Расейскія вайскоўцы 7 лістапада нанесьлі чарговы авіяўдар па Запарожжы. Бомбы трапілі па жылых дамах і бальніцы, паведаміў кіраўнік рэгіянальнай ваеннай адміністрацыі.
На цяперашні момант вядома пра 4 загінулых і 18 параненых, паведамляе кіраўнік МУС Украіны Ігар Кліменка. Ратавальнікі працягваюць разьбіраць завалы, колькасьць ахвяраў можа вырасьці.
Паводле кіраўніка абласной адміністрацыі Івана Фёдарава, сярод пацярпелых — трое дзяцей: чатырохмесячная дзяўчынка, аднагадовы і дзесяцігадовы хлопчыкі. Агулам па Запарожжы нанесьлі пяць удараў ракетамі і карэктаванымі авіяцыйнымі бомбамі, удакладніў Фёдараў.
У выніку ўдараў разбураныя шматкватэрны дом, прыватныя дамы, а таксама пашкоджаны будынак анкалягічнай бальніцы, напісаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
Сёньняшнюю атаку расейскія ўлады на момант публікацыі навіны не камэнтавалі.
- Расея ў 2022 годзе заявіла пра анэксію Запароскай вобласьці, нягледзячы на тое, што ніколі не кантралявала сам горад Запарожжа.
- Раней у выніку расейскага ўдару па Запарожжы ў ноч на пятага лістапада загінулі сем чалавек, 25 атрымалі раненьні. Як паведамлялі мясцовыя ўлады, удар быў нанесены па аб’екце інфраструктуры, дзе ўзьнік пажар.
- За апошнія содні расейскія войскі таксама нанесьлі ўдар па тэрыторыі Ўкраіны дронамі «Шахед». У выніку падзеньня бесьпілётнікаў у Кіеве і Адэсе ўспыхнулі пажары. Паветраную трывогу абвяшчалі ў дзевяці абласьцях Украіны.
Форум