У Гомлі затрымалі сама меней 10 чалавек, дваіх — у крымінальнай справе
Як стала вядома «Флагштоку», большасьць затрыманых дагэтуль утрымліваюць у заключэньні, прычым некаторых перавялі ў СІЗА і абвінавачваюць па крымінальных артыкулах.
«Флагшток» не называе прозьвішчы рэпрэсаваных і абвінавачаньні, якія ім выстаўляюць, але канстатуе, што было затрымана больш за дзесяць чалавек, сярод якіх ёсьць былыя палітзьняволеныя. Большасьць затрыманых — гэта людзі, якія не праяўлялі ніякай актыўнасьці ў апошнія гады, але вядомыя як удзельнікі дэмакратычнага руху яшчэ да пратэстаў 2020 году.
Пакуль вядома пра сама меней дзьве крымінальныя справы і пра тое, што некаторым з затрыманых ужо тройчы запар прысуджалі адміністрацыйны арышт за «экстрэмісцкія» падпіскі.
Уладальніка гарадзенскага сайта s13.ru трэці раз асудзілі на 15 cодняў
Суд Ленінскага раёна Горадні 22 лістапада прысудзіў уладальніку горадзенскага навіновага сайта s13.ru Сяргея Чабоцьку да 15 дзён арышту за распаўсюджваньне «экстрэмісцкіх» матэрыялаў (артыкул 19.11 КаАП), піша Hrodna.life.
Гэта трэці адміністрацыйны арышт Чабоцькі запар. 25 кастрычніка яго таксама судзілі паводле артыкулу аб распаўсюджваньні «экстрэмісцкіх» матэрыяла. Тады суд таксама арыштаваў яго на 15 дзён.
У пачатку лістапада ўладальніка сайта зноў судзілі, на гэты раз паводле артыкулу аб несанкцыянаваным пікетаваньні (артыкул 24.23 КаАП). Рашэньне суда — 15 дзён адміністрацыйнага арышту.
25 кастрычніка сайт s13.ru прызналі «экстрэмісцкім». Сайт і сацсеткі праекту не абнаўляліся з 23 кастрычніка.
Сайт s13.ru існуе амаль 20 гадоў.
Рэчыцкага лекара-рэаніматоляга, якога судзілі за «распаўсюд экстрэмізму», верагодна, звольнілі з працы
19 лістапада ў Рэчыцы адбыўся судовы працэс у дачыненьні да Андрэя Курловіча. Яго абвінавачвалі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Справу мужчыны разглядала судзьдзя Юліяна Лунцэвіч, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Андрэй Курловіч працаваў загадчыкам анэстэзійна-рэанімацыйнага аддзяленьня Рэчыцкай цэнтральнай раённай лякарні. У горадзе і раёне ён вядомы як адзін з найбольш прафэсійных лекараў.
На момант, калі праваабаронцы даведаліся пра гэты суд, Андрэй Курловіч яшчэ быў пазначаны на сайце раённай лякарні як загадчык аддзяленьня. Цяпер у гэтай якасьці на сайце фігуруе іншы лекар — Андрэй Мамантаў, які раней кіраваў анэстэзіялёгіяй і рэанімацыяй у радзільным доме, піша «Гомельская Вясна».
Мамантаў вядомы ў Рэчыцы сваёй праўладнай і прарасейскай пазыцыяй.
У Берасьці пачалі судзіць жанчыну паводле 4 крымінальных артыкулаў
У Берасьцейскім абласным судзе 27 лістапада пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць Курыс Ганны, паведамляе «Вясна». Яе абвінавачваюць паводле чатырох крымінальных артыкулаў:
- ч. 1 арт. 130 (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці),
- ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі),
- арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Беларусі),
- арт. 370 (зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў).
Дыфамацыйныя артыкулы, якія ставяць у віну Ганьне — адныя з самых распаўсюджаных палітычных артыкулаў, паводле якіх цяпер судзяць беларусаў.
Працэс вядзе судзьдзя Сянько Мікалай, які раней ужо асудзіў некалькіх палітвязьняў, сярод якіх Натальля Левая і Арцём Макавей.
Падрабязнасьці справы праваабаронцам не вядомыя.
Маці траіх дзяцей з Горадні прад'явілі абвінавачаньні паводле пяці крымінальных артыкулаў
45-гадовую маці траіх дзяцей Вікторыю Дамастой з Горадні будуць судзіць паводле пяці крымінальных артыкулаў, паведамляе «Вясна». Справу будуць разглядаць 9 сьнежня ў Горадзенскім абласным судзе. Працэс будзе весьці судзьдзя Юры Казакевіч.
Вікторыі Дамастой інкрымінуюць:
- арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх);
- арт. 369 (Зьнявага прадстаўніка ўлады);
- арт. 368 (Зьнявага Лукашэнкі);
- арт. 130 (Распальваньне варожасьці ці варажнечы);
- арт. 367 (Паклёп у дачыненьні да Лукашэнкі);
- арт. 361-4 (Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).
Упершыню яе затрымалі супрацоўнікі КДБ у канцы студзеня 2024 году (падчас масавых затрыманьняў родных і блізкіх палітвязьняў) за тое, што пісала лісты і пераводзіла грошы на рахункі палітвязьняў у СІЗА турмы № 1. Тады на яе завялі крымінальную справу паводле арт. 361-2 КК (фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці), але пад варту жанчыну не ўзялі.
Падчас вобшуку ў яе канфіскавалі тэхніку і грошы. Пасьля дасьледаваньня тэхнікі нібыта знайшлі камэнтары ў сацсетках, па іх потым правялі экспэртызу. 20 красавіка 2024 году Вікторыю паўторна затрымалі і зьмясьцілі ў ІЧУ, а пасьля ў СІЗА.
Цяпер Вікторыя Дамастой знаходзіцца ў горадзенскай турме № 1. Праваабаронцы прызналі яе палітзьняволенай.
У Расеі затрымалі беларуса, які знаходзіўся ў вышуку на радзіме
У Цьвярской вобласці Расеі затрымалі грамадзяніна Беларусі, які знаходзіўся ў вышуку на радзіме.
Як піша «Московский комсомолец», мужчына прыехаў у Расею ў 2023 годзе на заробкі і не працягнуў тэрмін часовага знаходжаньня ва ўстаноўлены тэрмін. Калі яго затрымалі, высьветлілася, што беларус знаходзіцца ў фэдэральным вышуку «за ўчыненае ў Беларусі злачынства».
Мужчыну аштрафавалі на 2000 расейскіх рублёў за парушэньне парадку знаходжаньня ў Расеі, зьмясьцілі ў цэнтар часовага ўтрыманьня на 90 дзён і зьбіраюцца выдаць Беларусі.
Паводле апошніх зьвестак, у расейскай базе вышуку знаходзіцца больш за 3500 беларусаў. Амаль 800 зь іх дадалі туды за апошнія шэсьць месяцаў.
Форум