Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сястра Калесьнікавай у Эўрапарлямэнце прапанавала разгледзець варыянт паслабленьня санкцыяў за вызваленьне палітвязьняў


Тацяна Хоміч. Архіўнае фота
Тацяна Хоміч. Архіўнае фота

Тацяна Хоміч, сястра палітвязьняволенай Марыі Калесьнікавай, 12 сьнежня ў Эўрапэйскім парлямэнце падчас «Дзён Беларусі» ў Брусэлі прапанавала разгледзець магчымасьць паслабленьня санкцыяў, калі гэта дапаможа вызваляць палітвязьняў.

Вызваленьне 207 палітвязьняў у межах 7 этапаў памілаваньня — гэта сыгнал, на які трэба адказаць каардынаванымі дзеяньнямі, каб працэс працягваўся, заявіла Тацяна Хоміч, яе словы цытуе афіцыйны тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі.

Паводле яе, дыпляматычныя намаганьні і міжнародная падтрымка па вызваленьні палітвязьняў прыносяць вынік. На думку Хоміч, цяпер трэба:

  • вітаць кожнае вызваленьне як важнае гуманітарнае дасягненьне;
  • умацаваць дыпляматычныя намаганьні для далейшых вызваленьняў палітвязьняў і пошуку рашэньняў;
  • выкарыстоўваць гнуткія і стратэгічныя падыходы — уключаючы магчымасьць паслабленьня санкцыяў, калі гэта дапаможа гуманітарным намаганьням.

У сваю чаргу дэмлідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская падчас свайго выступу ў Брусэлі падкрэсьліла неабходнасьць ня толькі вызваленьня палітвязьняў, але і «аднаўленьня справядлівасьці, прыцягненьня да адказнасьці ўсіх вінаватых». Пра гэта паведаміў «Позірку» яе галоўны дарадца Франак Вячорка.

«Хачу падкрэсьліць, што палітыка ціску можа ісьці поплеч з дыпляматычнымі намаганьнямі па вызваленьні палітвязьняў ужо зараз. Мы шукаем усе магчымыя шляхі для вызваленьня нашых герояў з турмаў, і мы вітаем вызваленьні людзей, якія мы бачылі ў апошні час», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.

Cёлета ў кастрычніку прапагандыст Юры Васкрасенскі заяўляў, што далейшыя памілаваньні немагчымыя бяз «плюшак»: «Такіх „тлустых зьняволеных“ будуць мяняць на „тлустыя прапановы“. Напрыклад, адкрыцьцё паветранай прасторы, зьняцьце санкцыяў з прамысловых прадпрыемстваў. Мы чакалі плюшку. Плюшак няма — вызваленьні больш не разглядаюцца», — заявіў ён.

У жніўні праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляў, што Юры Васкрасенскі тэлефануе сваякам беларускіх палітвязьняў з мэтай «прымусіць пісаць прашэньні аб памілаваньні» на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Раней беларускія дэмакратычныя сілы склалі «гуманітарны сьпіс» палітвязьняў, якіх павінны неадкладна вызваліць. Туды ўвайшлі 16 чалавек з абмежаванымі магчымасьцямі, 91 — зь цяжкімі захворваньнямі, 65 пэнсіянэраў, 10 чалавек з псыхічнымі разладамі, 23 непаўналетнія, а таксама ня менш за пяць сем’яў, у якіх у месцах пазбаўленьня волі знаходзяцца абодва бацькоў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG