Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі заявіў, што сытуацыя на полі бою «стварае магчымасьць» скончыць вайну ў 2025 годзе


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і прэм'ер-міністар Харватыі Андрэй Пленкавіч, Дуброўнік, 9 кастрычніка 2024 году
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і прэм'ер-міністар Харватыі Андрэй Пленкавіч, Дуброўнік, 9 кастрычніка 2024 году

Украіна спрабуе завяршыць вайну справядлівым шляхам, заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на трэцім саміце «Украіна — Паўднёва-Ўсходняя Эўропа» ў Харватыі 9 кастрычніка.

«У кастрычніку, лістападзе і сьнежні ў нас ёсьць шанец рушыць наперад да міру і трывалай стабільнасьці. Сытуацыя на полі бою стварае магчымасьць зрабіць гэты выбар — выбар рашучых дзеяньняў па спыненьні вайны не пазьней за 2025 год», — заявіў Зяленскі, яго цытуе Reuters.

Цяпер расейскія войскі займаюць крыху менш за 20% тэрыторыі Ўкраіны на ўсходзе і поўдні краіны і паступова прасоўваюцца наперад пасьля патавай сытуацыі, якая зацягнулася, пакуль Кіеў спрабуе заручыцца падтрымкай Захаду ў надзеі пераламаць ход вайны, піша «Голас Амэрыкі». Кіеў актыўна лабіруе заходнія дзяржавы, імкнучыся атрымаць дазвол наносіць з дапамогай заходняй зброі ўдары па ваенных аб'ектах у глыбіні расейскай тэрыторыі

Таксама падчас сустрэчы Зяленскі распавёў, што зь ліпеня ва Ўкраіне працуюць над «формулай міру».

«У лістападзе яна будзе гатовая з усімі ўмовамі, у якіх прапісана справядлівае заканчэньне вайны. Гэта будзе зроблена на другім саміце міру», — сказаў ён.

Прэзыдэнт Украіны прызнаў, што стаіць пытаньне, як прымусіць Расею ўдзельнічаць у саміце і рэалізаваць «формулу міру», бо цяпер Расея «пазьбягае сумленнай і адкрытай дыпляматыі».

Ва Ўкраіне, паводле Зяленскага, распрацавалі плян дзеяньняў, здольны «выправіць бягучую сытуацыю з будучым самітам міру».

«Першы пункт пляна засяроджаны на тым, ці будзе вырашаная праблема адсутнасьці геапалітычнай пэўнасьці ў Эўропе. Ці ёсьць ва Ўкраіны месца ў NATO? Калі так, і гэта будзе належным чынам пацьверджана, дык Пуцін прайграе ў геапалітычным пляне», — заявіў Зяленскі.

У Харватыі Зяленскі паведаміў, што правядзе перамовы з лідэрамі Вялікай Брытаніі, Францыі, Італіі і Нямеччыны у бліжэйшы час.

«На працягу дня я пачну перамовы з ключавымі партнэрамі, ад якіх залежыць ваенны складнік нашага ўмацаваньня», — цытуе кіраўніка Ўкраіны яго прэсавая служба.

Па словах Зяленскага, ён правядзе перамовы з кожным з чатырох лідэраў, а затым прадставіць «плян перамогі» усім партнэрам падчас сустрэчы ў фармаце Rammstein.

Сустрэча лідэраў краінаў групы падтрымкі Ўкраіны Rammstein павінная была адбыцца 12 кастрычніка. Аднак прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн і дзяржсакратар Энтані Блінкен адмянілі свае паездкі ў Нямеччыну з-за ўрагану «Мілтан».

«Любы кіраўнік у падобных умовах застаўся б у сваёй краіне. Але асабліва важны лідэрскі фармат Rammstein, таму мы разумеем, што ў бліжэйшы час можа быць падрыхтаваны новы расклад», — сказаў Зяленскі.

  • Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе Вашынгтон сабраў групу прыблізна з 50 краін, міністры абароны якіх рэгулярна сустракаюцца на амэрыканскай авіябазе ў Рамштайне на паўднёвым захадзе Нямеччыны, каб абмяркоўваць запыты Кіева на ўзбраеньне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG