Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 10 сьнежня: найлепшага футбаліста Беларусі-2021 разам з жонкай асудзілі на «хатнюю хімію»

абноўлена

Аляксандар Патапаў
Аляксандар Патапаў

Рэжым Лукашэнкі працягвае помсьціць людзям за любыя праявы нязгоды з «афіцыйнай думкай».

Найлепшы футбаліст Беларусі-2021 і яго жонка атрымалі па 2 гады «хатняй хіміі»

Найлепшага футбаліста Беларусі-2021 Андрэя Салаўя і ягоную жонку Аксану асудзілі на два гады «хатняй хіміі». Прысуд вынесьлі ў судзе Першамайскага раёну Менску 19 лістапада, даведалася «Трыбуна».

Салаўя з жонкай затрымалі на пачатку кастрычніка, калі яны вярталіся зь Бярозы ў Менск. Іх судзілі паводле «народнага» артыкула 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

Андрэй Салавей — нападнік мазырскай «Славіі». Сёлета ён прапусьціў большую частку чэмпіянату празь пералом малой галёначнай косткі і пачаў выходзіць на поле са жніўня. Пасьля суду ён згуляў у двух матчах чэмпіянату.

Паводле зьвестак «Трыбуны», вырак выклікаў зьдзіўленьне сярод гульцоў «Славіі», бо пра суд яны ня ведалі. У курсе справы былі толькі кіраўнікі клюбу і галоўны трэнэр.

Затрыманьне за відэа ў TikTok

Сілавікі затрымалі 18-гадовую дзяўчыну за відэа ў TikTok. Прыйшлі па яе проста ў кватэру. Відэа затрыманьня апублікаваў праўладны канал «Адваротны бок».

Прычына — зьняты дзяўчынай ролік. Пра што менавіта ён быў, невядома. Праўладны канал апублікаваў два скрыншоты зь яго. На першым ёсьць подпіс «Менты нам не кенты», на другім — «Нічога незвычайнага, проста кармлю мянта ў сябе дома (каб не забраў у малпоўню)».

У відэа затрыманьня, апублікаваным праўладным каналам, міліцыянт, які прыйшоў да дзяўчыны, кажа, што ёй трэба «праехаць у тэрытарыяльны орган унутраных спраў для складаньня адміністрацыйнага пратаколу». Паводле якога артыкула, не ўдакладняецца.

Былога палітвязьня зноў будуць судзіць за «распаўсюд экстрэмізму»

70-гадовы Аляксандар Патапаў зь вёскі Хатоля Віцебскай вобласьці быў затрыманы ў канцы жніўня 2022 году ў межах крымінальнай справы за абразу Лукашэнкі ў камэнтарах у «Аднаклясьніках».

Мужчына паходзіць з Украіны. Падчас ракетнага абстрэлу Кіева загінула пляменьніца Аляксандра, а ейная трохгадовая дачка была сур’ёзна параненая. Пасьля гэтага, пад уплывам эмоцый, 8 і 16 ліпеня 2022 году Патапаў разьмясьціў у сацыяльнай сетцы два камэнтары, якія экспэртыза палічыла «абразьлівымі». Пазьней мужчыну асудзілі на 2 гады калёніі, піша «Вясна».

Пэнсіянэр вызваліўся гэтай вясной, цалкам адбыўшы тэрмін.

31 кастрычніка справу Патапава разглядалі ў судзе Віцебскага раёну — яго абвінавачвалі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП).

Як піша @vitebsk_info, імя мужчыны зноў зьявілася ў раскладзе суду Віцебскага раёну — 12 сьнежня ягоную справу за «распаўсюд экстрэмізму» будзе разглядаць Тацяна Лабацкая.

Сьпеваку Вабішчэвічу далі 2,5 года «хіміі»

Музыка Іван Вабішчэвіч, вядомы пад сцэнічным псэўданімам «Дзядзя Ваня», атрымаў вырак. У судзе Партызанскага раёну Менску яму прысудзілі 2,5 года пакараньня ва ўстанове адкрытага тыпу. Інакш такое пакараньне завецца «хіміяй».

Вабішчэвіча абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах лета-восені 2020 году. Музыку вызвалілі з-пад варты ў залі суду.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG