Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двойчы за кратамі. Расказваем пра палітвязьняў, якія зноў трапілі ў турму пасьля вызваленьня


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Свабодзе вядома пра паўторны арышт як мінімум аднаго з памілаваных у 2024 годзе палітзьняволеных. Сярод тых, хто цалкам адбыў пакараньне, такіх выпадкаў значна больш.

Паводле праваабаронцаў, на пачатак сьнежня 2024 году ў Беларусі статус палітычных зьняволеных маюць каля 1300 чалавек. Рэальная лічба асуджаных паводле палітычна матываваных абвінавачаньняў невядомая, аднак яна перавышае афіцыйную. Частка палітвязьняў ня хоча апублічваць сваю гісторыю, пра іншых ня маюць зьвестак самі праваабаронцы.

Афіцыйна прызнаная праваабаронцамі колькасьць беларускіх палітвязьняў таксама пастаянна мяняецца — нехта вызваляецца праз памілаваньне, нехта — цалкам адбыўшы свой тэрмін. У сьпіс рэгулярна ўносяць новыя прозьвішчы. Пры гэтым у Беларусі існуюць людзі, якія становяцца палітзьняволенымі паўторна. Расказваем, што вядома пра такія гісторыі.

Спачатку «памілавалі», потым зноў арыштавалі

Палітвязень Аляксей (імя героя зьмененае на просьбу сяброў дзеля бясьпекі. — РС) быў вызвалены ў адной з хваляў памілаваньняў 2024 году. На волі, па словах сябра Аляксея, ён прабыў прыкладна месяц, пасьля чаго зноў быў затрыманы.

«Гэта проста цынічны зьдзек — нібыта памілаваць чалавека і зноў пасадзіць, ня даўшы нават пабыць на волі, аднавіць здароўе. Ягоны цяжкі стан здароўя і быў, дарэчы, прычынай „памілаваньня“. Цяпер ён зноў за кратамі», — кажа ў размове са Свабодай сябра паўторна арыштаванага.

Паводле ягоных словаў, прычынай затрыманьня стала адмова супрацоўнічаць з пэўнымі ўладнымі структурамі. Цяпер Аляксей, наколькі вядома сябру, знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Праваабаронцы і родныя Аляксея пацьвердзілі ў размове са Свабодай інфармацыю пра яго арышт. Апублічваць больш поўную інфармацыю пра лёс Аляксея яны ня хочуць, баючыся гэтым яму нашкодзіць.

Пра іншы падобны выпадак Свабодзе расказалі сябры іншага палітвязьня Сяргея (імя зьмененае на іх просьбу. — РС). Пасьля 2020 году Сяргей адбыў тры гады ў калёніі за ўдзел у акцыі пратэсту. Калі ён выйшаў на волю па сканчэньні тэрміну, то прыняў рашэньне застацца ў Беларусі і дапамагаць хворым бацькам.

«Яму не было супакою ад міліцыі. Зь любой нагоды да яго прыходзіла міліцыя, цягалі на допыты, правяралі тэлефон. Але ён заставаўся ў Беларусі», — расказвае сябра Сяргея.

Празь нейкі час пасьля вызваленьня былога палітвязьня зноў затрымалі па крымінальнай справе. Яго абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмізму». Цяпер Сяргей у сьледчым ізалятары, яму пагражае новы тэрмін у калёніі.

Ізалятар часовага ўтрыманьня, Магілёў. Ілюстрацыйнае фота
Ізалятар часовага ўтрыманьня, Магілёў. Ілюстрацыйнае фота

За што перасьледуюць былых палітвязьняў

Згаданыя вышэй выпадкі не адзіныя. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, паўторныя арышты былых палітзьняволеных — ня рэдкасьць. Інфармацыю пра некаторыя зь іх яны публікуюць.

Цімур Хайрулін быў затрыманы 30 верасьня 2021 году ў «справе Зельцара». Яго абвінавацілі па артыкуле 369 Крымінальнага кодэксу (абраза прадстаўніка ўлады) і артыкуле 130 (распальваньне варожасьці). На судзе Хайрулін атрымаў 2,5 года пазбаўленьня волі. Адбыў свой тэрмін увосень 2023 году. Праваабаронцам стала вядома, што ў канцы лістапада былога палітвязьня зноў пачалі судзіць. Гэтым разам — за «абразу прадстаўніка ўлады». Акалічнасьці крымінальнай справы невядомыя.

Адбыла тэрмін у жаночай калёніі і выйшла на волю ў 2023 годзе былая настаўніца, 71-гадовая Эма Сьцепулёнак. Яе судзілі за камэнтары ў «справе Зельцара». Пэнсіянэрка атрымала 2 гады калёніі, цалкам адбыла тэрмін. У кастрычніку 2024 году стала вядома, што Эму Сьцепулёнак зноў будуць судзіць — за абразу прадстаўніка ўлады (артыкул 369 Крымінальнага кодэксу).

63-гадовая пэнсіянэрка Натальля Малец у сьнежні 2022 году атрымала на судзе паўтара года «хатняй хіміі» за «абразу прадстаўніка ўлады». У верасьні 2023 году жанчыну зноў затрымалі. У жніўні 2024-га Натальлі Малец далі на судзе 3,5 года калёніі за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (артыкул 361-1 Крымінальнага кодэксу).

Зноў за кратамі былы палітвязень з Баранавічаў Віталь Коршун. Яго судзілі ў верасьні 2021 году за камэнтар пра супрацоўніка АМАП. На судзе Коршун атрымаў два месяцы арышту. У студзені 2024 году яго зноў затрымалі. Былога палітзьняволенага абвінавацілі ў «паклёпе на Лукашэнку», «удзеле ў дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», «арганізацыі масавых беспарадкаў», «распальваньні варожасьці», «закліках да санкцыяў». Зьняволенаму пагражае да 12 гадоў калёніі.

Гэта далёка ня ўсе выпадкі паўторнага перасьледу былых зьняволеных. Многія і былыя зьняволеныя, і іх сваякі баяцца расказваць праваабаронцам пра перасьлед. Як расказалі Свабодзе праваабаронцы «Вясны», у цэнтры ведаюць і пра іншыя выпадкі, але не публічаць інфармацыю дзеля бясьпекі сваякоў. Дакладнай статыстыкі, колькі палітвязьняў вярнуліся за краты, няма.

«Гарантый зноў ня трапіць за краты няма»

Праваабаронца Леанід Судаленка сам адбыў у калёніі 3 гады. Пасьля вызваленьня і ціску з боку міліцыі быў вымушаны выехаць зь Беларусі. Ён кажа, што калі б застаўся — то ўжо ў хуткім часе зноў бы апынуўся за кратамі. У Беларусі на Судаленку ўжо пасьля ад’езду завялі завочную крымінальную справу і асудзілі яго на 5 гадоў калёніі строгага рэжыму.

Праваабаронца заўважае, што паўторныя арышты былых зьняволеных — не навіна.

«Сытуацыя склалася такая, што цяпер перад кожным, хто вызваліўся, стаіць выбар: ці схаваць сваю свабоду глыбока ўнутр, „зашыцца пад плінтус“, як кажуць улады, ці выехаць з краіны, ці заявіць пра свае правы з высока паднятай галавой і зноў трапіць за краты», — разважае Леанід Судаленка.

Леанід Судаленка.
Леанід Судаленка.

Ён кажа, што былым палітвязьням улада не дае магчымасьці выйсьці на свабоду і ня думаць пра новы арышт, пачаць жыцьцё з новай старонкі. Іх уносяць у сьпіс экстрэмістаў і тэрарыстаў. Гэта значыць, што чалавек нават ня можа адкрыць банкаўскі рахунак, уладкавацца на працу. За імі — татальны кантроль з боку міліцыі, калі да цябе дахаты могуць прыйсьці ў кожны момант, праверыць тэлефон, дапытаць ці зрабіць вобшук. За тры парушэньні чалавек можа атрымаць ці 100 базавых штрафу, ці 15 сутак.

На думку праваабаронцы, беларускія ўлады цяпер выкарыстоўваюць практыкі таталітарнага камуністычнага мінулага, бо рэпрэсіі тычацца ня толькі нязгодных, але і бізнэсоўцаў, лекараў, сьвятароў, інжынэраў і чыноўнікаў.

«Улада ня дасьць жыць спакойна былым вязьням. Няма шанцаў на гэта. Як і няма парадаў, апроч такой: калі хочаш мець свабоду і адстойваць свае правы — выяжджай за мяжу. Жыцьцё — галоўная каштоўнасьць, і яго трэба аберагаць і змагацца за яго», — падсумаваў Леанід Судаленка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG