Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Украіны ў Беларусь пасьля начнога расейскага абстрэлу заляцеў яшчэ адзін дрон

абноўлена

Паветраная трывога ў Кіеве працягвалася амаль шэсьць гадзін. Ілюстрацыйнае фота
Паветраная трывога ў Кіеве працягвалася амаль шэсьць гадзін. Ілюстрацыйнае фота

У Расеі заявілі, што Ўкраіна атакавала расейскія рэгіёны 113 бесьпілётнікамі.

У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі аб рэкорднай за апошнія некалькі дзён расейскай атацы ўдарнымі бесьпілётнікамі па мірных украінскіх гарадах.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, у ноч на 3 кастрычніка Расея запусьціла са сваёй тэрыторыі і з акупаванага Крыму 105 ударных дронаў.

«У выніку супрацьпаветранага бою зьбілі 78 ударных варожных БпЛА тыпу Shahed у Кіеўскай, Чаркаскай, Віньніцкай, Хмяльніцкай, Кіраваградзкай, Жытомірскай, Палтаўскай, Чарнігаўскай, Херсонскай, Адэскай, Харкаўскай, Сумскай, Днепрапятроўскай, Ровенскай і Івана-Франкоўскай. Адзін бесьпілётнік паляцеў у кірунку Беларусі, 23 варожыя БпЛА лякацыйна згубіліся ў розных рэгіёнах Украіны, імаверна ў выніку актыўнага супрацьдзеяньня РЭБ», — паведамілі ў апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны.

У Харкаве ў выніку начного расейскага абстрэлу пацярпелі 12 чалавек, у тым ліку трохгадовая дзяўчынка.

Мясцовыя ўлады іншых рэгіёнаў Украіны, над якімі зьбівалі бесьпілётнікі, не паведамляюць пра ахвяры і пацярпелых. Амаль на ўсіх тэрыторыях у выніку падзеньня аскепкаў дронаў пачыналіся пажары, якія лякалізавалі выратавальнікі.

З жніўня расейскія бесьпілётнікі ўсё часьцей перамяшчаюцца з тэрыторыі Ўкраіны ў Беларусь.

У Расеі таксама заявілі пра больш як 100 украінскіх дронаў

У Міністэрстве абароны Расеі паведамілі, што Ўкраіна атакавала чатыры расейскія рэгіёны 113 бесьпілётнікамі.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, расейскія СПА «перахапілі і зьнішчылі» 113 украінскіх бесьпілётных лятальных апаратаў: 73 над Белгарадзкай вобласьцю, 25 — над Варонескай, 14 — над Курскай і адзін — над Бранскай.

Паводле губэрнатара Белгарадзкай вобласьці, у выніку атакі пацярпеў адзін жыхар гораду Стары Аскол, павыляталі шыбы ў трох прыватных дамах, пашкоджаны аўтамабіль.

У Варонескай вобласьці таксама ёсьць пашкоджаньні ў прыватным сэктары, але абышлося без пацярпелых.

Улады Курскай і Бранскай вобласьці не паведамляюць аб маштабах пашкоджаньняў і аб ахвярах.

Ва ўмовах вайны немагчыма спраўдзіць інфармацыю, якую агучваюць абодва бакі канфлікту.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG