«Люстэрка» пагутарыла зь ім аб пырярытэтах ягонай працы, складанасьцях візавага рэжыму, сытуацыю з палітвязьнямі і пагрозах з боку ўладаў у Менску.
Адам Галаціньскі падкрэсьліў, што ягоная новая роля ўключае ўзаемадзеяньне з шырокім колам дэмакратычных сіл Беларусі. Паводле яго, існаваньне такой пасады ў польскім МЗС — гэта ня толькі палітычны жэст, але і спосаб інстытуцыяналізаваць супрацоўніцтва зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Пры гэтым ён адзначыў, што Польшча не адзіная дзяржава, дзе ёсьць такія прадстаўнікі: аналягічныя пасады створаныя ў Літве, Украіне, Швэцыі і іншых краінах.
Гаворачы аб хвалях памілаваньняў палітзьняволеных у Беларусі, Галаціньскі заявіў, што не ўспрымае іх як сыгналы, якія патрабуюць аналізу. На ягоную думку, беларускія ўлады імкнуцца правакаваць дыскусіі вакол гэтых дзеяньняў, аднак Польшча, як і многія іншыя краіны, прытрымліваецца выразнай пазыцыі: вызваліць павінны ўсіх палітычных зьняволеных.
Дыплямат падкрэсьліў, што інтэрпрэтацыя адзінкавых выпадкаў памілаваньня не павінна адцягваць увагу ад галоўнай мэты — поўнага вызваленьня ўсіх вязьняў сумленьня.
У адказ на прапагандысцкі фільм, нядаўна паказаны беларускай дзяржаўнай тэлевізіяй, дзе фігуравалі польскія грамадзяне, якія знаходзяцца ў турме, Галаціньскі адзначыў, што польскі бок не збіраецца надаваць значнасьць падобным правакацыям. Ён таксама выказаў занепакоенасьць сытуацыяй зь беларускім журналістам і палітычным зьняволеным Анджэем Пачобутам, але адмовіўся раскрываць дэталі таго, як Польшча намагаецца яго вызваліць, назваўшы гэтае пытаньне занадта далікатным для публічных абмеркаваньняў.
Адам Галаціньскі спыніўся таксама на тэме візавага рэжыму для беларусаў. На пытаньне, калі атрыманьне польскай візы для грамадзянаў Беларусі перастане быць складаным і дарагім выпрабаваньнем, ён адказаў:
«Атрыманьне візы паводле азначэньня ня можа быць нечым штодзённым. Палякі таксама адчувалі гэта на працягу многіх гадоў, калі сутыкаліся з эўрапейскімі цяжкасьцямі ў адносінах да візавых працэсаў. Але мне здаецца вельмі суровай ваша ацэнка працэсу атрыманьня польскай візы беларускімі грамадзянамі як складанага выпрабаваньня.
У кожнай краіне ёсць візавыя працэдуры. У выпадку з Польшчай яны таксама неабходныя ў сувязі з нашым сяброўствам у Шэнгенскай зоне. Важна, каб кожная заява разглядалася індывідуальна».
Ён заявіў, што Польшча прыкладае ўсе намаганьні, каб аблегчыць працэс атрыманьня візаў, нягледзячы на складанасьці, зьвязаныя з выкананьнем правілаў Шэнгенскай зоны.
Галаціньскі таксама зьвярнуў увагу на значную колькасьць беларусаў, якія знайшлі другі дом у Польшчы. На сёньняшні дзень каля 140 тысяч грамадзян Беларусі маюць права на часовае ці пастаяннае пражываньне ў краіне.
Гаворачы аб выбарах 2025 году ў Беларусі, Галаціньскі выказаў скептыцызм адносна іх дэмакратычнасьці. Паводле яго, адмова беларускіх уладаў запрашаць міжнародных назіральнікаў — гэта яшчэ адно пацьверджаньне таго, што выбары не адпавядаюць стандартам.
Галаціньскі пракамэнтаваў паведамленьні аб магчымым размяшчэньні ў Беларусі расейскага ракетнага комплексу «Арэшнік». Ён зазначыў, што падобныя дзеяньні зьяўляюцца часткай агульнай агрэсіўнай палітыкі Расеі пры падтрымцы беларускіх уладаў. На думку дыплямата, такая палітыка ідзе ўразрэз з воляй беларускага народу, які, як і палякі, хоча міру, а не мілітарызацыі рэгіёну.
Форум