Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рахункі заблякавалі, выплаты кліентам і выкладчыкам немагчымыя». У Streamline пацьвердзілі, што спыняюць працу


23 кастрычніка Streamline, адна з найбуйнейшых моўных школ у Беларусі, пацьвердзіла, што спыняе сваю дзейнасьць. Яе заснавальнік і дырэктар Эдуард Цалюк апублікаваў на сайце школы заяву, у якой сьцьвердзіў, што рахункі навучальнага цэнтру заблякавалі з трэцяга кастрычніка.

У заяве дырэктар Эдуард Цалюк кажа пра «няпростыя прававыя абставіны», якія склаліся ў адносінах да навучальнага цэнтру «Адукацыйныя тэхналёгіі» (Streamline Language School).

Паводле яго, 22 кастрычніка ўпраўленьне юстыцыі Менгарвыканкаму паведаміла супрацоўнікам навучальнага цэнтру пра пачатак яго ліквідацыі. Пры гэтым, паводле дырэктара Streamline, ім не агучылі «прававых асноваў, якія паслужылі падставай для ліквідацыі».

«Афіцыйным шляхам само рашэньне аб ліквідацыі Навучальны цэнтар не атрымаў, працэдура і парадак ліквідацыі да нас не даведзеныя», — адзначыў Эдуард Цалюк.

Паводле яго, 23 кастрычніка навучальны цэнтар накіраваў у Менгарвыканкам ліст з просьбай прадставіць рашэньне аб ліквідацыі і паведаміць аб парадку яе правядзеньня.

«Нягледзячы на шматлікія афіцыйныя звароты ў адпаведныя інстанцыі, нашыя разьліковыя рахункі працягваюць заставацца заблякаванымі з 3 кастрычніка 2024 году, што робіць немагчымымі любыя разьлікі, у тым ліку выплаты па заробках, вяртаньне грошай за неаказаныя паслугі і іншыя выплаты супрацоўнікам і кліентам», — паведаміў дырэктар Streamline.

Паводле Эдуарда Цалюка, увесь гэты час выкладчыкі і супрацоўнікі Streamline працягвалі працаваць бяз выплаты заробкаў. Ён таксама адзначыў, што ўсе звароты навучальнага цэнтру аб разблякаваньні рахункаў «дагэтуль застаюцца без адказу».

Улічваючы цяперашнюю сытуацыю, школа Streamline бліжэйшым часам вымушаная спыніць працу, паведаміў дырэктар Streamline.

«Цяпер Навучальны цэнтар ня мае аб’ектыўнай магчымасьці вярнуць грашовыя сродкі навучэнцам за неаказаныя паслугі. Паведамляем, што вы маеце права зьвяртацца па тлумачэньні па абароне сваіх законных правоў у Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Менгарвыканкаму, а таксама ў іншыя ўпаўнаважаныя дзяржаўныя органы і ў суд», — напісаў ён.

  • На пачатку кастрычніка ў школу Streamline прыйшлі з вобшукам прадстаўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю. Пасьля гэтага ў школе адключылі ўнутраныя сэрвэры, плятформу для кіраваньня бізнэсам з усімі інструмэнтамі і рэсурсамі, а таксама заблякавалі рахункі.
  • 22 кастрычніка стала вядома, што навучальны цэнтар «Адукацыйныя тэхналёгіі» (Streamline Language School) падаў дакумэнты, неабходныя для сваёй юрыдычнай ліквідацыі.
  • Моўная школа Streamline працавала на рынку Беларусі больш за 15 гадоў. Да другіх Эўрапейскіх гульняў, якія праводзіліся ў Беларусі ў 2019 годзе, школа падрыхтавала якасны адмысловы прадукт для навучаньня валянтэраў. Дагэтуль у школе працавалі больш за 300 выкладчыкаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG