Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі заявілі аб зьбіцьці і пашкоджаньні 6 амэрыканскіх ракет ATACMS. У Кіеве пацьвердзілі толькі цэль атакі


Выпрабаваньні апэратыўна-тактычнай ракеты ATACMS на палігоне ў ЗША ў сьнежні 2021 году. Ілюстрацыйнае фота
Выпрабаваньні апэратыўна-тактычнай ракеты ATACMS на палігоне ў ЗША ў сьнежні 2021 году. Ілюстрацыйнае фота

17 лістапада амэрыканскія СМІ паведамілі, што прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.

У Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што ў ноч на 19 лістапада ўкраінскія войскі выкарысталі амэрыканскія апэратыўна-тактычныя ракеты ATACMS амэрыканскай вытворчасьці.

«У выніку супрацьракетнага бою баявымі разьлікамі ЗРС С-400 і ЗРПК „Панцыр“ пяць ракет зьбілі, адну пашкодзілі. Яе фрагмэнты ўпалі на тэхнічную тэрыторыю вайсковага аб’екта ў Бранскай вобласьці, праз што ўзьнік пажар, які апэратыўна зьліквідавалі. Ахвяр і разбурэньняў няма», — сказана ў паведамленьні Мінабароны Расеі.

Ва Ўкраіне прадстаўнікі афіцыйных вайсковых ведамстваў не камэнтуюць гэтую інфармацыю, хоць яшчэ раніцай 19 лістапада шэраг украінскіх выданьняў паведамілі аб выкарыстаньні Ўзброенымі сіламі Ўкраіны ракет ATACMS для ўдару па вайсковым аб’екце Расеі ў Бранскай вобласьці.

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны пацьвердзілі, што ў ноч на 19 лістапада падразьдзелы Ўзброеных сіл Украіны «ва ўзаемадзеяньні зь іншымі сіламі абароны агнём пацэлілі ў арсэнал 1046 цэнтру матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня ў раёне гораду Карачаў Бранскай вобласьці Расеі».

Згодна з паведамленьнем, пасьля нанясеньня гэтага ўдару зафіксавалі 12 другасных выбухаў і дэтанацыю ў раёне цэлі. У той жа час у Генштабе не ўдакладнілі, якім «агнём» — ракетамі ці дронамі — атакавалі расейскі вайсковы аб’ект.


Увечары 17 лістапада The New York Times, Associated Press і Reuters паведамілі, што прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай далёкабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што нанясеньне ўдараў углыб тэрыторыі Расеі прадугледжана ягоным плянам перамогі, але выказаў шкадаваньне, што адпаведны дазвол быў праанансаваны публічна.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG