У 2024 годзе Польшча выдала грамадзянам Беларусі каля дзевяці тысячаў «картаў паляка». Пра гэта паведамляе «Мэдыязона» са спасылкай на прэсавую службу польскага МЗС.
Пасьля здушэньня пратэстаў 2020 году зь Беларусі зьехалі сотні тысячаў чалавек. Многія беларусы эмігравалі ў Польшчу і Літву.
У апошнія некалькі гадоў рэжым Аляксандра Лукашэнкі істотна ўзмацніў кантроль над грамадзянамі, якія маюць дазвол на жыхарства ў іншай краіне ці другі пашпарт. Увосень 2022 году Лукашэнка загадаў «разабрацца» з тымі грамадзянамі Беларусі, хто мае іншае грамадзянства, ДНЖ ці «карту паляка». «Нам трэба разабрацца: ці яны грамадзяне Беларусі, ці яны проста аблудныя, проста ўзялі гэтую карту нібыта выпадкова, ці ў іх іншая «арыентацыя», — заявіў ён.
Ціск на ўладальнікаў «карты паляка» ў Беларусі пачаўся задоўга да гэтай заявы Лукашэнкі. Вядомыя выпадкі, калі людзей прымушалі здаваць «карту паляка» і наўпрост ім пагражалі.
Паводле розных дадзеных, «карты паляка» сёньня маюць ня менш за 160 тысячаў грамадзян Беларусі. Паводле дадзеных уладаў Польшчы, у 2008–2021 гадах заяўкі на атрыманьне гэтага дакумэнта падалі больш за 350 тысяч чалавек, больш за 46% заявак (гэта больш за 161 тысячу чалавек) было пададзена зь Беларусі.
На момант правядзеньня апошняга перапісу ў 2019 годзе палякамі назвалі сябе 287 693 грамадзяніны Беларусі (3,06% ад усяго насельніцтва).
«Карта паляка» — дакумэнт, які пацьвярджае роднасную і культурную сувязь іншаземца з Польшчай. Ён дае шэраг перавагаў у гэтай краіне — атрыманьне нацыянальнай візы, адсутнасьць неабходнасьці атрымліваць дадатковыя дазволы пры працаўладкаваньні, спрошчаны працэс атрыманьня дазволу на жыхарства і польскага грамадзянства.
Каб атрымаць дакумэнт, прэтэндэнт павінен даказаць, што прынамсі адзін зь яго бацькоў, бабуль або дзядуляў, прабабуляў або прадзядуляў меў польскае грамадзянства або польскую нацыянальнасьць.
У Польшчы, у сваю чаргу, плянуюць узмацніць жорсткасьць правілаў выдачы «картаў паляка» — у якасьці адказу «на паведамленьні аб злоўжываньнях» з боку заяўнікаў, напрыклад, аб выкарыстаньні падробленых дакумэнтаў для пацьверджаньня польскіх каранёў.
Форум