Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былых сілавікоў і вайскоўцаў пазбавяць пэнсіі пры пераезьдзе ў «недружалюбныя краіны»


Валер Гайдукевіч, намесьнік старшыні сталай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Савету Рэспублікі
Валер Гайдукевіч, намесьнік старшыні сталай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Савету Рэспублікі

25 верасьня Савет Рэспублікі ўхваліў праект закону аб пэнсійным забесьпячэньні былых сілавікоў. Ён, сярод іншага, прадугледжвае пазбаўленьне пэнсіяў «вэтэранаў сілавых структур» у выпадку іх пераезду ў «недружалюбныя краіны».

Закон прадугледжвае вызначэньне адзіных умоваў і парадку пэнсійнага забесьпячэньня вайскоўцаў, асобаў начальніцкага і шараговага складу ўсіх сілавых ведамстваў Беларусі, а таксама іх сямейнікаў у выпадках афармленьня імі выезду для сталага пражываньня за межы Беларусі або прыбыцьця для сталага пражываньня ў Беларусь, піша БелТА.

Паводле намесьніка старшыні сталай камісіі Савету Рэспублікі ў міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Валера Гайдукевіча, папраўкі прадугледжваюць пэўныя льготы для былых сілавікоў і чальцоў іх сем'яў, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі, а тыя зь іх, хто зьяжджае ў «недружалюбныя краіны», будуць пазбаўленыя гэтых ільготаў.

«Недружалюбнымі» беларускія ўлады лічаць краіны Эўразьвязу, ЗША, Альбанію, Вялікую Брытанію, Ісьляндыю, Канаду, Ліхтэнштэйн, Нарвэгію, Паўночную Македонію, Сэрбію, Чарнагорыю і Швайцарыю.

«Гэта тычыцца тых людзей, якія зараз прымаюць рашэньне пакінуць Беларусь. Яны мусяць разумець, што пэнсіяй яны забясьпечвацца ня будуць», — патлумачыў намесьнік Гайдукевіч.

Паводле яго, законапраект прынялі «ў адказ на дзеяньні, прынятыя недружалюбнымі да нас краінамі ў частцы пэнсійнага забесьпячэньня вэтэранаў сілавых структураў».

Праектам закону прадугледжваецца:

  • працяг выплаты пэнсіяў вайсковым пэнсіянэрам дзяржаў — удзельніц міжнародных дамоваў, а таксама чальцам іх сем'яў, пэнсіі якім у Беларусі прызначылі ў пэрыяд дзеяньня гэтых дамоваў;
  • працяг выплаты пэнсіяў вайсковым пэнсіянэрам, раней звольненым з вайсковай службы ў СССР ці Беларусі, і членам іх сем'яў пры іх выезьдзе для сталага пражываньня за межы Беларусі ў дзяржавы — удзельніцы міжнародных дамоваў;
  • наданьне права на прызначэньне пэнсіі вайсковым пэнсіянэрам, раней звольненым з вайсковай службы у СССР ці Беларусі, якія прыбылі для сталага пражываньня ў Беларусь зь дзяржаў — удзельніц міжнародных дамоваў, і іх сямейнікам пры ўмове спыненьня ім выплаты аналягічных відаў пэнсіі па ранейшым месцы жыхарства.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG