Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Cкрадзенае дзяцінства». Рэжым Лукашэнкі сьцірае ідэнтычнасьць украінскіх дзяцей праз перавыхаваньне і мілітарызацыю, — даклад


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Дзеці з гораду Антрацыт Луганскай вобласьці ў Магілёўскім цэнтры бясьпекі, студзень 2024 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Дзеці з гораду Антрацыт Луганскай вобласьці ў Магілёўскім цэнтры бясьпекі, студзень 2024 году

Дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны, якіх прывозяць у Беларусь нібыта на адпачынак, перавыхоўваюць і мілітарызуюць у інтарэсах расейскай дзяржаўнай палітыкі па выкараненьні ўкраінскай нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасьці, гаворыцца ў новай справаздачы праваабаронцаў «Скрадзенае дзяцінства».

Справаздачу супольна падрыхтавалі арганізацыя Freedom House, праваабарочны цэнтар ZMINA, Рэгіянальны цэнтар па правах чалавека і праваабарончы цэнтар «Вясна». Зьвесткі пра дзяцей, якіх перамясьцілі ў Беларусь, прадставіў BELPOL.

У дакумэнце адзначаецца, што з пачатку поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году расейскія ўлады ўзмацнілі палітыку перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны, якую пачалі яшчэ ў 2014 годзе пасьля незаконнай акупацыі Крыму, і падрабязна апісваецца роля рэжыму Лукашэнкі ў гэтым, якая, паводле аўтараў дакладу, «дасюль не атрымала належнай увагі».

Аўтары дакладу робяць высновы, што Аляксандар Лукашэнка асабіста заклаў аснову для перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі сваім указам 2021 году аб «арганізацыі адпачынку і аздараўленьня дзяцей Данбасу», які стварыў прэцэдэнт для актыўнага ўдзелу беларускага рэжыму ў перавыхаваньні і мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей.

Дасьледчыкі гэтай справаздачы выявілі 2219 дзяцей, перамешчаных у Беларусь з 2021 году. Паколькі адказныя за перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей актыўна спрабуюць схаваць іх месцазнаходжаньне і асобы, пакуль невядома, колькі дзяцей у выніку вярнуліся на акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны.

Як адзначаецца ў справаздачы, беларускі рэжым актыўна рэалізуе расейскую дзяржаўную палітыку зьнішчэньня ўкраінскай ідэнтычнасьці. Украінскіх дзяцей залічваюць у беларускія навучальныя ўстановы, дзе мовай навучаньня зьяўляецца расейская, а вучэбная праграма прапагандуе «рускі сьвет» і іншыя расейскія прапагандысцкія наратывы, якія ўключаюць нянавісьць да іншых нацыянальнасьцяў, у тым ліку ўкраінцаў.

Рэжым прасоўвае працэс індактрынацыі праз так званыя культурныя праграмы, у якіх палітычныя, рэлігійныя і культурныя дзеячы кажуць украінскім дзецям, што яны насамрэч рускія, называюць іх «маладымі расейцамі» ці «дзецьмі Данбасу», але ніколі не «ўкраінскімі дзецьмі», адзначаецца ў дакладзе.

Таксама рэжым Лукашэнкі ўдзельнічае ў расейскай мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей, робяць выснову аўтары дакладу. У Беларусі іх прымушаюць наведваць вайсковыя часткі і ўстановы сілавікоў. «Украінскім дзецям у беларускіх установах рэгулярна паказваюць кантэнт, які прапагандуе службу ва Ўзброеных сілах Расеі і праслаўляе ролю Савецкага Саюза ў Другой сусьветнай вайне, праводзячы паралелі паміж гэтым і вайной Расеі супраць Украіны», — гаворыцца ў справаздачы.

Пры гэтым беларускі і расейскі рэжымы эксплуатуюць украінскіх дзяцей у прапагандысцкіх мэтах, прымушаючы іх зьяўляцца на фота- і відэаматэрыялах, якія публікуюць дзяржаўныя СМІ абедзьвюх краін з мэтай апраўданьня і легітымацыі іх перамяшчэньня, індактрынацыі і мілітарызацыі.

Вырашальную ролю ў фінансаваньні і арганізацыі перамяшчэньня, перавыхаваньня і мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей адыгрывае «саюзная дзяржава», адзначаецца ў справаздачы. Дзяржсакратар «саюзнай дзяржавы» Дзьмітрый Мезенцаў і старшыня яе Савету міністраў Міхаіл Мішусьцін неаднойчы згадвалі пра «гуманітарную дапамогу» дзецям з Данбасу, якая насамрэч скіраваная на перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны. У 2022 і 2023 гадах «саюзная дзяржава выдзеліла на гэтыя мэты больш за 300 тысяч даляраў ЗША.

Арганізаваныя ўрадам Беларусі няўрадавыя арганізацыі таксама адыгрываюць істотную ролю ў рэалізацыі беларускім рэжымам расейскай палітыкі. Найбольш заўважнай зь іх зьяўляецца Фонд Аляксея Талая, гаворыцца ў справаздачы.

Справаздача зьяўляецца адной зь першых, у якой прасочваюцца маршруты перамешчаных украінскіх дзяцей і падрабязна апісваецца, што адбывалася зь імі падчас перамяшчэньня.

Аўтары справаздачы заклікаюць замежныя ўрады, урад Украіны, Міжнародную кааліцыю па вяртаньні ўкраінскіх дзяцей, міжнародных донараў і грамадзянскую супольнасьць заклікаць Міжнародны крымінальны суд пачаць расьсьледаванне перамяшчэньня, ідэалягічнай апрацоўкі і мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей беларускімі ўладамі і выдаць ордэры на арышт Аляксандра Лукашэнкі, дзяржсакратара «саюзнай дзяржавы» Дзьмітрыя Мезенцава і старшыні яе савета міністраў Міхаіла Мішусьціна, а таксама беларускага паралімпійца Аляксея Талая.

Аўтары дакладу заклікаюць сумесна працаваць над стварэньнем адзінага міжнароднага мэханізму па садзейнічаньні вяртаньню ўкраінскіх дзяцей ва Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі.

Акрамя таго, яны прапануюць выступаць за ўвядзеньне санкцыяў у дачыненьні да службовых асобаў Беларусі і «саюзнай дзяржавы», якія маюць дачыненьне да злачынстваў супраць украінскіх дзяцей.

Даклад цалкам можна пачытаць па спасылцы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG