Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея абстраляла Запарожжа, Крывы Рог і Адэшчыну, украінцы нанесьлі ўдар па вайсковым аэрадроме ў Адыгеі


Крывы Рог Днепрапятроўскай вобласьці пасьля расейскай атакі ў жніўні 2024 году. Ілюстрацыйнае фота
Крывы Рог Днепрапятроўскай вобласьці пасьля расейскай атакі ў жніўні 2024 году. Ілюстрацыйнае фота

Раніцай 10 кастрычніка расейскія войскі нанесьлі ўдары па Запарожжы, Крывым Рогу, Адэскай, Харкаўскай і Сумскай абласьцях. Ёсьць параненыя.

Украінцы працягваюць атакаваць дронамі вайсковыя аб’екты на тэрыторыі Расеі.

Пад прыцэлам Расеі — прыватны сэктар і портавая інфраструктура

Кіраўнік Запароскай абласной вайсковай адміністрацыі Іван Фёдараў паведаміў, што расейцы пацэлілі ў прыватныя будынка — некалькі зь іх зруйнаваныя, яшчэ дзясяткі — пашкоджаныя.

«Чатыры чалавекі параненыя, мэдыкі надалі ім дапамогу», — дадаў ён.

У Днепрапятроўскай вобласьці расейцы з «Градаў» атакавалі Нікапальскі раён і дронамі — Крывы Рог.

Кіраўнік вобласьці Сяргей Лысак паведаміў, што ў Нікапальскім раёне пашкоджаныя тры прыватныя будынкі, газаправод, лінія электраперадач, а таксама тэрыторыя аграфірмы. Адзін чалавек атрымаў раненьні.

У Крывым Рогу дрон пацэліў у пяціпавярховы будынак, з пашкоджанай часткі выратавалі шэсьць чалавек, 82-гадовая жанчына атрымала раненьні.

Балістычныя ракеты расейцы выкарысталі для абстрэлу Адэскага раёну ў ноч на 10 кастрычніка.

«Вораг пацэліў у цывільны кантэйнэравоз пад сьцягам Панамы. У выніку атакі, загінулі сем чалавек. [...] Колькасьць параненых павялічылася да 11 асоб, 7 зь іх — у цяжкім стане», — паведаміў кіраўнік Адэскай вобласьці Алег Кіпер.

Паводле яго, гэта трэцяя атака расейцаў на цывільны карабель за апошнія чатыры дні. Такім чынам, мяркуе Алег Кіпер, Расея спрабуе сарваць дзейнасьць украінскага збожжавага калідору.

Расейцы не спыняюць абстрэлы памежных тэрыторый у Харкаўскай і Сумскай вобласьцях.

Украінцы пацэлілі ў вайсковы аэрадром у Адыгеі

Кіраўнік Рэспублікі Адыгеі Мурат Кумпілаў раніцай 10 кастрычніка паведаміў аб начной атацы дронамі прыгарада Майкопа.

«Абышлося без ахвяр, без пацярпелых. [...] Ідзе арганізаваная эвакуацыя жыхароў пасёлку Радніковы. Пункт часовага разьмяшчэньня грамадзян разгарнулі ў станіцы Ханскай», — паведаміў кіраўнік расейскага рэгіёну ў сваім Telegram-канале.

Маніторынгавая група праўкраінскага Telegram-каналу «Крымский ветер» паведаміла, што на аэрадроме «Ханская» у Адыгеі ўкраінскія дроны пацэлілі ў склад з палівам, там цяпер пажар. Паводле зьвестак групы, на гэтым аэрадроме дысьлякуецца навучальая авіяцыйная база Краснадарскага вышэйшага вайсковага авіяцыйнага вучылішча.

Увечары 9 кастрычніка ў Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі аб зьнішчэньні базы захоўваньня ўдарных дронаў тыпу Shahed недалёка ад населенага пункту Акцябарскі ў Краснадарскім краі.

Паводле ўкраінскіх вайскоўцаў, на базе захоўваліся прыблізна 400 ударных дронаў. Пасьля атакі на тэрыторыі базы пачалася другасная дэтанацыя.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG