Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісты Радыё Свабода выявілі імя расейскага «Доктара Зло», які катаваў украінскіх палонных

Журналісты Свабоды здолелі ідэнтыфікаваць турэмнага лекара Ільлю Сарокіна, які зьдзекаваўся з украінскіх ваеннапалонных у адной з самых сакрэтных калёніяў Расеі.
Журналісты Свабоды здолелі ідэнтыфікаваць турэмнага лекара Ільлю Сарокіна, які зьдзекаваўся з украінскіх ваеннапалонных у адной з самых сакрэтных калёніяў Расеі.

Журналісты расьсьледнага праекту Ўкраінскай службы Радыё Свабода «Схемы» апыталі 150 былых палонных і вызначылі асобу лекара, які катаваў украінскіх ваеннапалонных у папраўчай калёніі № 10 у Мардовіі. Гэта 34-гадовы Ільля Сарокін, супрацоўнік мэдычна-санітарнай часткі № 13, якая абслугоўвае калёнію.

Калёнія № 10 у Мардовіі (аўтаномія ў складзе Расеі) — гэта ўстанова асаблівага рэжыму з строгім кантролем і поўнай ізаляцыяй зьняволеных. Зьняволеныя, вызваленыя з палону паводле абмену, расказалі журналістам пра сыстэмны — маральны і фізычны — зьдзек зь іх.

Больш за ўсё ім запомніўся «Доктар Зло» — так зьняволеныя называлі паміж сабой лекара калёніі, які прыніжаў іх, катаваў і не аказваў мэдычную дапамогу, што ў некаторых выпадках магло прывесьці да сьмерці некалькіх украінскіх палонных. Дзякуючы гэтым сьведчаньням і зьвесткам з адкрытых крыніц «Схемам» удалося вызначыць асобу гэтага лекара.

Паводле зьвестак Каардынацыйнага штабу ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, на красавік 2025 году ў калёніі былі каля сямісот украінцаў. Зь іх шмат морскіх пяхотнікаў, якія абаранялі Марыюпаль. Расьсьледаваньне «Схемаў» апавядае пра тое, як арганізавана адна з самых сакрэтных калёніяў у Мардовіі, як там трымаюць ваеннапалонных без працэсуальнага статусу і рэгулярна катуюць іх.

Акрамя «Доктара Зла», журналісты называюць іншых лекараў, супрацоўнікаў і кіраўніцтва, адказных за тое, што адбылося ў сьценах установы. Бо менавіта лекары мусілі аказваць дапамогу хворым, асабліва цяжка хворым.


Якім быў «Доктар Зло»

Найбольш запомніўся вязьням адзін зь іх, зь мянушкай «Доктар Зло».

Яе прыдумалі самыя вязьні, бо сапраўднага імя гэтага лекара ніхто ня ведаў. Журналісты выбралі агульныя фатаздымкі і пачалі паказваць іх ня толькі былым ваеннапалонным, зь якімі запісвалі інтэрвію, але і ўсім былым зьняволеным 10-й калёніі і чые кантакты «Схемы» змаглі атрымаць.

Большасьць паказала на аднаго з мэдычных работнікаў — ён быў актыўным удзельнікам прафсаюзных выступаў, а ў сацыяльных сетках сябраваў з многімі супрацоўнікамі мардоўскай калёніі. Аднак ваеннапалонныя, у якіх бралі інтэрвію журналісты, вагаліся: ці сапраўды гэта «Доктар Зло»? Бо ён насіў мэдычную маску, а часам, паводле сьведчаньняў, балаклаву з намаляваным на ёй чэрапам. А на галаве ў заняволеных быў мяшок. Толькі некаторым зь іх удалося ўбачыць мэдыка — у тыя рэдкія моманты, калі ён здымаў маску. Каб канчаткова пераканацца, «Схемы», знайшоўшы відэа, дзе яго ня толькі добра відаць, але, самае галоўнае, чуваць яго голас, разаслалі гэтае відэа ўсім.

«Доктарам Злом» выявіўся 34-гадовы Ільля Сарокін. Жанаты, мае дзьвюх дачок. Згодна з аналізам яго сацыяльных сетак і сваякоў, у яго тыповая расейская сям’я: бацька настальгуе па СССР і Сталіну, сястра — жонка дэсантніка з Тулы. Як высьветлілі «Схемы», у канцы 2024 году Сарокін пайшоў служыць. Ён узяў пазыўны «Доктар» і, падобна, цяпер служыць у тылавых войсках расейскай арміі.

Паводле сьведчаньняў былых палонных, Сарокін, якога палонныя паміж сабой называлі «Доктар Зло», рэгулярна ўжываў фізычны і псыхалягічны гвалт — выкарыстоўваў электрашокер, біў, зьневажаў, у тым ліку сэксуальна, і адмаўляў у мэдычнай дапамозе. Гэта, прынамсі у адным выпадку, прывяло да сьмерці ўкраінскага вайскоўца — Уладзіміра Юхіменкі, у якога пасьля палону дыягнаставалі пнэўманію, шматлікія пераломы і ўнутраныя кровазьліцьці.

Можа падацца, што Ільля Сарокін, — адзіны вядомы лекар, які зьдзекаваўся з украінцаў у мардоўскай калёніі. Але гэта ня так. Паводле сьведчаньняў зьняволеных, ніводзін лекар там не аказаў ім належнай дапамогі, часта гэта была проста імітацыя ў спалучэньні з катаваньнямі.

У расьсьледаваньні таксама названыя імёны кіраўніцтва ПК-10 і супрацоўнікаў, адказных за дысцыпліну і ахову. З словаў палонных, адміністрацыя ня толькі ведала, што адбываецца, але і, імаверна, санкцыянавала катаваньні.

Паводле зьвестак журналістаў, з чэрвеня 2022 па красавік 2025 году праз мардоўскую калёнію № 10 прайшлі як мінімум 177 украінскіх ваеннапалонных.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.


Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG