У абгрунтаваньні журы патлумачыла свой выбар і расказала падрабязьней пра ляўрэатак.
«Журналістка па прафэсіі Юлія Міцкевіч ужо 25 гадоў займаецца фэміністычнай, палітычнай і грамадзянскай дзейнасьцю. Пасьля сфальсыфікаваных Лукашэнкам выбараў 2020 году яна заснавала Фэмгрупу, каб унесьці фэміністычную пэрспэктыву ў дзейнасьць Каардынацыйнай рады, якая аб’ядноўвае розныя сілы беларускай дэмакратычнай апазыцыі. Такім чынам, яна імкнулася зрабіць магчымым і забясьпечыць палітычны ўдзел жанчын на ўсіх узроўнях і разам са сваімі калегамі і каляжанкамі дамаглася ўвядзеньня жаночай квоты на першых выбарах у Каардынацыйную раду ў 2024 годзе, нягледзячы на вялікі супраціў.
Сёньня Фэмгрупа зьяўляецца інавацыйнай НДА. Юлія таксама ўваходзіць у Кантактную групу Рады Эўропы па Беларусі, якая была створана як альтэрнатыва беларускаму дзяржаўнаму прадстаўніцтву ў Радзе Эўропы, і адказвае ў ёй за роўнасьць правоў.
Ірына Альхоўка была ў 1996 годзе адной зь першых выпускніц толькі што заснаванага курсу гендэрных дасьледаваньняў на факультэце сацыялёгіі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту ў Менску. У тым жа годзе яна была абраная старшынёй грамадзкага аб’яднаньня „Беларуская асацыяцыя маладых хрысьціянскіх жанчын“ (БАМХЖ) і пачала весьці дзейнасьць, накіраваную супраць гандлю жанчынамі ў кірунку зь Беларусі ў Заходнюю Эўропу.
У 2002 годзе яна заснавала грамадзкае аб’яднаньне „Ля Страда Беларусь“ у супрацоўніцтве з Эўрапейскай сеткай барацьбы з гандлем людзьмі „Ля Страда“. У якасьці яго кіраўніцы Ірына выступала за стварэньне шырокіх праграм прафіляктыкі і структур абароны для пацярпелых у аўтакратычнай Беларусі. Акрамя таго, яна ініцыявала круглыя сталы з уладамі і абаронцамі правоў жанчын супраць гандлю людзьмі ў Беларусі і за правы пацярпелых.
У 2010 годзе Ірына таксама стварыла беларускую грамадзкую арганізацыю „Гендэрныя пэрспэктывы“. Яе мэтай было прасоўваньне гендэрнай дэмакратыі ў Беларусі і распрацоўка праграмаў падтрымкі тых, хто пацярпеў ад гендэрнага гвалту. Абедзьве НДА цяпер забароненыя ў Беларусі.
Дар’я Афанасьева — адна зь нямногіх блогерак-фэміністак зь вялізным ахопам у Беларусі, яна мае больш за 10 000 падпісчыкаў. Пад імем „Дафна“ яна вядзе блог на такія тэмы, як сэксізм і фэмінісцкая літаратура, а таксама тлумачыць фэмінісцкія тэорыі шырокай беларускай грамадзкасьці. У выніку пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў і ўзмацненьня рэпрэсій супраць дэмакратычных сілаў Дар’ю асудзілі на 2,5 года калёніі і прымусовай працы нібыта за парушэньне грамадзкага парадку. Яе пасадзілі за краты ў сумна вядомай жаночай калёніі № 4 у Гомлі, дзе ў адзіночнай камэры знаходзіцца і праваабаронца Марыя Калесьнікава.
У сакавіку 2024 году Дар’я выйшла на волю. Адразу пасьля гэтага ёй удалося зьехаць у Польшчу. Яна працягвае весьці блог на фэміністычныя тэмы, цяпер пра становішча жанчын у калёніях у Беларусі».
Таксама журы прэміі падкрэсьлівае, што «фэміністычны актывізм Юліі, Ірыны і Дар'і, а таксама іх рашучасьць і трываласьць перад абліччам жорсткага дзяржаўнага перасьледу і гвалту — прыклад унівэрсальнага досьведу супраціву жанчын аўтакратычным рэжымам». Як фэміністкі, актывісткі і блогеркі Дар’я, Ірына і Юлія вядуць размову пра спэцыфічныя гендэрныя тэмы, сярод якіх дыскрымінацыя і гвалт супраць жанчын, нават калі гэта азначае, што яны самі становяцца мішэньню транснацыянальных рэпрэсій і па-ранейшаму зазнаюць вялікую рызыку.
Акрамя таго, арганізатары ўручэньня прэміі адзначаюць, што рэжым у Беларусі чыніць прыгнёт і пагрозы і дысыдэнтам, якія ўцяклі ў эміграцыю, і прадстаўнікам дыяспары. Юлія, Ірына і Дар’я прадстаўляюць і аб’ядноўваюць розныя пакаленьні жаночай палітычнай дзейнасьці праз разнастайныя формы палітычнай актыўнасьці. Яны выкарыстоўваюць лічбавыя формы акцый і арганізацыі, ствараюць абароненыя прасторы для жанчын, якія пацярпелі ад гвалту, і выступаюць за ўдзел і голас жанчын у палітыцы.
Такім чынам, яны працягваюць грамадзянскую справу Ганны Кляйн, імя якой дало назву прэміі, і распрацоўваюць яе новыя формы. Дар’я, Ірына і Юлія ўвасабляюць асаблівую ролю жанчын у пратэстах з нагоды прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 году. Дар’я, Ірына і Юлія таксама былі ў першых шэрагах гэтых пратэстаў.
Уручэньне Жаночай прэміі імя Ганны Кляйн 2025 году мае на мэце праявіць салідарнасьць зь беларусамі, якія змагаюцца за свабоду сваёй радзімы, і выказаць павагу за працяг грамадзкай дзейнасьці траіх ляўрэатак на карысьць свабоднай і гендэрна роўнай Беларусі ў дэмакратычнай Эўропе.
У склад журы Жаночай прэміі імя Ганны Кляйн уваходзяць: доктар Імэ Шольц, сябра праўленьня Фонду імя Генрыха Бёля, старшыня журы Рэнатэ Кюнаст, дэпутатка Бундэстагу ад партыі «Саюз 90-х/ Зялёныя» Сыльвія Лёрман, былая дзяржаўная міністарка прафэсар Міхаэле Шраер, былая віцэ-прэзыдэнтка сеткі Эўрапейскага руху ў Нямеччыне Юта Вагнэр, юрыстка, былая прэзыдэнтка Нямецкай асацыяцыі жанчын-юрыстак.
Форум