Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк» са спасылкай на Генпракуратуру.
«У апэляцыйных скаргах абвінавачаныя аспрэчвалі правільнасьць кваліфікацыі іх дзеяньняў, паказвалі на празьмерную строгасьць прызначанага пакараньня. Пракурор настойваў на законнасьці, абгрунтаванасьці і справядлівасьці судовага рашэньня. Апэляцыйныя скаргі пакінутыя без задавальненьня», — гаворыцца ў прэсавым рэлізе Генпракуратуры.
4 кастрычніка Менскі гарадзкі суд прыгаварыў 12 фігурантаў справы да тэрмінаў ад двух гадоў і трох месяцаў да 25 гадоў пазбаўленьня волі.
Па справе праходзілі Максім Лапацін, Андрэй Сьцяпурка, Алег Сычоў, Дзяніс Сакалоў, Аляксандар Азараў, Яўгенія Тачыцкая, Міхаіл Дзёмін, Сяргей Лапараў, Анастасія Пілько, Віталь Якуцік, Ала Яцута і Мікалай Швец.
Частка зь іх (беларускія грамадзяне Азараў, Тачыцкая, Лапараў, Якуцік, Яцута, Дзёмін, а таксама ўкраінец Швец, перададзены Ўкраіне) не знаходзяцца ў Беларусі.
Швяца, Азарава, Якуціка і Дзёміна прызналі вінаватымі паводле артыкулаў аб акце тэрарызму (ч. 3 арт. 289 КК), наўмысным прывядзеньні ў непрыдатнасьць сродку паветранага транспарту (ч. 4 арт. 309).
Азарава, Дзёміна, Якуціка, Сакалова, Тачыцкую, Лапаціна і Лапарава прызналі таксама вінаватымі ў здрадзе дзяржаве (ч. 1 арт. 356), Швяца, Яцуту і Сычова — у агентурнай дзейнасьці (арт. 358-1). Швец таксама прызнаны вінаватым у праходжаньні навучаньня і іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасьці (арт. 290-3), незаконным абароце выбуховых рэчываў і выбуховых прыстасаваньняў (ч. 4 арт. 295).
Акрамя таго, Якуцік, Сакалоў, Сьцяпурка, Пілько, Лапацін, Тачыцкая, Лапараў і Сычоў прызнаныя вінаватымі ў фінансаваньні тэрарыстычнай і экстрэмісцкай дзейнасьці, удзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні, актыўным удзеле ў дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.
У выніку Швяцу завочна прызначана 25 гадоў пазбаўленьня волі, іншым фігурантам справы — ад 15 да 25 гадоў. Абвінавачаным, якія прызнаныя «саўдзельнікамі», прызначана пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад двух гадоў і трох месяцаў да 15 гадоў.
Разгляд справы аб дывэрсіі ў Мачулішчах пачаўся 19 жніўня ў закрытым рэжыме.
Яго фігурантаў сукупна абвінавачвалі па 11 артыкулах Крымінальнага кодэксу.
У ліпені 2023 году Азараў паведаміў, што пашкоджаньне 26 лютага таго ж году на вайсковым аэрадроме Мачулішчы пад Менскам расейскага самалёта далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня і кіраваньня А-50 было апэрацыяй ByPol і Службы бясьпекі Ўкраіны.
Першапачаткова ByPol заявіў, што гэта вынік апэрацыі ўдзельнікаў пляну «Перамога», якія выкарыстоўвалі дроны-камікадзэ і пасьля апэрацыі пакінулі Беларусь.
КДБ паведаміў пра затрыманьне больш як 20 чалавек, у тым ліку нібыта непасрэднага выканаўцы Швяца, які быў названы агентам украінскай спэцслужбы.
Кіраўнік СБУ Васіль Малюк публічна прызнаў датычнасьць службы да дывэрсіі 25 сакавіка 2024 году.
У чэрвені сёлета асуджаны Швец быў абменены на мітрапаліта Ёнатана (Анатоля Ялецкіх), які належыць да забароненай пасьля пачатку вайны Ўкраінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату. Ва Ўкраіне ён адбываў тэрмін за апраўданьне расейскай агрэсіі.
Форум