«Беларуская літаратура знаходзіцца ў экстрэмальным становішчы», — заявіў сябра журы, літаратуразнаўца і крытык, загадчык катэдры славянскай літаратуры Ўнівэрсытэту Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне Сяргей Кавалёў.
Паводле яго, фактычна ў беларускай літаратуры адбываецца трансфармацыя, якая назіралася ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў.
«Але цяпер яна іншая: многія выдавецтвы зьяжджаюць за мяжу, аўтары зьяжджаюць за мяжу. І, галоўнае, стала значна менш саміх твораў. Калі ў 2019 годзе нам даводзілася чытаць і ацэньваць прыблізна 50 тэкстаў, дык у мінулым і ў гэтым годзе — 15-16», — адзначыў Кавалёў і выказаў спадзяваньне, што з часам кніг стане больш, бо «патрэбны час, каб выдавецтвы наладзілі працу ў Польшчы, Чэхіі, Нямеччыне», а аўтары «настроіліся да новых умоваў».
Як вынікае з афіцыйнага сайту прэміі Гедройця, у 2024 годзе на ўдзел у прэміі было намінавана 14 кніг, у 2023 годзе — 15, у 2022 годзе — 20, у 2021 годзе — 32 кнігі. За папярэднія гады сьпісаў усіх кніг-намінантаў на прэмію на сайце няма. Паводле сябраў журы, у папярэднія гады заявак было больш: у 2013 годзе на прэмію падалі 43 новыя кнігі, у 2014-м годзе — 46, у 2015-м — 42.
Адна з прычынаў невялікай колькасьці новых кніг, на думку Сяргея Кавалёва, у тым, што «проза значна павольней рэагуе на сучаснасьць», напісаць верш з рэакцыяй на тое, што адбываецца прасьцей, таму раманаў і іншых вялікіх твораў ня так шмат. Яшчэ адна прыкмета часу, па словах Кавалёва, — некаторыя кнігі, вылучаныя на прэмію, напісаныя пад псэўданімамі.
Затое сёлета, паводле назіраньняў арганізатараў, у шорт-лісьце прэміі выкананы гендэрны балянс: туды трапілі трое мужчын і тры жанчыны. Пры гэтым за 12 папярэдніх гадоў сярод пераможцаў было толькі дзьве жанчыны.
У фінальную шасьцёрку прэтэндэнтаў на прэмію Ежы Гедройця за лепшую кнігу прозы на беларускай мове за 2022-2023 гады ўвайшлі творы Валянціна Акудовіча, Ганны Янкуты, Зьмітра Бартосіка, Евы Вайтоўскай, Марыі Вайцяшонак і Валера Гапеева. Цырымонія ўзнагароджаньня адбудзецца 26 лістапада ў Гданьску.
- Прэмія Гедройця — найбуйнейшая незалежная літаратурная прэмія Беларусі, уручаецца за лепшую кнігу мастацкай і дакумэнтальнай прозы на беларускай мове. Прэмію заснавалі амбасада Польшчы ў Беларусі, Польскі інстытут у Менску, Беларускі ПЭН-цэнтар і Саюз беларускіх пісьменьнікаў (апошнія дзьве арганізацыі ліквідаваныя беларускімі ўладамі і адроджаныя за межамі Беларусі).
- На хвалі рэпрэсіяў пасьля 2020 году рэжым Лукшэнкі ліквідаваў усе асноўныя незалежныя выдавецтвы Беларусі, якія выпускалі сучасную беларускую літаратуру. Многія выдаўцы вымушана эмігравалі і працягнулі сваю справу за мяжой.
Форум