«Выганяць з краіны ўсіх, хто крытыкуе Пуціна»
Выканаўчы дырэктар грузінскага Фонду разьвіцьця мэдыя Мамука Андгуладзэ пракамэнтаваў Свабодзе выпадак з забаронай на ўезд у Грузію беларускаму журналісту Андрэю Мялешку разам з дачкой.
«На жаль, у апошнія некалькі гадоў грузінскі ўрад, а менавіта кіроўная партыя „Грузінская мара“, праводзіць вельмі агрэсіўную палітыку ў дачыненьні да мэдыя, замежных журналістаў», — адзначыў экспэрт.
Ён зазначыў, што кіраўніцтва краіны ня надта тлумачыць прычыны, чаму не ўпускае ў Грузію замежных журналістаў.
«Але іх пасыл досыць ясны: „Вам тут ня радыя“», — мяркуе Андгуладзэ.
Суразмоўца нагадаў, што выпадак Андрэя Мялешкі ўжо ня першы, калі частка сям’і застаецца ў Грузіі, а некаму не дазваляюць уехаць у краіну. Назаўтра пасьля забароны на ўезд Мялешак, 17 верасьня, у Грузію не пусьцілі заснавальніка грузіна-армянскага выданьня Aliq Media Арсэна Харацьяна. Яго больш за 4 гадзіны пратрымалі ў Тбіліскім міжнародным аэрапорце, а пасьля пасадзілі на рэйс, які вылятаў з Грузіі.
Праваабаронца зьвярнуў увагу на тое, што ў Грузію не пускаюць тых, хто вядомы сваімі палітычнымі заявамі, хто крытыкуе Пуціна, ягоны рэжым, Крэмль і партыю «Грузінская мара».
Андгуладзэ мяркуе, што абвастрэньне сытуацыі з выгнанымі журналістамі можа быць зьвязана з парлямэнцкімі выбарамі, якія пройдуць у Грузіі сёлета ў кастрычніку. Але ён дадаў, што падобныя выпадкі здараліся і ў нявыбарчыя гады. Праваабаронца патлумачыў, што грузінскі ўрад не выконвае міжнародныя дэмакратычныя стандарты як на практыцы, так і ў тлумачэньнях таго, што адбываецца.
Суразмоўца падкрэсьліў, што Грузія стагодзьдзямі была вядомая сваёй гасьціннасьцю. У апошнія гады яе лічылі дастаткова бясьпечнай краінай для людзей у выгнаньні, каб там жыць і працаваць. Аднак сытуацыя зьмянілася.
«На жаль, частка палітыкі партыі „Грузінская мара“ — выганяць з краіны ўсіх, хто крытыкуе Пуціна і расейскі рэжым», — зазначыў экспэрт.
На пытаньне, ці варта ўсім актыўным беларусам ужо выяжджаць з Грузіі, Андгуладзэ адказаў, што ягоная дзейнасьць прысьвечаная змаганьню за правы людзей, хаця гэта часам вымагае гераізму. Ён дадаў, што кожны сам вырашае, які выбар рабіць.
Грузінскі праваабаронца мяркуе, што сытуацыя можа зьмяніцца пасьля сёлетніх парлямэнцкіх выбараў у Грузіі, калі народ зробіць выбар на карысьць дэмакратычных каштоўнасьцяў і эўрапейскай будучыні.
Вядомыя выпадкі
Першы гучны выпадак, калі беларусу забаранілі ўезд у Грузію, адбыўся больш за год таму. 25 красавіка 2023 году заснавальнік беларускай дыяспары Аджарыі Яўген Гацак паехаў у Турэччыну на «visa run», каб, паводле заканадаўства, абнуліць сваё знаходжаньне ў краіне. Іншаземцам без дазволу на жыхарства ў Грузіі трэба выяжджаць раз на год, потым можна вярнуцца і жыць яшчэ год.
На зваротным шляху Гацаку адмовілі ва ўезьдзе ў Грузію «зь іншых прычын». На наступны дзень ён паспрабаваў заехаць у Грузію яшчэ раз і запрасіў палітычнага прытулку. Але яго праз 5 хвілін зноў вывелі на турэцкі бок. Нейкі час ён заставаўся ў Турэччыне, а сям’я ў Грузіі. Пазьней Гацакі пераехалі жыць у Польшчу. Яўген дыстанцыйна абскарджвае рашэньне не пусьціць яго ў краіну праз суд. Перад гэтым ён жыў у Грузіі два гады. У Беларусі быў назіральнікам на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году.
28 траўня 2024 году беларуску Тацяну* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) таксама не пусьцілі ў Грузію пасьля «візарану». Пры гэтым дазволілі перайсьці мяжу на грузінскі бок паўналетняму сыну беларускі. Тацяна перад гэтым пражыла ў Грузіі год, працавала рэпэтытарам ангельскай мовы. Сьцьвярджала, што ня брала ўдзелу ў грузінскіх пратэстах, але зрабіла перапост пра іх у сацыяльных сетках.
Пасьля «візарану» Тацяна некалькі гадзін правяла на мяжы і зрабіла тры спробы вярнуцца ў Грузію, але беспасьпяхова. Беларуска нейкі час заставалася жыць у Турэччыне, а потым пераехала ў Польшчу. Яна таксама абскарджвае рашэньне не пусьціць яе ў краіну.
7 жніўня 2024 году Грузія адмовіла ў міжнароднай абароне беларускаму праваабаронцу Раману Кісьляку. Ён падаў скаргу на гэтае рашэньне ў суд. Пакуль ідзе працэс абскарджваньня беларус мае права заставацца ў Грузіі. Працэс можа ўключаць некалькі этапаў і працягнуцца некалькі месяцаў або нават гадоў. Са словаў Кісьляка, калі рашэньне прымуць канчаткова не на ягоную карысьць, яго, хутчэй за ўсё, папросяць добраахвотна выехаць з краіны, у адваротным выпадку — змусяць.
5 верасьня 2024 году стала вядома, што Грузія адмовіла ў міжнароднай абароне сябру Каардынацыйнай рады Марыне Зялёнай (Калінінай) і яе сыну. Беларуская спартоўка прыехала ў Грузію больш за год таму.
Са словаў Кісьляка, за апошнія пяць гадоў беларусы 50 разоў зьвярталіся да грузінскага ўраду па міжнародную абарону, але нікому яе не далі. Аднак сама просьба пра міжнародную абарону можа адцягнуць момант, калі «нязручнага» для краіны беларуса выціснуць з Грузіі. Просьбіт аб абароне ня мае абавязку выяжджаць раз на год на «візаран», які ў апошні час рабіўся падставай, каб не пусьціць іншаземца назад у Грузію.
16 верасьня 2024 году ў Грузію не пусьцілі беларускага журналіста Андрэя Мялешку разам з 11-гадовай дачкой. Андрэй больш за тры гады пражыў у гэтай краіне, куды зьехаў ад палітычнага ціску на радзіме. У верасьні ён паехаў з дачкой у тыднёвае падарожжа па Польшчы і Літве.
Пасьля бацьку з дачкой пратрымалі амаль суткі ў аэрапорце Кутаісі і адправілі зваротным рэйсам у Варшаву. Прычынай забароны на ўезд пазначылі «іншыя прычыны». Перад гэтым памежнікаў зацікавілі польскія візы ў пашпартах беларусаў. Непаўналетняй дзяўчынцы не дазволілі ўбачыцца ў аэрапорце з маці, якая пакуль застаецца ў Грузіі разам з малодшай дачкой. Андрэй плянуе абскарджваць рашэньне грузінскіх памежнікаў.
Паставілі забарону на ўезд і скасавалі
Фонд BySol расказаў гісторыю беларускі, якой спачатку забаранілі ўезд у Грузію, а потым дазволілі. Ірына* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) жыла ў Грузіі некалькі гадоў. Да 2021 году выяжджала і вярталася ў краіну безь перашкодаў. Аднак калі службы бясьпекі Беларусі і Грузіі сталі супрацоўнічаць, час праверкі ейных дакумэнтаў на мяжы стаў больш працяглым.
У 2023 годзе, калі яна вярталася зь Ерэвану ў Тбілісі, беларуску пратрымалі ў аэрапорце пяць гадзін. Потым яе нечакана прапусьцілі ў краіну і патлумачылі, што так доўга трымалі праз «тэхнічны збой».
Падобны выпадак здарыўся пазьней. Ірына ляцела з Варшавы ў Тбілісі. Ёй ужо паставілі забарону на ўезд і трымалі ў аэрапорце, каб пасадзіць на зваротны рэйс на Варшаву. Яна стала зьвяртацца да праваабаронцаў, амбудсмэна і папрасіла палітычнага прытулку ў Грузіі. Урэшце ў яе забралі паперу з забаронай на ўезд, паставілі пячатку ў пашпарце і дазволілі ўехаць у Грузію.
«Спадзяюся, пасьля выбараў гэта зьменіцца»
Дэпутатка парлямэнту Грузіі Хатыя Дэканаідзэ асудзіла дзеяньні ўладаў Грузіі, якія не дапусьцілі ў краіну ўцекача зь Беларусі і журналіста Андрэя Мялешку і ягоную дачку Аляксандру.
«На жаль, гэта яшчэ адна дэманстрацыя, што цяперашні ўрад імкліва набліжаецца да прарасейскай арбіты. Але спадзяюся, што пасьля парлямэнцкіх выбараў гэты кірунак зьменіцца і нам зноў ня будзе сорамна перад усім сьветам», — сказала Хатыя Дэканаідзэ ў камэнтары для Радыё Свабода аб сытуацыі вакол Андрэя Мялешкі.
Хатыя Дэканаідзэ прадстаўляе ў грузінскім парлямэнце ініцыятыву «За вольную Беларусь», якая падтрымлівае барацьбу беларускага народу за правядзеньне ў Беларусі вольных выбараў і аднаўленьне ў краіне дэмакратыі. Ініцыятыва аб’ядноўвае пяцёх дэпутаў, але, паводле Хатыі Дэканаідзэ, мае значна больш аднадумцаў сярод дэпутатаў, якія падзяляюць дэмакратычныя каштоўнасьці і выбар на карысьць сяброўства Грузіі ў Эўразьвязе.
Паводле Хатыі Дэканаідзэ, сябры ініцыятывы сустракаліся ў парлямэнце Грузіі з прадстаўнікамі беларускай дыяспары і грамадзкіх арганізацый, сама Хатыя ўдзельнічала ў міжнародных форумах, прысьвечаных беларускім праблемам, летась сустракалася са Сьвятланай Ціханоўскай.
Форум