Амбасада ЗША ва Ўкраіне паведаміла аб атрыманьні «канкрэтнай інфармацыі» аб магчымай моцнай паветранай атацы 20 лістапада.
«Праз значную небясьпеку амбасада будзе закрытая. [...] Амбасада ЗША рэкамэндуе грамадзянам ЗША быць гатовымі неадкладна схавацца ў выпадку абвяшчэньня паветранай трывогі», — адзначаецца ў паведамленьні амбасады ЗША.
Дыпляматы таксама заклікалі сваіх грамадзян, якія знаходзяцца ў Кіеве, вызначыць найбліжэйшае бомбасховішча, у якім можна схавацца, і пры неабходнасьці выконваць указаньні ўкраінскіх уладаў і службаў хуткага рэагаваньня ў выпадку надзвычайнай сытуацыі.
Ніякіх іншых дэталяў у амэрыканскай амбасадзе не паведамілі.
Пазьней дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Гішпаніі EFE паведаміла аб закрыцьці на дзень і гішпанскай амбасады ў Кіеве празь імаверную моцную атакі Расеі на ўкраінскую сталіцу.
19 кастрычніка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін зацьвердзіў сваім указам асновы дзяржаўнай палітыкі Расеі ў галіне ядзернага стрыманьня. Дакумэнт прадугледжвае, што Расея пакідае за сабой права выкарыстаць ядзерную зброю ў выпадку прымяненьня гэтай або іншай зброі супраць Расеі або яе хаўрусьніцы Беларусі.
Апроч таго, Расея зможа прымяніць ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Расеі ці Беларусі як удзельнікаў саюзнай дзяржавы з выкарыстаньнем звычайнай зброі, якая створыць пагрозу сувэрэнітэту або тэрытарыяльнай цэласнасьці краін.
Рашэньне аб выкарыстаньні ядзернай зброі ўхвальвае прэзыдэнт Расеі.
17 лістапада выданьні The New York Times, Associated Press і Reuters, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
Форум