Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне інтэнсіфікаваліся баі. Расейскія войскі прасунуліся на фронце, у тыле іх галоўная цэль — інфраструктура

абноўлена

Плот з калючага дроту для абароны ад расейскага ўварваньня, ў Данецкай вобласьці, 13 лістапада 2024 году
Плот з калючага дроту для абароны ад расейскага ўварваньня, ў Данецкай вобласьці, 13 лістапада 2024 году

У Расеі сьцьвярджаюць, што іхныя войскі прасоўваюцца ўглыб тэрыторыі Ўкраіны з найбольшай хуткасьцю з пачатку поўнамаштабнай вайны ў лютым 2022 году.

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі аб актывізацыі баёў на ўсіх лініях фронту.

Адначасова расейскія войскі працягваюць атакаваць інфраструктурныя аб’екты ў тыле Ўкраіны.

На фронце — 224 баявыя сутыкненьні

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі, што за апошнія содні на лініях фронту адбылося 224 баявых сутыкненьняў — гэта найбольш за апошнія некалькі тыдняў.

Расейскія войскі атакуюць украінскія пазыцыі пры дапамозе баявой авіяцыі, артылерыі і дронаў. За апошнія содні, расейцы нанесьлі 45 авіяўдараў, ажыцьцявілі 142 абстрэлы з рэактыўных сыстэм залпавага агню і выкарысталі прыблізна 1300 дронаў-камікадзэ. Расейцы захапілі яшчэ 235 квадратных кілямэтраў украінскай тэрыторыі.

Найбольш актыўна Расея выкарыстоўвае сваю авіяцыю ў Данецкай і Харкаўскай абласьцях Украіны і ў Курскай вобласьці Расеі.

«Працягваецца апэрацыя ў Курскай вобласьці. За апошнія содні вораг нанёс 263 артылерыйскія абстрэлы, у тым ліку 5 — з рэактыўных сыстэм залпавага агню, 22 авіяцыйныя ўдары, у часе якіх скінуў 30 кіраваных авіябом», — адзначаецца ў паведамленьні ўкраінскага Генштабу.

Агенцтва Reuters з спасылкай на крыніцы ў Генштабе Ўкраіны паведаміла, што ўкраінскія войскі на 24 лістапада ў Курскай вобласьці ўтрымлівалі прыблізна 800 з занятых раней 1376 квадратных кілямэтраў.

Вайна ўваходзіць у найбольш небясьпечную фазу

Згодна з зьвесткамі агенцтва Reuters, лінія фронту даўжынёй у 1000 кілямэтраў цягам двух гадоў была пераважна статычнай, пакуль расейскія войскі не пачалі наступальныя дзеяньні ў ліпені.

«Вайна ўваходзіць у фазу, якую некаторыя расейскія і заходнія афіцыйныя асобы лічаць найбольш небясьпечнай. Паведамляецца, што Расея выкарыстоўвае паўночнакарэйскія войскі ва Ўкраіне, а Кіеў зараз выкарыстоўвае пастаўленыя Захадам ракеты для нанясеньня ўдараў у адказ па тэрыторыі Расеі», — адзначаецца ў публікацыі.

З спасылкай на справаздачу незалежнай расейскай інфармацыйнай групы «Агенцтва», паведамляецца, што за мінулы тыдзень расейская армія захапіла амаль 235 квадратных кілямэтраў, што зьяўляецца тыднёвым рэкордам за 2024 год.

Раніцай 27 лістапада ўкраінскі OSINT-праект Deep State паведаміў, што Расея акупавала Новасялідаўку і Пятроўку ў Пакроўскім раёне Данецкай вобласьці. Апроч таго, расейскія войскі прасунуліся яшчэ каля 11 населеных пунктаў Данецкай вобласьці.

Цяпер Расея кантралюе 18% украінскай тэрыторыі, у тым ліку ўвесь Крым, крыху больш за 80% Данецкай і Луганскай абласьцей, больш за 70% Запароскай і Херсонскай абласьцей і менш за 3% Харкаўскай вобласьці.

Экспэрты не выключаюць спробаў Расеі атакаваць Днепрапятроўскую вобласьць

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) прагназуюць, што расейскае вайсковае камандаваньнем мае пляны прасунуцца ў паўднёва-ўсходнюю частку Днепрапятроўскай вобласьці (там пакуль баявых дзеньняў няма, але расейскія войскі пэрыядычна абстрэльваюць гэты рэгіён. – РС).

Экспэрты мяркуюць, што расейскія войскі разьлічваюць, што наступ на Днепрапятроўскую вобласьць аблегчыць ім выкананьне задачы цалкам захапіць адміністратыўную тэрыторыю Данецкай вобласьці.

Расейскія войскі працягваюць атакаваць інфраструктуру Ўкраіны

У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны заявілі, што ў ноч на 27 лістапада расейскія войскі атакавалі Ўкраіну 89 баявымі дронамі тыпу «Shahed» і бесьпілётнікамі нявызначанага тыпу, запушчанымі з расейскіх аэрадромаў у Арле, Бранску, Курску і Прыморска-Ахтарску.

Украінскія сілу супрацьпаветранай абароны зьбілі 36 дронаў у Кіеўскай, Чарнігаўсксай, Сумскай, Харкаўскай, Палтаўскай, Жытомірскай, Хмяльніцкай і Мікалаеўскай абласьцях. Яшчэ 48 дронаў лякацыйна страцілі ў выніку ўзьдзеньня сродкамі радыёэлектроннай барацьбы і 5 перамясьціліся ў бок Беларусі, Расеі і часова акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторый.

У выніку начной атакі ў Кіеве два чалавекі атрымалі раненьні. Пашкоджаныя жылыя дамы, офісныя і гаспадарчыя памяшканьні. Улады іншых абласьцей, над якімі зьбівалі дроны, сьцьвярджаюць, што пацярпелых няма.

Ва Ўкраіне ўсё яшчэ дзейнічаюць абмежаваньні на энэргаспажываньне. Энэргетыкі спрабуюць аднавіць інфраструктуру, якую Расея атакавала 17 лістапада.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG