Расейскія войскі ў ноч на нядзелю абстралялі Крывы Рог балістычнымі ракетамі. Пацярпелі 17 чалавек, восем з іх шпіталізаваныя, астатнім мэдычную дапамогу аказалі на месцы, паведаміў старшыня Рады абароны Крывога Рога Аляксандр Вілкул. У горадзе пашкоджаны 15 жылых дамоў, а таксама некалькі навучальных устаноў і адміністрацыйных будынкаў.
Адзін з раёнаў Харкава быў атакаваны гібрыдным боепрыпасам «Гром-Е», піша «РБК-Украіна» са спасылкай на Харкаўскую абласную пракуратуру. «Гром-Е» — гібрыд ракеты і авіяцыйнай бомбы, створаны на базе савецкай ракеты Х-38 і здольны біць на 120 кіламетраў. Патрапленьне ў Харкаве было на адкрытай мясцовасьці, пацярпелых няма, пашкоджаны некалькі прыватных жылых дамоў і аўтамабіляў.
У паветранай прасторы Кіева і ў навакольлях украінскай сталіцы за ноч былі зьбіты каля 10 ударных беспілотнікаў тыпу «Шахед». На працягу ночы ў Кіеве тройчы аб’яўлялася паветраная трывога, яна доўжылася агулам каля трох гадзін, заявіў начальнік Кіеўскай гарадзкой ваеннай адміністрацыі Сяргей Папко.
- Расея абстрэльвае і атакуе бесьпілётнікамі Ўкраіну штодня. Міністэрства абароны Расеі сцвярджае, што наносіць удары выключна па вайсковых аб’ектах. Разбурэнні цывільнай інфраструктуры і гібель мірных жыхароў Масква не камэнтуе.
Форум