Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ўключыў у сьпіс адрасатаў навагодніх віншаваньняў кіраўніцтва Славаччыны, але выключыў прэм’ера Армэніі


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаваньні з новым 2025 годам лідэрам 64 дзяржаваў, вынікае з інфармацыі на яго сайце.

Пра гэта піша інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

Сьпіс амаль ідэнтычны леташняму, пры гэтым тады ў яго ўвайшлі (і захаваліся) такія краіны як Альжыр, Ангола, Кенія, Мазамбік, Намібія, Нігерыя, Уганда, Каморскія выспы, Лаос, Сынгапур, М’янма і Філіпіны. Сёлета ўпершыню ўключаны кіраўнік Экватарыяльнай Гвінеі.

Са сьпісу выключаны прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян, якога Лукашэнка раней рэгулярна віншаваў з навагоднімі сьвятамі разам з прэзыдэнтам краіны. Сёлета Пашыньян рэзка крытыкаваў Лукашэнку і заявіў, што ні ён, ні іншыя афіцыйныя прадстаўнікі Армэніі больш не прыедуць у Беларусь, пакуль ёй кіруе Лукашэнка.

Сьпіс адрасатаў навагодніх віншаваньняў Лукашэнкі папоўнілі кіраўнікі Славаччыны — прэзыдэнт Петэр Пелігрыні і прэм’ер-міністар Робэрт Фіца, якая пасьля прыходу да ўлады актыўна разьвіваюць супрацоўніцтва з Расеяй і робяць крокі насустрач беларускаму рэжыму.

З адрасатаў у Эўропе засталіся ў сьпісе кіраўнікі Вугоршчыны, Сэрбіі, Рэспублікі Сэрбскай, Мальтыйскага Ордэну, Манака, Ватыкану. Два гады запар адсутнічае ў сьпісе кіраўніцтва Баўгарыі і Чарнагорыі, гэта ж датычыцца такіх лацінаамэрыканскіх краін, як Панама, Пэру і Чылі.

Уключаны ў сьпіс новы прэзыдэнт Ірану: ранейшага прэзыдэнта краіны, які загінуў у авіякатастрофе ў траўні сёлета, Лукашэнка з навагоднімі сьвятамі не віншаваў. Пасьля гадавога перапынку Лукашэнка павіншаваў прэзыдэнта Ізраіля.

У сувязі са зьменай кіраўніцтва і палітычнага курсу са сьпісу зьнік прэзыдэнт Аргентыны.

У сьпіс адрасатаў не ўключаны прыведзены да прысягі грузінскі прэзыдэнт Міхэіл Кавэлашвілі, якога Лукашэнка павіншаваў з абраньнем на пасаду 14 сьнежня. Пятую прэзыдэнтку Грузіі Саламэ Зурабішвілі беларускі палітык апошні раз віншаваў з навагоднімі сьвятамі 31 сьнежня 2022 году.

Прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага Лукашэнка віншаваў з навагоднімі сьвятамі адзін раз, 31 сьнежня 2019 году.

У сувязі са зрынаньнем са сьпісу выключаны прэзыдэнт Сырыі Башар Асад, які традыцыйна ўваходзіў у яго.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG