Пра сустрэчу паведаміў «Позірку» галоўны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка.
Перамовы адбыліся 22 лістапада ў Галіфаксе, дзе ў гэты дзень адкрыўся трохдзённы 16-ы Міжнародны форум па бясьпецы.
«Ціханоўская падзякавала за падтрымку незалежных мэдыяў: пасьля мінулай сустрэчы ў красавіку Канада выдаткавала на гэта да 1 млн канадзкіх даляраў (700 тыс. даляраў ЗША)», — адзначыў Вячорка. Паводле яго слоў, бакі дамовіліся, што ў 2025 годзе праграма падтрымкі будзе працягнутая.
Ціханоўская таксама прапанавала Канадзе далучыцца да Міжнароднага гуманітарнага фонду падтрымкі рэпрэсаваных, у які ўжо сабрана больш за 2 млн эўра.
На сустрэчы было пацьверджана, што 26 лістапада Канада пачне стратэгічныя кансультацыі з прадстаўнікамі дэмакратычнай Беларусі. Яны пройдуць у Атаве па трох тэмах: незалежныя СМІ і барацьба з дэзынфармацыяй; прыцягненьне рэжыму да адказнасьці; дэмакратыя і незалежнасьць. Удзел у кансультацыях прымуць прадстаўнікі канадзкіх уладаў, беларускіх незалежных СМІ, экспэртаў, Аб’яднанага пераходнага кабінэта, зазначыў Вячорка.
«Таксама гаварылі аб пляхнах старшынства Канады ў Вялікай сямёрцы ў 2025 годзе і захадах у падтрымку беларускага пытаньня», — паведаміў ён.
«Асобнай тэмай» былі магчымыя перамовы па Ўкраіне і роля Беларусі ў іх. Ціханоўская падкрэсьліла, што расейскія войскі і ядзерная зброя павінны быць выведзены ня толькі з Украіны, але і зь Беларусі.
На форуме ў Галіфаксе Ціханоўская выступіць у дыскусіі аб глабяльных пагрозах з боку Расеі, Кітая, Ірана і Паўночнай Карэі.
Форум