Як адзначае брытанская газэта The Guardian, герб быў зьменены на фоне выказваньняў абранага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа наконт жаданьня «купіць» Грэнляндыю. Самы вялікі ў сьвеце востраў, на думку Трампа, вельмі важны для гарантаваньня бясьпекі ЗША. Улады Даніі неаднойчы заяўлялі, што не адмовяцца ад сувэрэнітэту над Грэнляндыяй.
У Даніі ёсьць дзяржаўны (нацыянальны) герб з выявай трох ільвоў і больш складаны паводле сваёй структуры каралеўскі герб. Каралеўскі герб за апошнія 200 гадоў мяняецца ўжо чацьвёрты раз, аднак упершыню за апошнія 500 гадоў зь яго прыбралі выявы трох карон — сымбаля Кальмарскай уніі Даніі, Нарвэгіі і Швэцыі, якая існавала ў XIV–XVI стагодзьдзях. Як піша The Guardian, цытуючы караля Фрэдэрыка X, кароны прыбралі, «паколькі яны больш не актуальныя». У той жа час новы дызайн герба «ўмацоўвае значнасьць садружнасьці», падкрэсьліваючы ролю аўтаномных рэгіёнаў.
Гербы Грэнляндыі і Фарэрскіх астравоў — белы мядзьведзь і баран — былі і на папярэдняй вэрсіі дацкага каралеўскага герба, але яны былі намаляваныя разам на адным з палёў геральдычнага шчыта. Цяпер жа белага мядзьведзя і барана павялічылі і перамясьцілі на другое і трэцяе палі, сымбалі Даніі і Паўднёвай Ютляндыі апынуліся на першым і чацьвёртым палях.
Гісторыкі і палітолягі, якіх цытуе The Guardian, называюць рашэньне прыбраць з герба тры кароны (нацыянальны сымбаль Швэцыі, права выкарыстоўваць які, аднак, мела і Дацкая карона) сэнсацыяй і зьвязваюць рашэньне караля з выказанымі Трампам прэтэнзіямі на Грэнляндыю. У сваім навагоднім звароце дацкі кароль таксама аддаў вялікую ўвагу еднасьці каралеўства.
У той жа час прэм’ер-міністар аўтаномнай Грэнляндыі, населенай галоўным чынам карэннымі жыхарамі — інуітамі, Мутэ Эгедэ ў сваім навагоднім выступе выказаўся за незалежнасьць вострава.
Старэйшы сын абранага прэзыдэнта ЗША Дональд Трамп-малодшы плянуе неўзабаве наведаць сталіцу Грэнляндыі Нуук з аднадзённым візытам. У яго ня будзе кантактаў «ні зь якімі ўрадавымі чыноўнікамі ці палітыкамі», сьцьвярджае Fox News.
Трамп-старэйшы ў сваёй сацсетцы Truth пракамэнтаваў паездку сына, зноў заявіўшы пра гатоўнасьць прыняць Грэнляндыю пад эгіду ЗША і скончыўшы свой пост лёзунгам «Зробім Грэнляндыю зноў вялікай».
Форум