Арганізацыя цюрскіх дзяржаваў дамовілася аб прыняцьці агульнага лацінскага альфабэту. Аднак гэтая тэма застаецца адчувальнай для Кіргізстану, адзінай дзяржавы-ўдзельніцы, якая пакуль не пераходзіць на новы альфабэт, піша Кіргіская служба Радыё Свабода.
Пяць краін Арганізацыі цюрскіх дзяржаваў пераадолелі шматгадовыя рознагалосьсі наконт літараў і дыякрытычных знакаў і дамовіліся пра агульны лацінскі альфабэт для сваіх моваў, які складаецца з 34 літараў.
Для Азэрбайджану, Турэччыны і Ўзбэкістану, якія ўжо выкарыстоўваюць лацінку, а таксама для Казахстану, які акурат у працэсе пераходу з кірыліцы, прыняцьце стандартнага альфабэту можа аказацца адносна простым.
Для Кіргізстану, адзінай дзяржавы ў арганізацыі, якая яшчэ не прыняла рашэньня аб пераходзе на лацінку, агульны альфабэт застаецца спрэчным пытаньнем адаўніх дэбатаў навукоўцаў, палітыкаў і грамадзкасьці.
Сыртбай Мусаеў, вядомы лінгвіст, які выступаў ад Кіргізстану на сустрэчы Арганізацыі цюрскіх дзяржаваў у пытаньні адзінага альфабэту ў Баку 9–11 верасьня, паведаміў, што праект кіргіскага лацінкавага альфабэту гатовы і чакае «палітычнага рашэньня» прэзыдэнта й парлямэнту.
«Дазвол [перайсьці на лацінку] павінен ісьці ад прэзыдэнта дзяржавы», — сказаў Мусаеў у інтэрвію кіргіскай рэдакцыі Радыё Свабода. Паводле яго, навукоўцы могуць толькі ўнесьці прапанову, а прымуць яе ці не — вырашае прэзыдэнт.
Аднак прэзыдэнт Кіргізстану Садыр Джапараў лічыць, што краіне яшчэ рана адмаўляцца ад кірыліцы, якую навязала былым савецкім рэспублікам Масква. «Гаварыць пра пераход кіргіскай мовы на лацінку заўчасна. Цяпер гэтае пытаньне не стаіць, разьвіцьцё дзяржаўнай мовы павінна працягнуцца на кірыліцы», — сказаў Джапараў падчас леташняй сустрэчы з старшынём Нацыянальнай камісіі дзяржаўнай мовы й моўнай палітыкі Каныбекам Асманаліевым.
Асманаліеў паведаміў парлямэнту краіны, што калі «дэпутаты і прэзыдэнт прымуць палітычнае рашэньне [замяніць кірыліцу], дык грамадзкасьць і навукоўцы Кіргізстану гатовыя да пераходу на лацінскі альфабэт».
Лінгвіст Мусаеў прапанаваў вэрсію лацінскага альфабэту для кіргіскай мовы з 28 літараў, якая, паводле яго, цалкам захоўвае фанэмную структуру мовы.
У яе аснове ляжыць альфабэт, адаптаваны кіргіскім лінгвістам і палітыкам Касымам Тыныстанавым і ўжываны ў Кіргізстане з 1927 па 1940 год. Паводле Мусаева, карэкцыю лацінскага варыянту кіргізскага альфабэту ў адпаведнасьці з адзіным альфабэтам будуць дапрацоўваць — і, магчыма, абмяркоўваць у парлямэнце — толькі пасьля таго, як краіна пяройдзе з кірыліцы на лацінку.
Усякае рашэньне Бішкека адмовіцца ад кірыліцы можа не спадабацца ягонаму блізкаму хаўрусьніку Маскве, якая расцэніць яго як спробу выйсьці з зоны расейскага ўплыву. Расейскія палітыкі ня раз заклікалі Бішкек не падрываць ролю расейскай мовы, якая мае статус афіцыйнай у Кіргізстане.
Адзіны альфабэт
Дэбаты наконт агульнага альфабэту пачаліся практычна адразу пасьля распаду Савецкага Саюзу, у пачатку 1990-х гадоў, калі Турэччына імкнулася да ўмацаваньня сувязяў з сваімі цюрскімі пабрацімамі — Азэрбайджанам, Казахстанам, Кіргізстанам, Туркмэністанам і Ўзбэкістанам.
Навукоўцы, якія падрыхтавалі канчатковую вэрсію адзінага алфавіту, які складаецца з 34 літараў, сьцьвярджаюць, што ён адлюстроўвае асаблівасьці цюрскіх моваў гэтых краін.
«Кожная літара прапанаванага альфабэту рэпрэзэнтуе розныя фанэмы, якія сустракаюцца ў цюрскіх мовах», — гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сустрэчы ў Баку.
У кожная краіне зьмянілі некаторыя літары лацінскага альфабэту, каб адлюстраваць фанэтычныя асаблівасьці сваёй мовы.
Турэччына перайшла на лацінскі альфабэт у 1928 годзе, адмовіўшыся ад арабскага пісьменства. Іншыя цюрскія народы кароткі час выкарыстоўвалі лацінку ў першыя гады існаваньня Савецкага Саюзу пасля пераходу з арабіцы, аднак Масква прымусіла адпаведныя рэспублікі замяніць лацінку на кірыліцу.
Азэрбайджану спатрэбілася каля 10 гадоў, каб цалкам вярнуцца да лацінскага альфабэту — гэты працэс пачаўся ў краіне яшчэ ў сьнежні 1991 году. Цяперашні лацінскі альфабэт, які выкарыстоўваецца ў гэтай краіне Паўднёвага Каўказу, складаецца з 32 літараў.
Туркмэністан, які не ўваходзіць у Арганізацыю цюрскіх дзяржаваў, але мае там статут назіральніка, ізноў увёў лацінскі альфабэт у 1993 годзе. У найноўшай вэрсіі туркмэнскага альфабэту на лацінскай аснове выкарыстоўваецца 30 літараў, пры гэтым у яго ня раз уносілі зьмены.
Узбэкістан пачаў паступовы пераход на лацінку ў 1993 годзе, адначасова выкарыстоўваючы кірыліцу. Канчатковы варыянт лацінскага альфабэту для ўзбэцкай мовы, у якім 29 літараў і апостраф для абазначэньня асаблівых гукаў або інтанацыяў, быў прэзэнтаваны ў 2019 годзе.
Казахстан плянуе завяршыць пераход на лацінку да 2025 году. Пасьля доўгіх абмеркаваньняў тагачасны прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў у 2017 годзе падпісаў указ аб паэтапнай замене кірылічнага альфабэту на лацінскі. Альфабэт уключае 32 літары, некаторыя гукі абазначаюцца з дапамогай апострафа.
Таджыкістан, адзіная няцюрская краіна ў Цэнтральнай Азіі, працягвае выкарыстоўваць кірыліцу. Заклікі некаторых навукоўцаў замяніць кірыліцу арабскімі літарамі не знайшлі падтрымкі. У склад Арганізацыі цюрскіх дзяржаваў уваходзяць Кіргізстан, Казахстан, Узбэкістан, Турэччына і Азэрбайджан. Туркмэністан, Вугоршчына і непрызнаная дзяржава Паўночны Кіпр маюць статут назіральніка.
Форум