Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, колькі ўлады патрацяць на правядзеньне выбараў прэзыдэнта ў 2025 годзе


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту ў памеры 4,459 мільярда рублёў плянуюць прафінансаваць за кошт унутраных крыніц, замежных крэдытаў і апэрацый зь дзяржаўнымі каштоўнымі паперамі.

Улады разьлічваюць, што даход дзяржаўнага бюджэту ў 2025 годзе складзе 45,835 мільярда рублёў, а расходы не перавысяць 50,295 мільярда рублёў.

Як адзначаецца ў адпаведным законе, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, дэфіцыт у памеры 4,459 мільярда рублёў плянуюць прафінансаваць за кошт унутраных крыніц, зьнешніх крэдытаў і апэрацый зь дзяржаўнымі каштоўнымі паперамі.

Закон таксама вызначыў ліміт унутранага дзяржаўнага доўгу Беларусі на ўзроўні 20 мільярдаў рублёў (сёлета быў на ўзроўні 23,1 мільярда рублёў); унутранага, гарантаванага ўрадам, — на ўзроўні 8 мільярдаў рублёў, як і летась; замежнага дзяржаўнага доўгу — 19,2 мільярда даляраў (сёлета ліміт плянаваўся ў памеры 19 мільярдаў даляраў); замежнага пад гарантыі ўраду Беларусі — 2,1 мільярда даляраў (сёлета — 2,5 мільярда даляраў).

На арганізацыю і правядзеньне выбараў прэзыдэнта, якія адбудуцца 26 студзеня 2025 году, прадугледжана 54,145 мільёна рублёў.

Як заўважыла выданьне «Люстэрка», гэта значна больш, чым у 2020 годзе: тады бюджэт прадугледжваў на гэтыя мэты 36,830 мільёна рублёў.

«Аднак калі паглядзець, якую долю гэтыя сродкі займаюць у расходах, то сытуацыя выглядае інакш. На выбары ў наступным годзе хочуць выдзеліць 0,11% ад усіх расходаў рэспубліканскага бюджэту. Тады як у 2020 годзе гэты паказьнік быў на ўзроўні 0,14%», — заўважыла выданьне.

У той жа час, адзначае «Люстэрка», выніковыя расходы на выбары могуць аказацца як большымі, так і меншымі за першапачаткова запляваныя лічбы.

«У тым жа 2020 годзе ўлады постфактум зьмянілі суму, якую павінны былі выдзеліць на правядзеньне выбарчай кампаніі, і зрабілі яе меншай — 25,482 мільёна рублёў, а на справе патрацілі на 103,7 тысячы рублёў менш за гэты бюджэт», — паведаміла выданьне.

Выбары прэзыдэнта Беларусі адбудуцца 26 студзеня. Перад гэтым будзе датэрміновае галасаваньне. А перад гэтым, з 1 па 25 студзеня 2025 году, — перадвыбарная агітацыя.

Рэгістрацыя кандыдатаў у ЦВК чакаецца 23 сьнежня.

Пасьля 1996 году ніводныя выбары і рэфэрэндумы не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю.

Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў за мяжой называюць тое, што адбываецца, «спэцапэрацыяй для ўтрыманьня ўлады», праваабаронцы зьвяртаюць увагу на імітаваньне канкурэнцыі.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
  • Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
  • У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG