Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Курахава на Данеччыне кажуць пра рэзкі ўздым узроўню вады ў рацэ. Верагодна, пашкоджаная дамба вадасховішча


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Курахаўскае вадасховішча, архіўнае фота
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Курахаўскае вадасховішча, архіўнае фота

Кіраўнік абласной адміністрацыі Данецкай вобласьці Ўкраіны Вадзім Філашкін заявіў пра пашкоджаньне дамбы Курахаўскага вадасховішча на рацэ Воўчы і абвінаваціў у гэтым расейскіх вайскоўцаў. У зоне падзеяў ідуць цяжкія баі за горад Курахава, на які наступае расейскае войска.

Філашкін паведамляе пра пад’ём вады ў рацэ на 1,2 мэтра (па стане на 16:00) у межах Вяліканавасёлкаўскай грамады.

Пра пашкоджаньне або поўнае разбурэньне Цярноўскай дамбы крыніцы ў Данецкай вобласьці паведамляюць з раніцы 11 лістапада.

Кіраўнік Курахаўскай гарадзкой вайсковай адміністрацыі Раман Падун раней паведаміў пра ўздым вады ўздоўж ракі Воўчы і магчымае пашкоджаньне Цярноўскай дамбы Курахаўскага вадасховішча. Паводле яго, у сёлах уздоўж ракі Воўчы зафіксавалі ўздым вады, ёсьць зьвесткі, што вада падыходзіць да населеных пунктаў Вяліканавасёлкаўскай грамады.

«Нам вядома, што вада ідзе па сёлах, якія разьмешчаныя каля Цярноўскай дамбы. Характар пашкоджаньня, крытычнасьць пацьвердзіць ня можам. Агляд дамбы ня можам ажыцьцявіць з прычыны пастаянных абстрэлаў, — заявіў Раман Падун. — <...> Там ідзе вада так, як калі шлюзы адчыняюцца. Мы канстатуем, што дамба, верагодна, пашкоджаная».

«Новости Донбаса» са спасылкай на крыніцы ў экстранных службах пішуць, што дамба была пашкоджаная каля 9-й раніцы ў выніку абстрэлу. У населеных пунктах уздоўж ракі падтапленьняў не зафіксавана.

Раней украінскія і расейскія тэлеграм-каналы паведамлялі пра «падрыў» дамбы. Украінскія каналы абвінавацілі ў гэтым расейскія войскі. Расейскія Z-каналы сьцьвярджаюць, што дамбу нібыта «падарвалі» ўкраінскія вайскоўцы. «Важные истории» заўважылі, што фатаздымак, які публікавалі Z-блогеры, насамрэч аказаўся выявай падрыву Казаровіцкай дамбы 26 лютага 2022 году, а не Цярноўскай дамбы.

Ні расейскія, ні ўкраінскія вайскоўцы сытуацыю не камэнтавалі.

Населеныя пункты ніжэй за дамбу кантралюе Ўкраіна.

Паводле зьвестак украінскага аналітычнага партала DeepState, горад Курахава, разьмешчаны на левым беразе Курахаўскага вадасховішча, спрабуюць акружыць расейскія вайскоўцы. Яны штурмуюць пазыцыі УСУ з поўначы, поўдня і ўсходу, а таксама спрабуюць узяць як мінімум пад агнявы кантроль трасу Н15 Запарожжа — Данецк. Сытуацыя на гэтым напрамку пагаршаецца, гаворыцца ў высновах аналітыкаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG