Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін прапанаваў Дзярждуме ратыфікаваць дамову аб ваеннай дапамозе паміж Расеяй і КНДР. Зяленскі: КНДР фактычна ўключылася ў вайну


Уладзімір Пуцін І Кім Чэн Ын падчас падпісаньня дамовы. Пхэньян, 19 чэрвеня 2024 году
Уладзімір Пуцін І Кім Чэн Ын падчас падпісаньня дамовы. Пхэньян, 19 чэрвеня 2024 году

14 кастрычніка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін унёс у Дзярждуму РФ законапраект аб ратыфікацыі дамовы «аб усеабдымным стратэгічным партнэрстве» паміж Расеяй і КНДР.

Пуцін і Кім Чэн Ын заключылі яе ў чэрвені, падчас першага за 24 гады візыту прэзыдэнта Расеі ў Паўночную Карэю. Дамов складаецца з 23 артыкулаў і замяняе сабой ранейшыя пагадненьні, уключаючы дамову аб сяброўстве, добрасуседзтве і супрацоўніцтве 2000 году.

У дамове гаворыцца, што калі адзін з бакоў зьведае атаку і апынецца ў стане вайны, другі павінен будзе «неадкладна надаць ваенную і іншую дапамогу ўсімі сродкамі, якія ёсьць у яе распараджэньні». Пуцін пры гэтым сьцьвярджаў, што на вайну ва Ўкраіне палажэньні дамовы, ва ўсякім разе аб наданьні ваеннай дапамогі КНДР Расеі, не распаўсюджваюцца.

Неўзабаве пасьля падпісаньня дамовы дарадца прэзыдэнта Паўднёвай Карэі ў нацыянальнай бясьпецы Чан Хо Чжын заявіў, што ўлады плянуюць перагледзець пытаньне аб пастаўках зброі Ўкраіне.

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваім вечаровым відэазвароце 14 кастрычніка заявіў, што Паўночная Карэя фактычна ўключылася ў вайну супраць Украіны на баку Расеі. Таксама Зяленскі адзначыў, што заслухаў даклад кіраўнікоў Службы зьнешняй выведкі і Галоўнага ўпраўленьня выведкі Ўкраіны, і ў ім зьмяшчаліся падобныя ацэнкі дзеяньняў КНДР. Таксама, паводле Зяленскага, абмяркоўваліся «адносіны Расеі зь некаторымі іншымі краінамі, якія, на жаль, інвэстуюць у зацягваньне вайны». Зь якімі менавіта, прэзыдэнт Украіны не ўдакладніў.

Напярэдадні, 13 кастрычніка, Зяленскі ўжо заяўляў, што Паўночная Карэя пастаўляе Расею ня толькі зброю, але, верагодна, і вайскоўцаў.

Першым з падобнымі сьцьвярджэньнямі на мінулым тыдні выступіў міністар абароны Паўднёвай Карэі Ким Ён-хён, заявіўшы, што сярод вайскоўцаў КНДР ва Ўкраіне ўжо ёсьць страты забітымі. Ён абмовіўся, што гэта «вельмі імаверна».

Раней брытанская газэта The Times са спасылкай на неназваныя крыніцы ў выведцы адной з заходніх краін пісала, што КНДР пастаўляе Расеі палову ўсіх снарадаў, якія расейскае войска выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны, — гэта паўтара мільёна снарадаў у год. Аб’ёмы паставак павялічыліся пасьля таго, як Уладзімір Пуцін у чэрвені 2024 году наведаў Пхэньян.

Washington Post са спасылкай на афіцыйных асобаў пісала, што ў Расею і на занятыя ёй тэрыторыі Ўкраіны былі накіраваныя паўночнакарэйскія вайсковыя спэцыялісты з мэтай дапамогі ў выкарыстаньні Расеяй пастаўленых Пхэньянам балістычных ракет. Пра гэта ж пісала The Guardian.

Гучаць і сьцьвярджэньні, што на фронт маглі накіраваць непасрэдна баявыя часткі, але пакуль доказаў удзелу паўночнакарэйскіх салдат у баявых дзеяньнях на тэрыторыі Ўкраіны няма. У Эўразьвязе на мінулым тыдні заявілі, што ня маюць падобных зьвестак. У Пхэньяне і Маскве гэтыя паведамленьні не камэнтавалі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG