Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, калі Данія пачне выдаваць беларускім уцекачам «пашпарты іншаземцаў»


Ілюстрацыйнае фота. Сьцяг Даніі
Ілюстрацыйнае фота. Сьцяг Даніі

Беларусы Даніі пачынаючы з 8 лістапада змогуць атрымліваць пашпарты замежнікаў, паведаміла дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская.

«Дзякуй, Данія! Урад Даніі аб’явіў, што грамадзяне Беларусі змогуць атрымліваць пашпарты замежнікаў з 8 лістапада. Я хачу падзякаваць міністру [ў справах замежнікаў і інтэграцыі — рэд.] Каарэ Дыбваду за нашу канструктыўную сустрэчу ў траўні і за падтрымку беларусаў, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў рэжыму за мяжой», — напісала Сьвятлана Ціханоўская ў сацыяльнай сетцы X.

У Даніі пастаянна або часова пражываюць каля 640 беларусаў. У некаторых ужо скончыўся часовы дазвол на жыхарства і пачаліся праблемы зь легалізацыяй у краіне.

Падчас працоўнага візыту ў Ісьляндыю для ўдзелу ў 76-й сэсіі Паўночнай Рады ў канцы кастрычніка Сьвятлана Ціханоўская дасягнула дамоўленасьці з кіраўніцтвам Даніі аб тым, што скандынаўская дзяржава будзе прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты Рэспублікі Беларусь, якія многія зь беларусаў ня могуць абмяняць на радзіме празь небясьпеку палітычнага перасьледу там.

Пасьля сустрэчы зь Ціханоўскай кіраўнік МЗС Даніі Лярс Лёкэ Расмусэн таксама паведаміў, што Данія ўнясе зьмены ва Ўказ аб іншаземцах, дзякуючы якім зьявіцца дадатковая прычына для выдачы беларусам «пашпартоў іншаземцаў» (праязных дакумэнтаў).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG