Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча падоўжыла дзеяньне буфэрнай зоны на мяжы зь Беларусьсю яшчэ на 90 дзён


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Улады Польшчы яшчэ на 90 дзён працягнулі дзеяньне ўведзенай у сярэдзіне чэрвеня буфэрнай зоны на мяжы зь Беларусьсю, паведамляецца на афіцыйным сайце МУС Польшчы.

«Міністар унутраных спраў Томаш Семоняк падпісаў распараджэньне аб падаўжэньні дзеяньня буфэрнай зоны яшчэ на 90 дзён», — адзначаецца ў паведамленьні.

Рашэньне набудзе моц з 10 сьнежня.

Буфэрную зону на польска-беларускай мяжы стварылі ў сувязі з узмацненьнем міграцыйнага ціску. Яна пачала дзейнічаць з 13 чэрвеня і была створаная на 90 дзён. 11 верасьня тэрмін дзеяньня буфэрнай зоны падоўжылі яшчэ на 90 дзён.

Даўжыня буфэрнай зоны складае 60,67 км, шырыня — ад 200 м да 2 км. На працягу 44 км буфэрная зона ахоплівае 200 м ад лініі дзяржаўнай мяжы. Заезд у буфэрную зону забаронены. Абмежаваньні на перамяшчэньне і знаходжаньне ўнутры буфэрнай зоны ўведзеныя ў 27 населеных пунктах Гайнаўскага і Беластоцкага паветаў Падляскага ваяводзтва, якое мяжуе зь Беларусьсю.

  • Польскі ўрад вырашыў стварыць буфэрную зону на некаторых участках польска-беларускай мяжы пасьля таго, як 28 траўня на мяжы падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку быў паранены нажом шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк. Ён памёр 6 чэрвеня.
  • Паводле польскіх уладаў, стварэньне буфэрнай зоны было накіраванае на гарантаваньне бясьпекі як староньніх асобаў, так і супрацоўнікаў паліцыі, памежнікаў і вайскоўцаў, а таксама на абмежаваньне дзейнасьці груп кантрабандыстаў, якія спрыяюць незаконнай міграцыі.
  • Спачатку польскія ўлады рапартавалі, што са зьяўленьнем буфэру плыні нелегалаў значна скараціліся, аднак 26 верасьня віцэ-прэм’ер — міністар нацыянальнай абароны Ўладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў пра ўзмацненьне ціску на мяжы.
  • 3 сьнежня міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семоняк заявіў, што буфэрную зону на мяжы плянуецца пашырыць.
  • Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве. 3 кастрычніка 2024 году міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семоняк прызнаўся, што сытуацыя на мяжы зь Беларусьсю стала «адным з самых сур’ёзных крызісаў» для польскай дзяржавы і «велізарным выклікам» для яго самога.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG