычнага кантэнту, у прыватнасьці, пра выбары або сацыяльныя пытаньні.
У апошнія месяцы Цукербэрг выказваў шкадаваньне з нагоды некаторых рашэньняў па мадэрацыі кантэнту, у тым ліку на тэмы, зьвязаныя з COVID-19. Meta таксама ахвяравала $1 мільён у фонд інаўгурацыі Дональда Трампа, што стала адступленьнем ад ранейшай практыкі кампаніі.
«Гэта значны крок назад у мадэрацыі кантэнту, у той час калі дэзынфармацыя і шкоднасны кантэнт разьвіваюцца хутчэй, чым калі-небудзь», — заявіў Рос Бэрлі, сузаснавальнік некамэрцыйнай арганізацыі Centre for Information Resilience.
- На працягу многіх гадоў кампанія Meta (раней Facebook) трапляла ў шэраг скандалаў, у тым ліку з прычыны абвінавачаньняў у выкарыстаньні яе плятформы Расеяй для ўмяшаньня ў выбары прэзыдэнта ЗША ў 2016 годзе.
- Асьцярогі з нагоды ролі сацсетак у палітычных працэсах не абмяжоўваюцца плятформамі Meta. У прыватнасьці, у сьнежні Эўразьвяз пачаў расьсьледаваньне ў дачыненьні да сацсеткі TikTok па абвінавачаньні ў тым, што Расея выкарыстоўвала яе для ўплыву на вынікі першага туру прэзыдэнцкіх выбараў у Румыніі.
Форум