Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СБУ падазрае былога кіраўніка БПЦ Паўла ў «дапамозе захопу храмаў» на акупаваных тэрыторыях Украіны


Былы кіраўнік БПЦ мітрапаліт Павел. 2020
Былы кіраўнік БПЦ мітрапаліт Павел. 2020

Служба бясьпекі Ўкраіны (СБУ) завочна паведаміла аб падазрэньні расейскім сьвятарам, якія «садзейнічалі захопу храмаў на часова акупаваных тэрыторыях Украіны», паведамляе прэс-служба ведамства.

У паведамленьні СБУ адзначаецца, што сабралі «маштабную доказную базу на чатырох высокапастаўленых расейскіх клірыкаў, якія распаўсюджваюць крамлёўскі рэжым на часова акупаванай частцы тэрыторыі Ўкраіны».

Размова ў тым ліку пра мітрапаліта Круціцкага і Каломенскага, патрыяршага намесьніка Маскоўскай мітраполіі Паўла (Георгія Панамарова).

Усім чацьвярым завочна паведамлена аб падазрэньні паводле ч. 5 арт. 27, ч. 3 арт. 110 КК («Дапамога ў зьдзяйсьненьні наўмысных дзеяньняў з мэтай зьмены межаў тэрыторыі або дзяржаўнай мяжы Ўкраіны, па папярэдняй змове групай асоб, якія прывялі да іншых цяжкіх наступстваў»).

«Цяпер працягваюцца комплексныя мерапрыемствы для прыцягненьня зламыснікаў да адказнасьці за злачынствы супраць нашай дзяржавы», — гаворыцца ў паведамленьні СБУ.

Хто такі мітрапаліт Павел

Паўла прызначылі мітрапалітам Менскім і Слуцкім, патрыяршым экзархам усяе Беларусі 25 сьнежня 2013 года з парушэньнем закону, бо ён ня меў беларускага грамадзянства, што абавязкова для кіраўнкоў рэлігійных арганіазцый.

Прызначэньне кіраўніком БПЦ чалавека без беларускага грамадзянства і веданьня беларускай мовы было раскрытыкавана шэрагам грамадскіх актывістаў Беларусі. Мітрапаліт паабяцаў атрымаць беларускі пашпарт і заняцца вывучэньнем мовы.

16 сьнежня 2014 году сьвятары Менскай мітраполіі Беларускай Праваслаўнай Царквы на чале з Паўлам агучылі намер хадайнічаць перад патрыярхам Маскоўскім Кірылам і Сьвятым Сінодам аб наданьні Беларускай праваслаўнай царкве статусу самакіравальнай Царквы ў складзе Маскоўскага Патрыярхату на ўзор Латвіі, Малдовы і Эстоніі, што выклікала бурную рэакцыю ў Расеі. Пазьней ён адыйшоў ад гэтай ідэі.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году мітрапаліт Павел заявіў на сустрэчы зь вернікамі, што шкадуе аб сваім заўчасным віншаваньні Аляксандра Лукашэнкі зь перамогай, а 17 жніўня ён наведаў пабітых АМАПам пратэстоўцаў у лякарні хуткай мэдыцынскай дапамогі ў Менску.

Пацярпелым экзарх паведаміў, што царква моліцца аб іх «хутчэйшым акрыяньні», і выказаў надзею на «справядлівае расьсьледаваньне злачынстваў, учыненых падчас нядаўніх пратэставых акцый».

Пакараньня за перавышэньне паўнамоцтваў не панёс ніводзін супрацоўнік сілавых структур.

25 жніўня 2020 году мітрапаліт Павел быў вызвалены ад пасады Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі. Такое рашэньне прыняў Сьвяты Сынод Рускай праваслаўнай царквы.

Патрыяршым экзархам усяе Беларусі, мітрапалітам Менскім і Заслаўскім прызначаны япіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веньямін.

Мітрапаліта Паўла тады прызначылі кіраўніком кубанскай мітраполіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG