Пра гэта паведаміла прэс-служба Міністэрства фінансаў ФРН.
Ведамства зьвярнула ўвагу на той факт, што 1 чэрвеня 2024 году Менск прыпыніў «дзеяньне асобных палажэньняў» гэтага пагадненьня.
«Рэспубліка Беларусь ня выканала патрабаваньня ўраду Нямеччыны аб аднаўленьні дзеяньня гэтых палажэньняў, — гаворыцца ў паведамленьні. — Урад Нямеччыны разглядае гэта як істотнае парушэньне пагадненьня ў адпаведнасьці зь Венскай канвэнцыяй аб праве міжнародных дамоваў. Калі Рэспубліка Беларусь адменіць частковае прыпыненьне дзеяньня пагадненьня, урад ФРН разгледзіць магчымасьць скасаваньня поўнага яго прыпыненьня».
Гэтае пагадненьне падпісалі 30 верасьня 2005 году, яно набыло моц 31 снежня 2006-га. Дакумэнтам бакі замацавалі жаданьне «садзейнічаць разьвіцьцю ўзаемных эканамічных сувязей шляхам устараненьня падатковых перашкод», піша «Позірк».
У Нямеччыне дзеяньне пагадненьня распаўсюджвалася, напрыклад, на падаходны падатак (Einkommensteuer), падатак з карпарацый (Korperschaftsteuer), падатак на капітал (Vermogensteuer) і прамысловы падатак (Gewerbesteuer), у Беларусі — на падатак на даходы і прыбытак, падаходны падатак зь фізычных асобаў, падатак на нерухомасьць і зямельны падатак.
7 сакавіка 2024 году Савет Міністраў Беларусі прыняў пастанову № 164 «Аб пытаньнях падаткаабкладаньня», якая, сярод іншага, прыпыніла да канца 2026 году «выкананьне палажэньняў міжнародных пагадненьняў аб перадухіленьні двайнога падаткаабкладаньня» адносна 27 краін Захаду, у тым ліку Нямеччыны (адпаведны пункт набыў моц у чэрвені).
Дакумэнт часова спыніў дзеяньне арт. 10 пагадненьня — аб дывідэндах, арт. 11 — аб працэнтах, а таксама арт. 13 — аб даходах ад адчужэньня маёмасьці.
Форум