Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне абскардзілі пастанову не пачынаць справы супраць Ёрга Дорнаў за ягоны бізнэс у Беларусі


Ёрг Дорнаў
Ёрг Дорнаў

Нямецкі адвакат паскардзіўся на дзеяньні пракуратуры, якая вырашыла не пачынаць справы супраць ультраправага дэпутата, які валодае фэрмай па вырошчваньні цыбулі на Лідчыне.

У сьнежні пракуратура нямецкага Ляйпцыгу адмовілася пачынаць расьсьледаваньне супраць дэпутата парлямэнту фэдэральнай зямлі Саксонія ад партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» Ёрга Дорнаў, бо не знайшла «дастатковых падставаў».

З пастановаю не пагадзіўся праўнік Фэрдынанд Морс, які падаў скаргу на адмову пракуратуры, піша «DW Беларусь». Паводле Морса, пракуратура памылілася, палічыўшы, што зьняволеныя працавалі на фэрме добраахвотна. Тое, што гэта прымусовая праца, пацьвярджаюць справаздачы праваабаронцаў і паказаньні сьведак, адзначае праўнік.

Морс упэўнены, што пракуратура не ўзяла пад увагу заявы пацярпелых, памылкова ацаніла ўмовы працы на прадпрыемстве і пагрэбавала правамі ахвяраў. Адвакат заклікаў установу выканаць абавязкі і зладзіць усебаковы разбор, у тым ліку дапытаць сьведак.

У сваім тлумачэньні пракуратура раней адзначала, што справу аб прымусовай працы і эксплюатацыі працоўных рэсурсаў маглі б распачаць, калі б дзеяньні падазраванага — грамадзяніна Нямеччыны — падлягалі крымінальнаму перасьледу ў Беларусі, то бок у краіне ўчыненьня меркаванага злачынства, калі б ягоныя дзеяньні прызналі злачыннымі.

53-гадовы Дорнаў не адмаўляў, што на ягонай фэрме працавалі беларускія зьняволеныя, але настойваў, што ня ведаў пра тое, што сярод іх былі зьняволеныя па палітычных артыкулах.

Партыя «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (AfD) — ультраправая нямецкая партыя, філія якой у Саксоніі прызнаная экстрэмісцкай арганізацыяй. А ў суседняй Турынгіі партыя перамагла на выбарах у зямельны парлямэнт (ляндтаг) у верасьні 2024 году. Партыя рэзка адмоўна ставіцца да імігрантаў, вінавацячы іх у праблемах Нямеччыны. Таксама партыя выступае супраць дапамогі Ўкраіне ў вайне з Расеяй, як і некаторыя радыкальна левыя партыі.

  • 24 верасьня сайт reform.news апублікаваў матэрыял, у якім сьцьвярджалася, што ўладальнік ТАА «Цыбулька-Бел» Дорнаў заключыў пагадненьне зь лідзкім Цэнтрам ізаляцыі правапарушальнікаў і рэгулярна прыцягваў асуджаных паводле палітычных артыкулаў да працы на сваёй цыбульнай плянтацыі. Адзначаецца, што ім плацілі «каля 5 эўра» ў эквіваленце ў дзень, пры гэтым нямецкі палітык нібыта «асабіста правяраў працу палітвязьняў».
  • Факт выкарыстаньня іх працы пазьней пацьвердзіў нямецкім тэлежурналістам былы палітвязень Сяргей Чарняк, зь якім яны сустрэліся ў Польшчы.
  • «Цыбулька-Бел» зарэгістраваная ў Адзіным дзяржаўным рэгістры 2 кастрычніка 2020 году ў аграгарадку Гуды (Горадзенская вобласьць). Упершыню пра беларускі бізнэс Дорнаў сёлета ў красавіку паведаміла нямецкая газэта Welt am Sonntag, расьсьледаваньне якой разьмясьціў у сябе папулярны таблёід Bild. Адзначалася, што за ўтойваньне факту валоданьня «буйным сельскагаспадарчым прадпрыемствам» дэпутату пагражала адказнасьць. 7 жніўня яго аштрафавалі на 20 682 эўра.
  • 25 верасьня нямецкі юрыст Фэрдынанд Мюлер ініцыяваў расьсьледаваньне супраць Дорнаў, падаўшы заяву аб завядзеньні крымінальнай справы ў сувязі з гэтым інцыдэнтам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG