Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Небеларускі пашпарт – 2. На якіх умовах беларусы могуць атрымаць грамадзянства Гішпаніі, Партугаліі, Нямеччыны і іншых краін


Беларускі пашпарт. Ілюстрацыйнае фота
Беларускі пашпарт. Ілюстрацыйнае фота

У Гішпаніі — як «лічбавы вандроўнік», у Партугаліі шлях праз ІП больш немагчымы, на Кіпры ў дадатак да пашпарта ідзе абавязковая вайсковая служба. Расказваем, як беларусы могуць атрымаць пашпарт Гішпаніі, Партугаліі, Кіпра, Нямеччыны, Аргентыны.

Гішпанія. Статусу ўцекача чакаць больш за два гады

Беларус Яўген* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) прыехаў у Гішпанію разам зь сям’ёй у сакавіку 2022 году. Разглядалі легалізацыю праз вучэбную візу.

«Гэта нам не зусім падышло. Навучальныя праграмы трэба аплочваць. На рахунку трэба мець даволі вялікія грошы, каб паказаць, што я магу ўтрымліваць сябе і ўсю сям’ю. Калі сам навучэнец мае права працаваць на няпоўную стаўку, то тым, хто пераяжджае разам зь ім, працаваць нельга. Трэба было або ісьці вучыцца ўсім, або займацца „шэрай“ працай», — тлумачыць суразмоўца.

Да таго ж пасьля завяршэньня вучобы трэба было б шукаць новую прычыну, каб застацца ў краіне. Таму сям’я выбрала шлях уцякацтва. Яны скарысталіся паслугамі расейскамоўнага адваката, які пракансультаваў і дапамог скласьці дакумэнты. Адвакату заплацілі каля 400-500 эўра. Яўген лічыць зварот да спэцыяліста слушным крокам.

У наборы дакумэнтаў трэба было мець пераклад, які і зрабіў афіцыйны перакладчык. Такіх перакладчыкаў, зь беларускай на гішпанскую мову, няшмат. Адна старонка перакладу можа каштаваць некалькі дзясяткаў эўра. Калі вялікі стос дакумэнтаў, то спатрэбіцца некалькі соцень эўра.

Каб падацца на ўцякацтва, трэба было запісацца онлайн на сустрэчу з паліцэйскім камісарам.

«Запісацца на ўсялякія юрыдычныя працэдуры ў Гішпаніі не заўсёды проста. Ты пільнуеш запіс кожную раніцу, калі зьявяцца тыя свабодныя вокны, або шукаеш людзей, якія за грошы цябе запісваюць. Гэта каштуе 20-30 эўра. Мы запісаліся за грошы», — кажа суразмоўца.

На прыём да камісара сям’я трапіла праз чатыры месяцы пасьля пераезду. Яны ўзялі з сабой увесь пакет неабходных дакумэнтаў. Аднак зь беларусамі толькі пагаварылі і запісалі яшчэ раз на падачу дакумэнтаў праз два месяцы. Далі дакумэнт, які дазваляў гэтыя два месяцы легальна знаходзіцца на тэрыторыі Гішпаніі, бо віза на той момант ужо заканчвалася.

Мадрыд. Каралеўскі палац
Мадрыд. Каралеўскі палац

Праз два месяцы яны зноў прыйшлі на размову. Ім задавалі пытаньні пра адукацыю, прафэсію, прычыны таго, чаму яны выехалі з краіны. Таксама трэба было патлумачыць, чаму сям’я падаецца на ўцякацтва ў Гішпаніі, а ня ў першай краіне ўезду, як патрэбуюць нормы.

Урэшце ім выдалі «белую картку» — ліст паперы са зьвесткамі пра чалавека, некаторымі ягонымі абставінамі і фатаздымкам. Гэта быў легалізацыйны дакумэнт на паўгода. Праз паўгода «белую картку» замянілі на чырвоную. Яна ўжо выглядала як невялікая кардонка са зьвесткамі, фатаздымкам і адбіткам пальца. «Чырвоная картка» дае дазвол на працу.

Карткі выдавалі ў Офісе ўцякацтва і прытулку. Запісацца туды гэтак сама складана, як і да паліцэйскага камісара. Сям’я зноў заплаціла грошы. (Аднак гэтыя платныя паслугі нелегальныя.)

«Гішпанская дзяржава зараз спрабуе нешта зрабіць з малой дасяжнасьцю запісаў. Дзесяць гадоў таму ў нашай аўтаномнай супольнасьці (усяго ў Гішпаніі 17 аўтаномных рэгіёнаў) было 3-4 тысячы просьбаў аб уцякацтве на год. Летась жа іх было 120 тысяч, у 40 разоў больш», — расказвае беларус.

Фармальна запыт на ўцякацтва ў Гішпаніі мае разглядацца два гады. Аднак паліцыянт, які аддаваў ім дакумэнты, сказаў, што яны не пасьпеюць, давядзецца чакаць даўжэй. І вось сям’я беларусаў чакае рашэньня наконт статусу ўцекача ўжо амаль два гады. Увесь гэты час ім нельга выяжджаць з Гішпаніі.

Яўген адзначыў, што гэтыя легалізацыйныя дакумэнты могуць ускладняць узаемадзеяньні з замежнымі кампаніямі.

«Вам могуць заблякаваць картку плацежнай сыстэмы, бо гэты фармат дакумэнта не пасуе гэтай эўрапейскай, але негішпанскай плацежнай сыстэме», — прывёў ён прыклад.

Тыя, хто падаецца на ўцякацтва ў Гішпаніі, могуць зьвяртацца да Чырвонага Крыжа або да іншых арганізацый (прыкладам, арганізацыі Accem), якія дапамагаюць з жытлом, грашыма. Але чалавек тады ня можа выбраць месца, дзе жыць. Сям’я Яўгена выбрала не зьвяртацца па дапамогу.

Калі сям’я не атрымае статусу ўцекачоў, яны разглядаюць варыянт падацца на дазвол на жыхарства паводле аселасьці. Для гэтага трэба пражыць у Гішпаніі бесьперапынна тры гады, мець жытло, працу, ведаць мову, ня мець праблемаў з законам.

«Для беларусаў трэба мець нацыянальны дакумэнт, каб туды ўставіць дазвол на жыхарства. Калі пашпарты скончыліся, незразумела, куды гэта ставіць. Ёсьць яшчэ фармат пашпарта іншаземца, але я пакуль ня ведаю, як гэта працуе», — кажа суразмоўца.

Вечаровы Порту, ілюстрацыйнае фота
Вечаровы Порту, ілюстрацыйнае фота

Партугалія. Легалізацыю праз ІП скасавалі

Андрэй* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) пераехаў у Партугалію зь сям’ёй. Яны б у будучыні хацелі атрымаць грамадзянства гэтай краіны. Амаль два гады таму сям’я падала дакумэнты на часовы дазвол на жыхарства.

«У тэорыі ўсё проста. Але тэорыя разыходзіцца з практыкай», — кажа суразмоўца.

Ён тлумачыць, што беларус можа падавацца на грамадзянства, калі пражыве ў Партугаліі бесьперапынна пяць гадоў. Аднак пры гэтым трэба мець часовы дазвол на жыхарства. Яго выдаюць спачатку на два гады, потым на тры. Праз пяць гадоў чалавек можа падавацца на пастаянны дазвол на жыхарства і паралельна падавацца на грамадзянства.

«Аднак у нас яшчэ першага дазволу на жыхарства няма. У нас знаёмы падаў дакумэнты (на часовы дазвол на жыхарства. — РС) мінулым летам — і ні вокам не відаць, ні слыхам не чуваць, які там статус», — кажа суразмоўца.

Пяць-шэсьць гадоў у тэорыі пераўтвараюцца ў прыкладна дзесяць гадоў у рэальнасьці, пакуль беларус ідзе да грамадзянства ў Партугаліі, тлумачыць Андрэй. Іхная знаёмая сям’я зь дзецьмі жыве ў Партугаліі больш за дзесяць гадоў, і толькі нядаўна яны атрымалі партугальскае грамадзянства.

Андрэй падаваўся на дазвол на жыхарства на падставе адкрытага ў Партугаліі ІП. Там няма патрэбы паказваць высокі ўзровень даходу. адкрыць ІП было досыць проста. Больш складанасьцяў у беларусаў было адкрыць рахунак у банку, бо пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ўвялі санкцыі. Рахункі беларусам урэшце стаў адкрываць толькі адзін дзяржаўны банк.

Аднак цяпер гэтую падставу (праз ІП) скасавалі, у будучыні беларусы ня змогуць ёй скарыстацца. Суразмоўца тлумачыць, што гэты закон дазваляў лёгка легалізавацца ў Партугаліі, таму туды прыехалі мігранты з Банглядэш, Нэпалу, Бразыліі, Беларусі, Расеі, іншых краінаў. У чарзе на атрыманьне дазволу на жыхарства праз ІП было каля 400 тысяч чалавек. Ён думае, што празь вялікі наплыў мігрантаў вырашылі адмяніць гэты пункт заканадаўства.

«Мы чакалі, што праз год атрымаем дазвол на жыхарства, а атрымаем праз два», — кажа Андрэй.

Ён мяркуе, што працэдура залежыць ад рандомных, чалавечых фактараў, таксама ад рэгіёну Партугаліі, катынэнтальнай ці астраўной яе часткі. Некаму чамусьці робяць дакумэнты хутчэй, камусьці зацягваюць.

У сям’і беларусаў ёсьць знаёмыя, якія прыехалі пазьней за іх, але ўжо атрымалі дазвол на жыхарства. Падаліся на падставе таго, што яны высокакваліфікаваныя спэцыялісты ў ІТ-сфэры. Ёсьць умова, што такі высокакваліфікаваны айцішнік мае працаваць менавіта ў партугальскай фірме, а таксама мець дыплём пра адпаведную адукацыю. Андрэй прывёў прыклад расейскага музыкі Міхаіла Епіфанава з гурту «Каста», які жыве ў Лісабоне, але ня змог падаць заяўку як высокакваліфікаваны спэцыяліст, бо ня мае дыплёму рэпэра.

Андрэй таксама расказаў пра спосаб легалізавацца празь дзяцей, якія вучацца ў старшых клясах партугальскай школы. Аднак, калі дзеці скончаць школу, трэба будзе шукаць новую прычыну, каб законна заставацца ў краіне.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Што неабходна, каб атрымаць грамадзянства

Гішпанія

  • Па месцы жыхарства (натуралізацыя)

1. Пражыць у Гішпаніі 10 гадоў законна і бесьперапынна непасрэдна перад падачай на грамадзянства. Мець месца жыхарства ў Гішпаніі. Натуралізацыя на агульных падставах праходзіць у тры этапы. Спачатку трэба атрымаць часовы дазвол на жыхарства, празь пяць гадоў — пастаянны дазвол на жыхарства, яшчэ празь пяць гадоў можна падавацца на грамадзянства.

2. За гэты 10-гадовы пэрыяд нельга выяжджаць за межы Гішпаніі даўжэй, чым на 6 месяцаў за адну паездку.

3. Патрэбен беларускі пашпарт, пасьведчаньне аб нараджэньні.

4. Чалавек павінен ня мець судзімасьцяў у Гішпаніі і Беларусі.

5. Здаць экзамэн на веданьне законаў, гісторыі, традыцый Гішпаніі, а таксама гішпанскай мовы на ўзроўні А2.

6. Аплаціць збор каля 105 эўра.

  • Уцякацтва

Першапачатковы дазвол на пражываньне выдаюць на падставе статусу ўцекача на 1 год, потым яго могуць працягваць двойчы на 2 гады. Пасьля гэтага могуць даць пастаянны дазвол на жыхарства на 5 гадоў. Астатнія ўмовы, як у папярэднім пункце. Заяву на ўцякацтва, паводле закону, маюць разглядаць ад паўгода да 2 гадоў, але ў рэальнасьці тэрміны могуць быць большымі.

  • «Лічбавы вандроўнік»

«Лічбавы вандроўнік» (digital nomad) — чалавек, які ў працы не залежыць ад пастаяннага месца знаходжаньня і вандруе па сьвеце з ноўтбукам.

Легалізацыя на гэтай падставе зьявілася ў Гішпаніі толькі ў 2023 годзе. Для яе трэба:

1. Мець дыплём аб спэцыяльнасьці або тры гады рэлевантнага досьведу.

2. Ня менш за тры месяцы працаваць на кампанію, якую зарэгістравалі ня менш як год таму. Можна быць фрылянсэрам.

3. Пацьвердзіць штогадовы даход у 30 250 эўра, плюс 11 340 эўра на другога члена сям’і, плюс 3770 на кожнага наступнага.

  • Высокакваліфікаваны спэцыяліст

1. Неабходна пацьвердзіць сваю высокую кваліфікацыю, прадставіць дыплём аб вышэйшай адукацыі, паказаць свае функцыі, памер адказнасьці на працоўным месцы, колькасьць падначаленых. Дакладнага азначэньня «высокакваліфікаваны спэцыяліст» у заканадаўстве няма. Заробак мае быць ад 41 тысячы эўра за год для спэцыялістаў і ад 55 тысяч эўра для кіраўнікоў.

Такія заявы маюць разгледзець хутчэй, чым іншыя, — цягам месяца. Пры гэтым падае дакумэнты арганізацыя, якая наймае работніка. а ня сам чалавек.

  • Вучоба

1. Неабходна вучыцца ў гішпанскім ВНУ або на моўных курсах. Іншыя сямейнікі легалізуюцца разам з гэтым навучэнцам. Навучэнцам можа лічыцца нават дзіця, якое ходзіць у гішпанскую школу; бацькі легалізуюцца як тыя, хто яго суправаджае.

2. Паказаць, што ёсьць грошы на ўтрыманьне: 600 эўра на аднаго чалавека плюс 450 эўра на другога члена сям’і, плюс 300 эўра на наступных. Так, на сям’ю з трох чалавек трэба сама меней 1350 эўра на месяц.

Вучоба дае толькі часовы дазвол жыць у краіне і фактычна зацягвае атрыманьне гішпанскага пашпарта. Час вучобы не ўваходзіць у 10 гадоў, неабходных для атрыманьня грамадзянства паводле натуралізацыі.

  • Бяз права на працу

1. Трэба пацьвердзіць пастаянны пасіўны даход з-за мяжы, напрыклад ад здачы ў арэнду нерухомасьці. Або можна паказаць ашчаджэньні на рахунку ў памеры 2400 эўра на аднаго чалавека ў месяц, плюс 600 эўра на кожнага наступнага члена сям’і.

  • На падставе інвэстыцый

1. Інвэставаць у эканоміку Гішпаніі так:

  • купіць жылую або камэрцыйную нерухомасьць у Гішпаніі на 500 тысяч эўра і больш;
  • ці купіць акцыі гішпанскіх кампаній (ад 1 мільёна эўра);
  • укласьці ў інвэстыцыйныя або вэнчурныя фонды ад 1 мільёна эўра;
  • пакласьці на рахунак у гішпанскім банку ад 1 мільёна эўра;
  • купіць дзяржаўныя аблігацыі на суму ад 2 мільёнаў эўра;
  • фінансаваць буйны бізнэс-праект, які зробіць значны ўнёсак у эканоміку Гішпаніі.

Першы дазвол на жыхарства выдаюць на 3 гады, наступны на 5 гадоў. Сям’я інвэстара легалізуеццаа разам зь ім.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Партугалія

  • 5 гадоў пражываньня

1. Законна пражыць у Партугаліі 5 гадоў.

2. Здаць онлайн-экзамэн з партугальскай мовы ўзроўню А2. Гэта каштуе каля 80 эўра.

3. Ня быць асуджаным у Партугаліі на тэрмін у 3 гады і большы, ня быць зьвязаным з тэрарызмам.

  • Шлюб або партнэрства

1. Пражыць у шлюбе або пазашлюбным партнэрстве з грамадзянінам Партугаліі больш за 3 гады.

2. Могуць спатрэбіцца дакумэнты, якія пацьвердзяць сувязь з партугальскай супольнасьцю.

3. Нельга займаць дзяржаўныя пасады ў іншай краіне.

4. Нельга, каб чалавек раней адслужыў на неабавязковай вайсковай службе ў іншай краіне.

5. Ня быць асуджаным на тэрмін 3 гады і большы ў Партугаліі. Ня быць зьвязаным з тэрарызмам.

  • Вучоба

1. Здаць уступныя іспыты і быць залічаным у партугальскую навучальную установу. У залік на грамадзянства ідзе толькі палова тэрміну, які студэнт правёў у вучэльні. Прыкладам, з чатырох гадоў студэнцтва залічваецца ў стаж толькі два гады.

  • Сябра партугальскай супольнасьці за мяжой

1. Быць сябрам супольнасьці партугальскага паходжаньня за мяжой. Трэба даказаць што большасьць удзельнікаў супольнасьці маюць партугальскае паходжаньне і пашыраюць традыцыі партугальскай культуры. У гэтых выпадках рашэньне аб наданьні грамадзянства прымае міністар юстыцыі.

  • Інвэстыцыі

1. Інвэставаць у эканоміку Партугаліі 250–500 тысяч эўра: купіць нерухомасьць, пакласьці на банкаўскі рахунак. Атрымаць на гэтай падставе дазвол на жыхарства. Яго трэба падаўжаць кожныя два гады.

2. Пражыць 5 гадоў ў Партугаліі з дазволам на жыхарства. Цягам гэтага пэрыяду можна знаходзіцца ў Партугаліі ня ўвесь час, а сама меней 7 дзён штогод.

3. Здаць экзамэн з партугальскай мовы на ўзровень А2.

4. Ня мець судзімасьцяў.

Падача заявы на партугальскае грамадзянства каштуе 250 эўра.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Кіпр

  • Пражываньне цягам 10 гадоў (натуралізацыя)

1. Пражыць 10 гадоў на Кіпры, зь іх цягам 8 гадоў трэба мець дазвол на жыхарства. Апошні год можна адсутнічаць у краіне ня больш за 90 дзён. Спачатку чалавек атрымлівае часовы дазвол на жыхарства на 5 гадоў, потым пастаянны дазвол на жыхарства таксама на 5 гадоў.

Дзяржаўныя зборы за падачу заяўкі на грамадзянства — 500 эўра. Пры станоўчым рашэньні — яшчэ 500 эўра.

Раней за інвэстыцыі ў эканоміку Кіпра тэрмін чаканьня скарачаўся да 5 гадоў. Аднак зь лістапада 2020 году інвэстары ідуць на агульных умовах.

Мужчыны, якія атрымалі грамадзянства Кіпра праз натуралізацыю, мусяць цягам двух гадоў пасьля атрыманьня пашпарта адслужыць у кіпрскім войску. Мужчыны, малодшыя за 26 гадоў, — 6 месяцаў, старэйшыя за 26 гадоў — тры месяцы.

  • Шлюб

1. Пражыць у шлюбе з грамадзянінам Кіпра ня менш за 3 гады.

2. Пражыць на Кіпры ня менш за 2 гады.

Дзяржаўны збор у гэтым выпадку складае 300 эўра.

  • Высокакваліфікаваныя работнікі, ІТ-спэцыялісты

Гэты пункт у заканадаўстве зьявіўся ў канцы 2023 году.

1. Трэба пацьвердзіць, што чалавек высокакваліфікаваны работнік або супрацоўнік IT-сфэры. Паказаць дыплём аб адукацыі або пацьвердзіць досьвед працы ня менш за 2 гады на адпаведнай пасадзе.

2. Пражыць на Кіпры цягам 4 гадоў пра ўмове, што чалавек здасьць экзамэн з грэцкай мовы ўзроўню В1. Або пражыць на Кіпры 5 гадоў і здаць экзамэн з грэцкай мовы ўзроўню А2. Апошні год можна адсутнічаць на Кіпры ня больш за 90 дзён.

3. Здаць экзамэн на веданьне сацыяльна-палітычнай сытуацыі Кіпра.

4. Ня мець праблем з законам.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Нямеччына

  • Пражываньне ў краіне цягам 5 гадоў (натуралізацыя)

1. Пражыць у Нямеччыне 5 гадоў з дазволам на жыхарства (новы закон аб натуралізацыі ўступіў у сілу 27 чэрвеня 2024 году). Раней гэты тэрмін складаў 8 гадоў.

2. Мець уласнае або арандаванае жытло.

3. Самастойна сябе ўтрымліваць, не карыстацца дзяржаўнай дапамогай.

4. Ведаць нямецкую мову на ўзроўні В1.

5. Ведаць прававы і сацыяльны лад Нямеччыны.

6. Падтрымліваць дэмакратычныя каштоўнасьці Нямеччыны.

7. Трымацца законаў Нямеччыны, напрыклад ня быць у шлюбе адначасова зь некалькімі людзьмі.

Скараціць час пражываньня ў Нямеччыне да трох гадоў можна, калі чалавек пацьвердзіць валоданьне нямецкай мовай на ўзроўні C1, пакажа пасьпяховыя вынікі ў валянтэрскай або прафэсійнай дзейнасьці.

Аргентына

  • Пражываньне цягам двух гадоў (натуралізацыя)

1. Пражыць у Аргентыне цягам двух гадоў з часовым дазволам на жыхарства. Пастаянны дазвол на жыхарства мець неабавязкова. Гэта адзін з самых кароткіх тэрмінаў, каб прэтэндаваць на пашпарт, у параўнаньні зь іншымі краінамі.

2. Мець працу або іншую законную крыніцу даходу.

3. Пацьвердзіць гатоўнасьць стаць грамадзянінам Аргентыны перад фэдэральным судзьдзёй.

Адмаўляцца ад першага пашпарта пры атрыманьні аргентынскага ня трэба.

  • Шлюб

1. Быць у шлюбе з грамадзянінам Аргентыны. Адразу пасьля ўзяцьця шлюбу можна падаць заяву на грамадзянства. Ня трэба жыць пэўны пэрыяд у шлюбе і ня трэба жыць пэўны пэрыяд на тэрыторыі Аргентыны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG