Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіроўная ў Літве партыя прайграла парлямэнцкія выбары


Лідэрка сацыял-дэмакратычнай партыі Вілія Блінкявічуце ў штабе пасьля заканчэньня галасаваньня, 27 кастрычніка 2024
Лідэрка сацыял-дэмакратычнай партыі Вілія Блінкявічуце ў штабе пасьля заканчэньня галасаваньня, 27 кастрычніка 2024

Літоўская сацыял-дэмакратычная партыя (ЛСДП) перамагла на выбарах у Сейм 27 кастрычніка, значна апярэдзіўшы сваіх найбліжэйшых супернікаў, і ў яе будзе самая шматлікая фракцыя ў літоўскім парлямэнце, паведамляе LRT.

У першым туры два тыдні таму сацыял-дэмакраты атрымалі 20 месцаў у Сейме, а ў другім туры 27 кастрычніка кандыдаты партыі наперадзе або перамаглі ў 30 аднамандатных акругах.

«Вынікі выбараў паказалі, што жыхары Літвы, незалежна ад таго, дзе яны жывуць: у гарадах, маленькіх мястэчках ці вёсках, — хочуць перамен, ім патрэбная зусім іншая ўлада», — заявіла старшыня сацыял-дэмакратычная партыі Вілія Блінкявічуце і падзякавала жыхарам Літвы, якія прагаласавалі за сацыял-дэмакратаў.

Раней ЛСДП аб’явіла пра намер сфармаваць кіроўную большасьць разам зь левацэнтрысцкім Зьвязам дэмакратаў «У імя Літвы» і Партыяй сялян і зялёных.

Папярэднія вынікі выбараў паказваюць, што ў такой кааліцыі будзе 70 з 141 голасу ў Сейме.

Кіроўная партыя кансэрватараў «Зьвяз Айчыны — Літоўскія хрысьціянскія дэмакраты» заняла другое месца на выбарах, папярэдне ў яе будзе фракцыя з 27 парлямэнтароў. Лідэр партыі Габрыелюс Ландсбергіс павіншаваў сацыял-дэмакратаў зь перамогай.

«Я думаю, будзе справядліва павіншаваць сацыял-дэмакратаў. Гэта быў моцны выступ, я жадаю ім адказнага ўраду, адказнага стаўленьня», — сказаў Ландсбергіс журналістам у штаб-кватэры партыі ўвечары 27 кастрычніка.

Лідэрка Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі Вілія Блінкявічуце, адзначаючы перамогу на парлямэнцкіх выбарах, паведаміла, што плянуе сустрэцца з кіраўніком дэмакратычнай партыі «Ў імя Літвы» Саўлюсам Сквярнялісам для абмеркаваньня фармаваньня кіроўнай кааліцыі.

Калі сацыял-дэмакратам, якія перамаглі на выбарах, удасца сфармаваць урад, дык ён, як чакаецца, захавае жорсткую пазыцыю Літвы ў адносінах да Расеі і высокі ўзровень абаронных выдаткаў.

41,31% выбарнікаў прагаласавалі ў другім туры выбараў у Сойм, сьведчаць зьвесткі Цэнтральнай выбарчай камісіі Літвы, атрыманыя ўвечары 27 кастрычніка пасьля закрыцьця выбарчых участкаў. 30,52% выбарнікаў прагаласавалі ў дзень выбараў, яшчэ 10,8% — датэрмінова. Гэтая яўка вышэйшая, чым у другім туры парлямэнцкіх выбараў 2020 году, але ніжэйшая за яўку ў першым туры галасаваньня сёлета.

Галасаваньне на выбарчых участках пачалося а 7-й раніцы і скончылася а 8-й вечара паводле мясцовага часу. 27 кастрычніка абіралі 63 чальцоў літоўскага Сейма, у першым туры было выбрана 78 са 141 чальцоў Сейма.

  • Сейм Літвы — аднапалатны парлямэнт у складзе 141 дэпутата, іх абіраюць на чатырохгадовы тэрмін паралельным галасаваньнем.
  • 71 дэпутата абіраюць у аднамандатных акругах, а 70 астатніх парлямэнтароў — паводле прапарцыйнай сыстэмы.
  • Выбары ў мажарытарных акругах праходзяць у два туры.
  • Галасаваць на выбарах могуць усе грамадзяне Літвы, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG